Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітыкі ставяцца да галадоўкі моладзі?


Радыё Свабода Як ставяцца беларускія палітыкі да галадоўкі дзясяткаў маладых людзей, якія патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога фронту”, вызваліць палітвязьняў, аднавіць на вучобе апазыцыянэраў, а таксама спыніць перасьлед вернікаў-хрысьціянаў?

Усе мае суразмоўцы лічаць, што галадаць могуць толькі паўнагадовыя. Гэта падкрэсьлівае, прыкладам, намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Калі вычарпаныя іншыя сродкі, тады, на маю думку, асоба мае права ахвяраваць сабой... Але ісьці на такі крок, я ўпэўненая, могуць выключна паўнагадовыя актывісты “Маладога фронту”, “Зубра” ды іншыя юнакі ды дзяўчаты”.

Стаўленьне да галадоўкі ў палітыкаў рознае. Тыя, хто ў апазыцыі, адносяцца да гэтага з разуменьнем, тыя, хто пры ўладзе, — крытычна. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў сам прайшоў праз галадаваньне:

(Фралоў: ) “У нашых умовах зрабіць нешта велізарнае надзвычай цяжка. Таму трэба нейкімі кропелькамі падтрымліваць неабыякавасьць у грамадзтве. Можа, гэтая акцыя і ня вельмі эфэктыўная, але тое-сёе яна дае, мне здаецца”.

Цяперашні намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў гаворыць, што ня ведае пра галадоўку, — ды дадае, што гэта, магчыма, таму, што “Малады фронт” — незарэгістраваная арганізацыя:

(Катляроў: ) “Я ўпершыню чую пра гэтую галадоўку, ніхто пра яе не гаворыць, ніхто ня піша. Невядома мне, чаго гэтыя людзі хочуць. Я ўжо тры гады зьяўляюся сябрам камісіі, якая рэгіструе грамадзкія арганізацыі, але на маёй памяці няма такога выпадку, каб мы разглядалі пытаньне пра рэгістрацыю “Маладога фронту”.

Адзін зь лідэраў рабочага руху Сяргей Антончык мяркуе, што ўсе іншыя сродкі пратэсту (заявы, акцыі, подпісы) ужо скарыстаныя й застаецца выключна апошняя магчымасьць — галадоўка:

(Антончык: ) “Гэта вельмі цяжкае й небясьпечнае выпрабаваньне. У нашай краіне цяпер дамагчыся галадоўкай нічога немагчыма. Але гэты так званы негвалтоўны супраціў ёсьць вялікай маральнай перавагай над тэрорам, над парушэньнямі законаў. Галадоўнікі ня могуць адразу дамагчыся станоўчых вынікаў сваёй акцыі — наўрад ці выпусьцяць людзей з-за кратаў. Але ў маральным сэнсе, у маральным пляне гэта вельмі магутны ўдар па рэжыме”.

Якая рэакцыя на галадоўку ў кіраўніцтва афіцыйнай моладзевай арганізацыі — Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі? На працягу дня я неаднаразова спрабаваў высьветліць гэта ў старшыні БРСМ Міхаіла Орды::

(Орда: ) “Вось вы тэлефануеце, і вам здаецца, вас чакаюць, каб з вамі пагаварыць. Але ж у мяне таксама ёсьць праца. Цяпер ідзе нарада. Ператэлефаноўвайце”.

(Карэспандэнт: ) “А калі дакладна?”

(Орда: ) “Тэлефануйце, я не магу сказаць, калі дакладна”.

Спробы зноў пачуць кіраўніка БРСМ пазьней ня мелі посьпеху — ягоны тэлефон не адказваў.
XS
SM
MD
LG