Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму саюзу прадпрымальнікаў 15 год


Радыё Свабода Гэта адна з самых першых незалежных бізнэс-асацыяцыяў у краіне. Чаго здолеў дамагчыся Саюз і наколькі ён сёньня ўплывовы?

Беларускі саюз прадпрымальнікаў ня здолеў стаць арганізацыяй, якая б істотна ўплывала на стратэгічна важныя рашэньні, што прымае ўрад у сфэры эканомікі й бізнэсу, канстатуе старшыня Саюзу Аляксандар Патупа. У 2002 годзе, дзякуючы доўгім перамовам і намаганьням, была створаная знакамітая Міжведамасная камісія – адна зь нешматлікіх “пляцовак” для дыялёгу паміж прыдпрымальнікамі ды ўрадам. Але празь яе ўдаецца правесьці толькі рашэньні ў дробных справах, кажа спадар Патупа.

(Патупа: ) “Гэта камісія, куды згодна з пастановай ураду, апрача прадстаўнікоў грамадзкіх структураў і, канечне, вельмі вялікай колькасьці міністраў на чале з Кабяковым, улучаны прадстаўнік адміністрацыі... За два скліканьні ён ніводнага разу не зьявіўся. А паколькі на маю долю ў свой час выпала рабіць агляд вынікаў працы, канечне ж я задавальненьнем падкрэсьліў гэта. Гэта паказвае, што на стратэгічны ўзровень ў прынцыпе выйсьці немагчыма”.

У 2002 годзе Саюз прадпрымальнікаў прапанаваў ураду больш мяккую форму пераводу дробных гандляроў на працу з касавымі апаратамі; дамогся таго, што прадпрымальнікаў не прымусілі набываць тавары за мяжой толькі па безнаяўным разьліку. Дзякуючы намаганьням экспэртаў саюзу ў 2004 годзе ўдалося знайсьці кампраміс у справе прыняцьця дэкрэту пра адзіны падатак.

Больш сур’ёзныя й радыкальныя захады, якія прапануюць бізнэсоўцы, дзяржава звычайна ігнаруе – пра гэта таксама кажа юрыст Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык. Ён апавядае пра тое, як экспэрты прадпрымальніцкіх саюзаў сумесна з чыноўнікамі й дэпутатамі распрацоўвалі праект новага закону ў справе падтрымкі малога й сярэдняга бізнэсу.

(Стрэльчык: ) “Мы спадзяваліся на тое, што закон будзе прыняты, будзе вельмі карысным, прынамсі, ён заменіць закон, які ня дзейнічае сёньня. Усе пазыцыі не без дыскусіяў, канечне ж, былі ўзгодненыя, выпрацаваныя, былі накіраваныя ва ўрад, каб ён далей накіраваў іх у парлямэнт, але ўрад накіраваў той варыянт, які ён ад пачатку прапаноўваў. То бок, ніводная прапанова рабочай групы не была прынятая”.

Са словаў Аляксандра Патупы, вінаватыя ў такім становішчы і самі прадпрымальнікі – шмат хто зь бізнэсоўцаў альбо баіцца ўваходзіць у асацыяцыю, якая дзейнічае не пад пратэкцыяй дзяржавы, альбо чакае, што шмат якія пазытыўныя зьмены адбудуцца бязь іхнага ўдзелу, альбо банальным чынам шкадуюць плаціць членскія ўнёскі. Тым часам ва ўрадзе высьпяваюць новыя ідэі – індывідуальным прадпрымальнікам, напрыклад, могуць забараніць наймаць працаўнікоў.
XS
SM
MD
LG