Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне зноў абмяркоўваюць беларускую сытуацыю


Ірына Віданава, Вашынгтон 8 чэрвеня ў Вашынгтоне ў Камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя ролі няўрадавых арганізацыяў у разьвіцьці дэмакратыі. Падчас слуханьняў, у якіх узялі ўдзел старшыня камітэту сэнатар Лугар, а таксама сэнатары Байдэн і Марцінэз, вялікая ўвага была нададзена становішчу грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

У сваім ўступным слове сэнатар Лугар адзначыў, што падтрымка дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў ва ўсім сьвеце зьяўляецца адным з прыярытэтаў зьнешняй палітыкі ЗША. У той жа час, урады шэрагу краінаў ствараюць прававыя перашкоды для аказаньня дэмакратычнай дапамогі. Улады Расеі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану аказваюць усё большы ціск на мясцовыя і міжнародныя грамадзкія арганізацыі ў гэтых краінах.

Намесьнік памочніка Дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека і працы Бэры Ловэнкран падкрэсьліў, што ўрад Лукашэнкі шырока выкарыстоўвае падатковыя інспэкцыі і ўводзіць новыя патрабаваньні па рэгістрацыі дзеля таго, каб абмежаваць магчымасьці легальнай працы для грамадзкіх аб''яднаньняў, незалежных мэдыя, палітычных партыяў, рэлігійных суполак і арганізацыяў этнічных меншасьцяў.

Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершмэн засьведчыў, што нават у надзвычайна неспрыяльных ўмовах, калі пераважная большасьць грамадзкіх аб''яднаньняў зьяўляюцца незарэгістраванымі, а незалежныя газэты вымушаны друкавацца за межамі краіны, у Беларусі працягвае існаваць вельмі актыўны дэмакратычны рух. Ён падкрэсьліў, што нягледзячы на ўсе перашкоды, урад ЗША і амэрыканскія няўрадавыя арганізацыі павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі.
XS
SM
MD
LG