Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя літоўцы дагэтуль знаходзяцца ў Лідзе


Радыё Свабода Літоўскі лётчык і ягоная пасажырка, якія 6 чэрвеня без дазволу заляцелі ў Беларусь на лёгкаматорным самалёце, дагэтуль знаходзяцца пад вартай у Лідзе. Літоўскія дыпляматы клапоцяцца пра тое, каб забясьпечыць іх цёплымі рэчамі.

Літоўскі лётчык Тадас Блажавічус і ягоная сястра Індрэ, якія заляцелі ў Беларусь увечары 6 чэрвеня на самалёце, дагэтуль знаходзяцца ў Лідзе. Нагадаем, на лётнішча гэтага гораду літоўскі самалёт быў прымусова пасаджаны беларускім штурмавіком Су-25. Паводле прэсавай службы Памежнага камітэту, яшчэ вядзецца разбор інцыдэнту. Яго праводзяць сьледчыя Лідзкага памежнага атраду. “Ёсьць дазвол трымаць іх пад вартай на час разьбіральніцтва цягам трох дзён”, — паведаміў кіраўнік прэсавай службы Васіль Кіптэнка.

Нагадаю, самі літоўцы кажуць, што адбылася памылка: залятаць у Беларусь яны не зьбіраліся, нават ня мелі з сабой дакумэнтаў. У літоўскай амбасадзе ў Беларусі паведамілі, што літоўскі консул Марыюс Неманіс ужо пасьпеў сустрэцца з затрыманымі суайчыньнікамі ў Лідзе, зьезьдзіць у Літву і прывезьці адтуль іхныя дакумэнты. Таксама літоўцам перадалі цёплыя рэчы. У літоўскай амбасадзе кажуць, што пытаньне аб вызваленьні затрыманых можа вырашыцца ў любы момант.

А ці здараліся падобныя выпадкі зь беларускімі лёгкаматорнымі самалётамі? Начальнік аэраклюбаў ДТСААФ Беларусі Мікалай Мачанскі пра такія выпадкі не згадаў:

(Мачанскі: ) “Ва ўсялякім разе, за восем гадоў, як я ёсьць начальнікам, такога не было. І да мяне такога не здаралася”.

У Беларусі ўсяго чатыры аэраклюбы ДТСААФ: у Менску, Віцебску, Магілёве і Бабруйску. У іх на балянсе ня больш за 20 самалётаў і верталётаў. У бабруйскім аэраклюбе ёсьць плянэры. Паводле Мікалая Мачанскага, беларускія лятальныя апараты не парушаюць паветраную прасторы суседніх краінаў дзякуючы добрай падрыхтоўцы лётчыкаў.

Кіраўнік прэсавай службы вайскова-паветраных сілаў Сяргей Кузьмянкоў таксама не згадаў выпадку, калі б беларускі вайсковы самалёт парушыў паветраную мяжу суседняй краіны.

Акрамя аэраклюбаў ДТСААФ, у Беларусі ёсьць клюбы аматараў палётаў на звышлёгкіх лятальных апаратах. З гэтымі аматарамі часам здараюцца інцыдэнты, былі й трагічныя выпадкі. Гэтак, сёлета ўвесну пад Пружанамі разьбіўся пілёт звышлёгкага лятальнага апарату зь Віцебскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG