Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч не прысутнічаў у судзе з-за стану здароўя


Радыё Свабода Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні адбылося паседжаньне па крымінальнай справе Мікалая Аўтуховіча. Сам ён не прысутнічаў, бо здароўе пагоршала. Вядома, што ён абвясьціў галадоўку з 13 красавіка, калі яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар.

Мікалая Аўтуховіча ў суд не прывезьлі, і судзьдзя Мікалай Рачынскі зачытаў даведку ад начальніка турэмнай мэдчасткі. Паводле яе, стан здароўя падсуднага сярэдняй цяжкасьці, блізкі да цяжкай формы. Зазначана таксама, што Мікалая Аўтуховіча абсьледавалі ў абласным шпіталі, але ён ад шпіталізацыі адмовіўся. Па адной справе з Аўтуховічам праходзіць дырэктар фірмы “Ніка-транс” Юры Лявонаў. Гаворыць іхны калега Ўладзімер Асіпенка, які прысутнічаў на судзе:

(Асіпенка: ) “Дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва, каб выдзеліць крымінальную справу адносна Лявонава ў асобную вытворчасьць, бо Аўтуховіч ня можа ўдзельнічаць у працэсе”.

Судзьдзя гэтае хадайніцтва задаволіў. Напярэдадні адвакаты наведалі ў турме Мікалая Аўтуховіча, прасілі, каб ён скончыў галадоўку. Ён сказаў, што перастане галадаць толькі тады, калі яго выпусьцяць. Адвакаты сёньня зноў хадайнічалі, каб судзьдзя зьмяніў меру стрыманьня Аўтуховічу, але яго пакінулі за кратамі.
XS
SM
MD
LG