Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўроцлаве – фэстываль беларускай культуры "Цяпер Беларусь!"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў польскім горадзе Ўроцлаў пачынаецца Трэці фэстываль беларускай культуры “Цяпер Беларусь!”. Сёлета патронам гэтага мерапрыемства, у якім возьмуць удзел дзесяткі творцаў зь Беларусі, стаў прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч.

Цягам чатырох фэстывальных дзён жыхары Ўроцлава будуць мець магчымасьць пазнаёміцца зь вядучымі беларускімі гісторыкамі, пісьменьнікамі, музыкамі, чыя творчасьць і праца ў самой Беларусі цяперашнімі ўладамі не вітаецца.

Выступяць сярод іншых Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Лявон Баршчэўскі, адбудзецца прэзэнтацыя “Нашай Нівы”, дыскусія з удзелам міністра культуры Польшчы Казімежа Ўяздоўскага, зайграюць беларускія барды Зьміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў.

Гаворыць Анджэй Дамброўскі, старшыня Калегіюму Ўсходняй Эўропы – арганізатара фэстывалю:

(Дамброўскі: ) “Сёлетні фэстываль ня будзе адрозьнівацца ад мінулых мастацкім узроўнем – мы запрасілі выбітных беларускіх творцаў. Аднак да назвы фэстывалю мы дадалі словы “Цяпер Беларусь” – гэта падкрэсьлівае важнасьць беларускай культуры, увогуле Беларусі для нас. Другое – патранат прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча. Тое, што кіраўнік ураду пагадзіўся на гэта мы лічым за гонар, пацьверджаньне важнасьці падтрымкі незалежнай культуры нашага ўсходняга суседа”.

У часе фэстывалю заплянаваныя таксама сустрэчы беларускіх удзельнікаў з палітыкамі – міністрамі канцылярыі прэм’ера Польшчы і мэрам Уроцлава.

Ільлья Глыбоўскі – беларус з Чэхіі, які возьме ўдзел у адной з дыскусіяў межах фэстывалю, кажа, што падобныя мерапрыемствы вельмі карысныя для пашырэньня інфармацыі пра Беларусь у сьвеце:

(Глыбоўскі: ) “Паводле статыстыкі, з кожным годам колькасьць беларусаў, якія жывуць у краінах Эўразьвязу павялічваецца. Значыць будзе павялічвацца і запатрабаваньне на беларускую культуру ў гэтых краінах і сярод гэтых беларусаў і сярод карэнных жыхароў гэтых краінаў, якія сутыкнуцца зь беларусамі, будуць зь імі сябраваць”.

Трэці фэстываль беларускай культуры “Цяпер Беларусь!” ва Ўроцлаве скончыцца ў нядзелю канцэртам этна-гурту “Троіца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG