Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў – 10 гадоў


Тацяна Поклад, Прага 10 гадоў таму ў Барсэлёне была прынятая Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў. У распрацоўцы дэклярацыі браў удзел і Беларускі ПЭН-цэнтар.

Ініцыятыва прыняцьця такой дэклярацыі зыходзіла ад Камітэту па перакладах і лінгвістычных правах міжнароднага ПЭН-клюбу, такім чынам Беларускі ПЭН-цэнтар мае дачыненьне і да самой ініцыятывы гэтай дэклярацыі.

Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў – вынік працы экспэртаў з 50 краінаў сьвету, арганізацый ЮНЭСКА па абароне моваў з розных краінаў сьвету.

Было падрыхтавана 12 варыянтаў тэксту дакумэнту. Абмеркаваньне адбывалася ва ўсім сьвеце, на ўсіх кантынэнтах.

Арганізацыі і прадстаўніцтва з 90 краінаў сьвету, якія падпісалі дэклярацыю, сустракаліся ў Барсэлёне дзесяць гадоў таму, 6-9 чэрвеня 1996 году.

Дэклярацыя прынятая найперш з увагі на Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. У прэамбуле дэклярацыі лінгвістычных правоў гаворыцца, што яна неабходная, каб вырашаць праблемы адносна моваў, іхнага статусу і ўжываньня такім чынам, каб забясьпечыць пашану і поўнае разьвіцьцё ўсіх моваў.

У дэклярацыі адзначаецца, што яе мэта – “ўсталяваць прынцыпы справядлівага і роўнага лінгвістычнага сьвету ва ўсім сьвеце”, такім чынам падкрэсьліваецца роўная пашана да ўсіх моваў, незалежна ад эканамічнага і палітычнага статусу нацыяў, якім гэтыя мовы належыць.

Паводле дэклярацыі, рэальны стан кожнае мовы – гэта вынік цэлага шэрагу фактараў, і далёка ня адно толькі культурных ці навуковых. Найперш, на становішча моваў уплывае такі фактар, як тэндэнцыя таталітарных, імпэрскіх дзяржаваў да ўніфікацыі, скіраванасьць супраць культурнага і моўнага плюралізму.

Лінгвістычнае права, ці права на мову, паводле дэклярацыі, – гэта натуральнае права, незалежнае ад колькасьці носьбітаў мовы, – любая мова, а значыць, культура, мае права на жыцьцё.

У дэклярацыі сьвядома пазьбягаюцца выразы “моўная бальшыня – меншыня”, а замест іх ужываецца тэрмін “моўная супольнасьць” альбо “моўная група”.

Дэклярацыя зыходзіць з прынцыпу, што лінгвістычныя правы – адначасова і індывідуальныя, і калектыўныя. Вельмі істотны момант гэтае дэклярацыі – міжнародная салідарнасьць, гэта магутны мэханізм, гэта дае і рэальныя магчымасьці абараняць мовы, носьбіты якіх не зьяўляцца вялікімі імпэрскімі нацыямі альбо пакутуюць ад таталітарных рэжымаў.

У Беларусі, паводле апошняга перапісу, каля 8 мільёнаў чалавек назвалі сваёй роднай мовай беларускую, а ў штодзённым жыцьці беларускай мовай карыстаюцца каля 4 мільёнаў чалавек. Засьведчаныя шматлікія факты парушэньня цяперашнімі ўладамі правоў беларускай мовы. Ёсьць шматлікія дакумэнтаваныя выпадкі русыфікацыі, якая адбываецца ў Беларусі ў апошнія гады.

Лінгвістычная сытуацыя ў Беларусі, дзе шмат хто не гаворыць на роднай мове, не ўнікальная ў сьвеце. Аналягічная сытуацыя існуе ў посткаляніяльных афрыканскіх краінах, у многіх зь якіх існуе дзяржаўнае двухмоўе, а мова былой краіны-акупанта пераважае над мясцовай роднай мовай.

Карысьць дэклярацыі і ў тым, што яна дапамагае адчуць невялікім моўным групам і супольнасьцям, што яны – не адныя, дае ім магчымасьць супольна адстойваць правы моваў.

Істотна тое, што ў шэрагу патрабаваньняў адносна правоў чалавека фармулюецца і агучваецца і права на мову.

Беларускі ПЭН-цэнтар падкрэсьлівае, што ў Беларусі без магчымасьці рэалізацыі лінгвістычных правоў немагчымае нармальнае разьвіцьцё культуры ў краіне, і таму разам з асноўнымі правамі чалавека ў таталітарнай дзяржаве неабходна абараняць і лінгвістычныя правы.
XS
SM
MD
LG