Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 чалавекі 11-я суткі трымаюць галадоўку


Любоў Лунёва, Менск 24 чалавекі ў дзесяці гарадах Беларусі галадаюць на знак пратэсту супраць перасьледу моладзевых актывістаў апазыцыі й закрыцьця хрысьціянскіх суполак. Галадоўнікам выказалі падтрымку Аляксандар Мілінкевіч, Каардынацыйная рада эўрапейскай кааліцыі, сябры ўкраінскіх арганізацыяў “Нацыянальны альянс” і “Студэнцкае брацтва”.

Большасьць удзельнікаў акцыі – актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. За апошнія суткі шасьцёра чалавек спынілі галадоўку, але пяцёра да яе далучыліся.

13 чалавек працягваюць акцыю ў Менску. Па два-тры актывісты галадаюць у розных рэгіёнах. Сустаршыня маладафронтаўцаў Зьміцер Дашкевіч таксама трымае галадоўку. Ён паведаміў “Свабодзе”, што заняты пошукам кватэры ў Менску, дзе б маглі сабрацца разам усе ўдзельнікі акцыі пратэсту.

(Дашкевіч: ) “Галоўная для нас цяпер праблема — знайсьці кватэру, бо пад такую акцыю вельмі цяжка знайсьці памяшканьне. Ёсьць яшчэ праблема са сродкамі, але я спадзяюся, што цягам бліжэйшых дзён мы гэтае пытаньне вырашым. Тады акцыя будзе працягвацца больш арганізавана”.

Барыс Гарэцкі, згодна з рашэньнем кіраўніцтва арганізацыі, не трымае галадоўкі.

(Гарэцкі: ) “У нашу падтрымку сёньня выказалася “Эўрапейская кааліцыя”. Паседжаньне Каардынацыйнай рады адбылося ў Баранавічах, дзе адбывае пакараньне “на хіміі” яе лідэр Мікалай Статкевіч. Рада заклікала спыніць перасьлед маладафронтаўцаў і выпусьціць усіх палітзьняволеных, а таксама зарэгістраваць “Малады фронт”. Апроч “Эўрапейскай кааліцыі” нас падтрымліваюць замежныя партнэры, сябры ўкраінскіх арганізацыяў “Нацыянальны альянс” і “Студэнцкае брацтва”і Аляксандар Мілінкевіч, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Мы разьлічваем, што наша галадоўка прыцягне ўвагу грамадзкасьці”.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас лічыць, што галадоўка моладзевых актывістаў не паўплывае на беларускую грамадзкасьць.

(Колас: ) “Улады не прыслухоўваюцца да патрабаваньняў грамадзтва. Больш за тое, яны ня хочуць ведаць волю грамадзтва, якая выяўляецца праз выбары, праз рэфэрэндум. Яны фальсыфікуюць волевыяўленьне і падганяюць пад той вынік, які ім самім патрэбны. Я думаю, што гэтая галадоўка можа зрабіць уражаньне на замежную дэмакратычную супольнасьць, як на больш цывілізаваную, больш гуманную. Наша грамадзтва, на вялікі жаль, пакуль не ўзьнялася да такога ўзроўню цывілізаванасьці, бо мы жывем у эпоху дыктатуры”.

Уладзімер Колас ухваліў рашэньне спыніць галадоўку непаўналетнім. Ён лічыць, што й здароўю 18-гадовых акцыя сур’ёзна пагражае. Юнакі й дзяўчаты трымаюць галадоўку без нагляду мэдыкаў і адмаўляюцца спыняць акцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG