Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пакуль не далучаюць да Рады дзяржаваў Балтыйскага мора


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў сталіцы Ісляндыі Рэйк’явіку адбудзецца сустрэча кіраўнікоў урадаў краінаў-сябраў Рады дзяржаваў Балтыйскага мора. Яны плянуюць абмеркаваць пытаньні міжнароднай энэргетычнай бясьпекі й супрацоўніцтва ў гэтай сфэры. Паседжаньне пройдзе без удзелу беларускага прэм’ера, паколькі Беларусь застаецца па-за рамкамі гэтай рэгіянальнай арганізацыі. Хоць заяву на ўступленьне ў яе Менск падаў яшчэ тры гады таму.

У Рэйк’явіку чакаюць прэм’ер-міністраў 11 краінаў з балтыйскага рэгіёну: Ісьляндыі, Нямеччыны, Даніі, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Польшчы, Расеі, Фінляндыі, Швэцыі й Эстоніі. У цэнтры ўвагі саміту будуць пытаньні энэргетыкі. Удзельнікі зьбіраюцца абмеркаваць шляхі супрацоўніцтва, абмену досьведам. Праблема энэргазабесьпячэньня, як вядома, надзённая й для Беларусі. Аднак яна не зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі. Між тым, як лічаць вучоныя, краіна уваходзіць у рамкі балтыйскага рэгіёну. Гаворыць прафэсар факультэту міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту Віктар Шадурскі.

(Шадурскі: ) “Наша канцэпцыя ў тым, што да балтыйскага рэгіёну адносяцца ня толькі тыя дзяржавы, якія знаходзяцца на беразе Балтыйскага мора, але і тыя, якія знаходзяцца на водападзеле. Паводле гэтага фактару, палова тэрыторыі Беларусі належыць да Балтыйскага мора. Таму мы адносім да балтыйскага рэгіёну 14 дзяржаў. У тым ліку і Беларусь. І мы лічым, што балтыйскасьць ці паўночнасьць для нас гэта дадатковая ідэнтычнасьць таксама. Таму што мы ні ў якім разе сябе не лічым паўднёвай краінай. Я лічу, што балтыйскасьць мае падставы гістарычныя, геаграфічныя. І ўвогуле, мадэлі краін, якія прысутнічаюць у гэтым рэгіёне, асабліва паўночныя краіны, гэта добры для нас прыклад палітыкі, унутранай і зьнешняй, вырашэньня сацыяльных праблем”.

У 2003 годзе афіцыйны Менск выказаў жаданьне далучыцца да рады балтыйскіх дзяржаваў. Меркавалася спачатку набыць статус назіральніка, а затым стаць паўнапраўным сябрам арганізацыі. Чаму зьявілася такая ініцыятыва, і які зараз яе лёс? Вось што паведаміў на гэты конт начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў.

(Папоў: ) “Гэтыя кантакты, прынамсі, на працоўным узроўні, працягваюцца. Я нават ведаю, што вузкаспэцыяльныя, міжгаліновыя кантакты працягваюцца паміж памежнымі службамі – Беларусі і дзяржаў-удзельніц гэтай структуры. Некаторыя праекты рэалізуюцца ў галіне барацьбы з гандлем людзьмі і г.д. Для нас увогуле супрацоўніцтва з дзяржавамі-суседзямі – гэта адзін з галоўных прыярытэтаў міжнароднай палітыкі Беларусі. Таму мы зацікаўленыя, каб такія ўзаемавыгадныя кантакты працягваць і ўзбагачаць”.

Між тым, афіцыйнага статусу ў Радзе дзяржаваў Балтыйскага мора Беларусь так і не набыла. Вось якім меркаваньнем падзяліўся палітоляг Ігар Лялькоў.

(Лялькоў: ) “Беларусьсю шукаюцца ўсе магчымыя варыянты, каб хоць бы да чаго далучыцца. Каб гэтую самаізаляцыю краю прарваць. Што тычыцца самой Рады дзяржаваў Балтыйскага мора, то цяжка ім уявіць, каб паўнапраўным сябрам была краіна, большасьць прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва якой мае забарону на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу”.
XS
SM
MD
LG