Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч гаворыць, што пачне піць ваду


Радыё Свабода, Гародня Адвакат Надзея Станкевіч наведала ў турме Мікалая Аўтуховіча. Яна паведаміла яму, чым скончылася ў чацьвер судовае паседжаньне, на якім ён адсутнічаў з-за стану здароўя. Мікалая Аўтуховіча расчаравала тое, што разгляд ягонай справы прыпыняецца, і ў судзе будзе пакуль разглядацца толькі тая частка, якая датычыць ягонага калегі дырэктара фірмы “Ніка-транс” Юрыя Лявонава. Судзьдзя прыняў такое рашэньне таму, што сам Аўтуховіч праз працяглую галадоўку ня мог браць удзел у працэсе.

Паводле адваката, падсудны атрымаў лісты, накіраваныя яму з волі, у якіх ягоныя калегі і прыхільнікі просяць яго спыніць галадоўку і захаваць жыцьцё. Ён сказаў адвакату, што згаджаецца выйсьці з сухой галадоўкі, каб удзельнічаць у судовым разборы. Якраз магчымасьць праводзіць сухую галадоўку больш за два тыдні выклікала недавер, паколькі дактары лічаць гэта немагчымым. Надзея Станкевіч гаворыць з гэтай нагоды: гэта выглядае так, што яму ўліваюць вадкасьць, ставячы кропельніцы, а сам ён ня п’е. У чацьвер ён знаходзіўся пад кропельніцай амаль цэлы дзень. Дарэчы, сябры лічаць, што яму ўратавалі жыцьцё, калі ён двойчы страціў прытомнасьць, і яму ставілі кропельніцу ў турэмнай мэдчасьці.

Паводле адваката, Аўтуховіч казаў, што афіцыйна пісьмова паведаміць начальніку турмы аб выхадзе з сухой галадоўкі. Яна зазначае, што лечаць яго як могуць, турма спэцыяльна для яго закупіла дадаткова лекі, і мэдычная дапамога ў яго скаргаў не выклікае. Нагадаем, што ў панядзелак Аўтуховіча агледзеў кансыліюм дактароў абласнога шпіталю, але ён ад шпіталізацыі адмовіўся.

У дачыненні да М.Аўтуховіча распачата крымінальная справа, якая прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Абвінавачаньне грунтуецца на тым, што за два гады і два месяцы прадпрымальнік недаплаціў 679 млн. рублёў падаткаў. Раней на М.Аўтуховіча накладаліся штрафныя санкцыі з фармулёўкай "за парушэньне касавых апэрацый".
XS
SM
MD
LG