Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнкі ў нас няма! Да яго не дастукаесься, не дапішасься”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за чацьвер, 8 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: ) “У мяне такое пытаньне да вас. Калі няма судоў, няма пракуратуры, то ці ёсьць у нас прэзыдэнт? Колькі разоў я зьвярталася ў суды, у пракуратуру – яны не працуюць. Дык ці ёсьць у нас прэзыдэнт? Ён павінен адказваць за гэта. Але няма каму адказваць. Як мы жывем, калі няма ў нас справядлівасьці?! Няма куды паскардзіцца, адно толькі, што патэлефануеш на “Свабоду”. Табе адкажуць, з табой пагавораць. Але да Лукашэнкі не зьвяртайся – маўчок. Вось такое пытаньне мы павінны вырашыць: чаму не працуюць суды? Мы галасавалі за Мілінкевіча, паважаем яго, любім яго. Усе за яго”.

(Спадарыня: ) “У нашай краіне няма прэзыдэнта. Кіруюць краінай мясцовыя ўлады, алігархі, памешчыкі, якія ўсё робяць на сваю карысьць. Лукашэнкі ў нас няма! Да яго не дастукаесься, не дапішасься. Ён і не адказвае. Усё гэта робяць мясцовыя памешчыкі, князі, а Лукашэнка займаецца другім. Хачу, каб усе пачулі, што князі мясцовыя камандуюць намі, адабралі ў нас усё, што толькі маглі! Яны жывуць на шырокую нагу, будуюць сабе катэджы за нашы мазалі, езьдзяць у шыкарных машынах, і яны думаюць, што ніхто не паўстане! Вось і ўся моладзь паўстала! І мы таксама ўсе, людзі, пэнсіянэры, паўстанем супраць іх! Хопіць з нас зьдзекавацца!” (Спадар: ) “Сусьветнавядомы філёзаф Ільін пасьля таго, як на сумнавядомым параходзе пакінуў бальшавіцкую Маскоўшчыну, знаходзячыся ў выгнаньні, выдаў навуковую працу пад назвай “О сопротивлении злу силою”. У гэтай працы ён даволі зьмястоўна абгрунтаваў меркаваньне, што ёсьць выпадкі, калі асоба ня толькі мае права, а нават абавязаная скарыстоўваць сілу для процідзеяньня дзяржаўнаму гвалту. Цікава, а як ставяцца беларускія палітыкі да гэтага пытаньня?”

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць усім тым, хто тэлефануе і аблівае брудам нашых нацыянальных герояў, пра тое, што гэтая моладзь нічога ў сваім жыцьці не інсцэніруе, а жыве сумленна. Інсцэніруюць тыя, хто ў сваім жыцьці хлусіць і робіць выгляд, што ўсё ў нашай краіне добра і ў іх жыцьці таксама. А можа, лепшая тая моладзь, якая сьпіваецца і блытаецца бяз клопату па вуліцах? Не, дарагія, трэба ганарыцца сумленнай беларускай моладзьдзю, якая ня можа глядзець спакойна, як іх родная краіна пакутуе. Прапаную ў падтрымку ўсіх галадоўнікаў перадаць у вашым эфіры песьню Ўладзімера Мулявіна “Малітва”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Да глыбіні душы мяне ўразіў званок з Гомельскай вобласьці Івана Гладкова. Назваць інсцэніроўкай галадоўку маладых людзей можа толькі несьвядомы чалавек. Выказваючы свае абсурдныя думкі, нармальны чалавек пасаромеўся б назваць свае імя і прозьвішча.

Калі бяруць інтэрвію ў хлопцаў, асабіста я па інтанацыі і голасе вызначаю, што чалавек вельмі слабы, што яму дрэнна, вельмі дрэнна. Але па тым, якія думкі яны выказваюць, адчуваю, што яны сьмелыя, рашучыя і цьвёрдыя ў сваіх перакананьнях людзі. Такія не інсцэніроўкамі займаюцца, а коштам свайго здароўя, а, магчыма, і жыцьця дамагаюцца свабоды ўсім палітычным зьняволеным. Якое высакароднае жаданьне! Так што вам, Гладкоў, хоць і маладзейшыя гэтыя дзецюкі на некалькі дзясяткаў гадоў, але вам да іх вельмі далёка!”
XS
SM
MD
LG