Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: “Кангрэс цяпер – гэта пагроза расколу”


Радыё Свабода Сябры Каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі” падсумавалі вынікі выбарчай кампаніі і зацьвердзілі плян стратэгіі на бліжэйшы час. У кааліцыю ўваходзяць чатыры палітычныя апазыцыйныя партыі і чатыры грамадзкія арганізацыі. Паседжаньне прайшло ў Баранавічах, дзе адбывае пакараньне “на хііміі”, лідэр аб’яднаньня Мікола Статкевіч.

Сябры Каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі” дакладана прааналізавалі дзеяньні апазыцыі і сытуацыю ў краіне ў часе выбарчай кампаніі. На 70 старонках друкаванага тэксту выкладзеныя тэзы наконт памылак і станоўчых вынікаў.

(Статкевіч: ) “Мы разумеем, што, калі забываць пра ўласныя памылкі і пра памылкі партнэраў, то гэтыя памылкі могуць паўтарацца. Акрамя таго, мы абмеркавалі стратэгію на будучыню. Мы лічым, што зараз апазыцыя ня можа прыняць агульную стратэгію, таму што беларуская сытуацыя шмат у чым залежыць ад паводзінаў Расеі. Гэтыя паводзіны вызначацца не раней за зіму. Але ўжо зараз трэба шукаць элемэнты новай стратэгіі.”

На паседжаньні вырашылі, каб “Эўрапейская кааліцыя” аднавіла кампанію “Беларусь у адзіную Эўропу”. Мэтай кампаніі ёсьць прапаганда эўрапейскіх каштоўнасьцяў у Беларусі. Сябры кааліцыі пацьвердзілі сваю гатоўнасьць прыняць удзел у руху “За Свабоду” і ў любых іншых кампаніях партнэраў у агульнадэмакратычнай кааліцыі, скіраваных на выпрацоўку дэмакратычных ідэалаў у краіне.

Калі каардынатары Павал Севярынец і Мікола Статкевіч былі на волі, Каардынацыйны камітэт зьбіраўся раз на месяц. Перадапошняе паседжаньне адбылося ў Бранаваічах 14 лютага. На ім быў прыняты зварот да лідэраў апазыцыі і грамадзтва сабрацца ў дзень галасаваньня на Кастрычніцкай плошчы. Цяпер сябры Каардынацыйнага камітэту прапаноўваюць падсумаваць вынікі выбарчай кампаніі ў больш шырокім фармаце. Гаворыць Мікола Статкевіч.

(Статкевіч :) “Мы лічым, што вынікі выбараў павінны быць падсумаваныя ў фармаце ўсіх дзесяці суб’ектаў Палітычнай нарады дэмсілаў. Але мы ня лічым, што дзеля гэтага трэба зьбіраць Кангрэс. Для Кангрэсу мала падвесьці вынікі, трэба яшчэ зацьвердзіць стратэгію, а яе зараз быць ня можа. Кангрэс цяпер – гэта пагроза, рызыка нейкага расколу, канфлікту. Мы прапануем сабраць канфэрэнцыю чалавек на 100. Папросту абмяняцца думкамі ад гэтай кампаніі. Ролю каардынатара мусіць выконваць агульны наш кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч.”

Сябры Каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі” выказалі падтрымку актывістам моладзевых рухаў, якія трымаюць галадоўку і падтрымалі патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі. Апроч таго, яны вылучылі патрабаваньне зарэгістраваць “Малады фронт”, каб актывістаў не перасьледвалі за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У “Эўрапейскую кааліцыю” уваходзяць чытыры палітычныя партыі: пазбаўленая рэгістрацыі сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” на чале з Міколам Статкевічам, жаночая партыя “Надзея”, незарэгістраваная “Партыя свабоды і прагрэсу” і незарэгістраваны “Малады фронт”. Столькі ж грамадзкіх аб’яднаньняў: “Жаночая ліга”, “Эўрапейскі рух”, “Жанчыны ў абарону Айчыны” і “Партнэрства”.
XS
SM
MD
LG