Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск будуць услаўляць толькі па-расейску


Радыё Свабода 10 гадоў таму ў Барсэлёне была прынятая Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў. У Беларусі, як даводзяць экспэрты, афіцыйная практыка вельмі часта парушае гэтую дэклярацыю. Спэцыялісты адзначаюць, што ў адукацыі, сродках масавай інфармацыі, у найноўшых тэхналёгіях ды сувязі беларуская мова выціскаецца цалкам.

Да сёньня ў перадачах мясцовай тэлевізіі Пінску гучалі конкурсныя праекты гарадзкога гімна. Паводле сябра адмысловага журы Валянціны Матузка, сталіцу беларускага Палесься ўслаўлялі толькі расейскамоўныя тэксты:

(Матузка: ) “У журы склалася меркаваньне, што горад наш – расейскамоўны. Вырашылі, што гімн на рускай мове будзе просты й зразумелы насельніцтву”.

Нагадаю, менавіта на Піншчыне свае лепшыя творы напісаў малады Якуб Колас, тут жыла “ластаўка Палесься” Жэня Янішчыц. Свае ўзрушаныя ўспаміны пра беларускі горад на Піне пакінуў Уладзімер Караткевіч. Ды й цяпер у суполцы Таварыства беларускай мовы называюць дзясяткі прозьвішчаў маладых творцаў. Але, як кажа Ўладзімер Скварцоў, яны апынуліся па-за ўвагай арганізатараў конкурсу.

(Скварцоў: ) “Тое, што ў фінал не патрапіў ніводны тэкст на беларускай мове, сьведчыць, што ўмовы гэтага конкурсу былі загадзя вызначаныя не належным чынам”.

Культурай ў Пінску кіруе загадчык аддзелу гарвыканкаму Аляксандар Лукашэнка. Цёзка прэзыдэнта ўхіляецца ад прамога адказу наконт увагі толькі да расейскамоўнай вэрсіі гімна.

(Лукашэнка: ) “Ну, так атрымалася...”.

(Карэспандэнт: ) “Я высьветліў, гэта была мясцовая ініцыятыва: стварыць гімн Пінску”.

(Лукашэнка: ) “Вядома, канечне”.

Камэнтуе сытуацыю старшыня грамадзкага Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “У Пінску зараз да беларушчыны ставяцца надзвычай адмоўна. У мясцовай уладзе адпаведна настроеныя людзі. Я, напрыклад, упершыню чую, каб нейкі рэгіён меў свой гімн. Гербы, так – гэта ідзе яшчэ ад сярэднявечча. Магдэбурскае права давала гораду герб, пячатку й самакіраваньне. Але ніякіх гімнаў і быць не магло. Нават сама назва “Гімн Пінска” – гэта сьмешна.

Са словаў Алега Трусава, цяперашняя спроба пінскіх чыноўнікаў накінуць расейскамоўны гімн спрадвечна беларускаму гораду зьяўляецца канкрэтным фактам парушэньня Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў. Экспэрт кажа, што ТБМ будзе аспрэчваць хаду й вынікі мясцовага конкурсу ў заканадаўчых органах рэспублікі.

Гл.таксама • Сёньня Сусьветнай дэклярацыі лінгвістычных правоў спаўняецца 10 гадоў
XS
SM
MD
LG