Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская кляса ў Атаве


Ганна Сурмач, Прага Цяпер, калі беларускае замежжа папаўняецца новай хваляю эміграцыі зь Беларусі, усё больш актуальнаю становіцца праблема арганізацыі беларускага школьніцтва на чужыне. Пра тое, як гэтае пытаньне вырашаюць беларусы ў Канадзе, аповед у чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”. У ім бяруць удзел беларускія настаўнікі Пётар і Даната Мурзёнкі, якія выехалі ў Канаду да сваіх сыноў і цяпер працуюць у беларускай клясе, створанай у Атаве для навучаньня дзяцей тамтэйшых беларусаў. Іх досьвед можа быць скарыстаны ў іншых беларускіх асяродках.

Па словах былога старшыні Згуртаваньня беларусаў Канады доктара Пётры Мурзёнка, у сталіцы Канады цяпер жыве недзе каля тысячы беларусаў. Беларуская прысутнасьць у Атаве мае свае традыцыі, бо там ёсьць ня толькі новыя эмігранты, але і старэйшая эміграцыя, аднак беларускай школы дасюль не было.

Пётра Мурзёнак падчас свайго старшынёўства разам з стршынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкай Сурвілай пачалі рабіць захады, каб арганізаваць навучаньне дзяцей па-беларуску.

(Пётра Мурзёнак: ) “Каб захоўваць тут сваю беларускасьць, трэба, каб дзеці вывучалі, культывавалі мову. Бальшыня людзей з апошняй хвалі эміграцыі прыехала сюды маладымі, у іх ёсьць яшчэ малыя дзеці. Маючы пэўны досьвед з таго, як захоўвалася старэйшая эміграцыя, мы таксама ў сваіх сем’ях стараліся падтрымліваць беларускасьць, размаўлялі на беларускай мове. Такіх сем’яў я тут ведаю ня вельмі шмат, але яны ёсьць, у некаторых ужо вырасьлі дзеці, якія размаўляюць на беларускай мове, а расейскай зусім ня ведаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “І вам удалося адчыніць у Атаве беларускую клясу?”

(Пётра Мурзёнак: ) “Мы падыходзілі да стварэньня гэтай беларускай клясы вельмі доўга. Кампанія гэтая пачалася недзе гадоў пяць таму. Спачатку размаўлялі з бацькамі. Усё, ведаеце, залежыць ад жаданьня бацькоў – гэта самае асноўнае. Калі ёсьць бацькі, якія гэтага хочуць, то ўсё зробіцца.

У нас былі кандыдаты на настаўнікаў, але гэта ўсё адкладалася, ня так проста было гэта зрабіць, бо ня так ужо шмат бацькоў хочуць, каб іхныя дзеці вывучалі нешта па-беларуску. Гэта адлюстроўвае тую ж сытуацыю, якая ёсьць у самой Беларусі, і нікуды ад гэтага ня дзецца.

Я напачатку зьвязаўся са спэцыяльным адукацыйным цэнтрам. Вы ведаеце, што ў Канадзе існуе дзьвюхмоўе, усё справаводзтва на дзьвюх мовах, усе дзяржаўныя чыноўнікі валодаюць ангельскай і францускаю мовамі. А да ўсяго гэтага яшчэ існуюць праграмы, якія падтрымліваюць шматкультурнасьць. Напрыклад, у Атаве ёсьць недзе больш за 40 нацыянальных групаў, і гэтыя групы маюць свае суботнія клясы, сярод іх ёсьць і нашая беларуская кляса. У суботу гэтыя клясы працуюць з 9-ці да паловы дванаццатай.

Спачатку мы дамовіліся з афіцыйнымі ўладамі, яны прадставілі нам памяшканьне ў адной са школаў, тут ёсьць каардынатары, якія дапамагаюць. Кляса нашая знаходзіцца ў звычайнай канадзкай школе, і там вучні займаюцца за партамі, дошкі ёсьць, усё, што трэба. У суботу канадзкія школы не працуюць, і ўсе тыя шматкультурныя клясы ў суботу займаюцца ў гэтых школах. Мы, напрыклад, займаемся ў адной са школаў, дзе яшчэ вучацца грэкі, іх амаль поўная школа, там шмат дзяцей”.

(Карэспандэнтка: ) “Апрача памяшканьня, ці выдзяляюцца яшчэ і нейкія фінансавыя сродкі для існаваньня беларускай клясы?”

(Пётра Мурзёнак: ) “Грошы невялікія, але выдзяляюць, плацяць аднаму з настаўнікаў. Усё гэта падтрымлівае дзяржава”.

(Карэспандэтнка: ) “Дарэчы, якраз хацела спытацца пра настаўнікаў, іх знайсьці было, можа, нават цяжэй, чым вучняў?”

(Пётра Мурзёнак: ) “Былі ў нас іншыя кандыдаты, потым прыехалі мае бацькі, і мы адчынілі гэтую клясу, ён працуе ўжо два з паловаю гады”.

Прыезд у Атаву на сталае жыхарства бацькоў спадара Мурзёнка Пятра Сільвестравіча і Данаты Генрыхаўны меў лёсавызначальнае значэньне для адкрыцьця беларускай клясы. Абое яны прафэсійныя настаўнікі.

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Працавалі мы ў Пастаўскім раёне, жылі ў Дварчанах. Працавалі ў школе, я быў настаўнікам матэматыкі і фізыкі, а Даната Генрыхаўна настаўніцаю малодшых клясаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як доўга вы працавалі ў школе?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Я 44 гады, а жонка 39 гадоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вашая школа была беларуская?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Беларуская была ўвесь час, усе прадметы выкладаліся на беларускай мове”.

Спадарства Мурзёнкі маюць двух сыноў – старэйшага Пётру і Генадзя, абодва яны эмігравалі ў Канаду.

Калі Пётру некалі абралі старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады і я запісвала размову зь ім для адной з нашых перадачаў, мне хацелася задаць пытаньне, адкуль паходзіць ягоная такая глыбокая беларускасьць. Пытаньня я так і не задала, але цяпер адказ на яго відавочны – найперш ад бацькоў і са школы, вядома. Пётра сам гэта пацьвярджае.

(Пётра Мурзёнак: ) “Я васьмігодку беларускую скончыў. Мы – беларусы, шкада толькі, што жывём не на Радзіме, але што зробіш?”

Калі бацькі выйшлі на пэнсію, сыны прапанавалі ім перабрацца ў Канаду.

(Карэспандэнтка: ) “Пётар Сільвестравіч, як было пакідаць родныя мясьціны ў вашым узросьце, маладым гэта ўсё ж лягчэй...”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Мы прыехалі сюды тры гады таму. Вельмі цяжка было пакідаць сваякоў, сяброў, родную хатку, нажытую уласнай працаю. Некалі мы з жонкаю нічога ня мелі, пачыналі з нуля”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер давялося пачынаць ізноў?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Не, цяпер, як кажуць, няма бяды, жывем на ўсім гатовым. Цяпер нам і кватэру нашыя дзеці прыдбалі, так што ў нас усё добра”.

Пра бацькоў цяпер маюць клапаціцца іхныя сыны, бо бацькі-вэтэраны працы, настаўнікі, ня могуць атрымліваць за мяжой заробленую на Радзіме пэнсію. Да сёньня Беларусь не заключае дамоваў зь іншымі краінамі аб узаемным пэнсійным забесьпячэньні, як гэта прынята ў цывілізаваным сьвеце. Аднак такі парадак дзейнічае ў адносінах з Расеяй.

Сама думка аб выезьдзе на чужыну спачатку палохала Мурзёнкаў.

(Карэспандэнтка: ) “Пётар Сільвестравіч, а якой ў рэальнасьці ўбачылася вам Канада?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Вельмі прыемная краіна, людзі добрыя, сустракаемся, вітаемся і заўсёды мы бачым у гэтых людзей прыемныя твары, заўсёды яны зычлівыя, заўсёды усьміхаюцца нам, а мы ім”.

(Карэспандэнтка: ) “Пэўна, вы не чакалі, што ў Канадзе вам давядзецца зноў вучыць беларускіх дзяцей?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Нам вельмі прыемна, што нам прапанавалі Івонка Сурвіла і мой сын Пётра арганізаваць такую школу. Тут у Канадзе вельмі добрая палітыка, розныя нацыянальнасьці тут могуць вучыць сваіх дзяцей на роднай мове”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі дзяцей у беларускай клясе і якога пераважна узросту?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “У нас няшмат дзетак, усяго 12, бацькі зацікаўленыя і дзеці, як я бачу, зацікаўленыя. Я займаюся са старэйшымі, 7 – 8 клясы, а Даната Генрыхаўна займаецца з малодшымі. Ёсьць і дашкольнікі, ёсьць 1, 2, 3 клясы”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтыя дзеці ўсе народжаныя ў Беларусі ці ёсьць і тыя, што нарадзіліся ў Канадзе?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Ёсьць ужо народжаныя ў Канадзе, гэта з малодшых. А мае старэйшыя зь Беларусі, але яны таксама ўжо даўно адтуль”.

(Карэспандэнтка: ) “Ахвотна дзеці вучацца?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Ахвотна. У асноўным я займаюся зь імі беларускай літаратураю, тое, што яны не давучылі ў Беларусі, мы тут ім дадаем. Я даю ім кнігі, даю дадому пачытаць. Пакрыху я знаёмлю іх з гісторыяй Беларусі, апавядаю пра Вялікае Княства Літоўскае, ёсьць у мяне кнігі Міколы Ермаловіча, Вітаўта Чаропкі. Яны цікавяцца. Я зь імі яшчэ матэматыкаю займаюся і фізыкаю, дапамагаю ім у асваеньні школьнага курсу”.

(Карэспандэнтка: ) “А падручнікі дзе вы бераце?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Падручнікі нам прывозяць зь Беларусі, у нас ёсьць шмат літаратуры. Калі хто едзе ў Менск, я заўсёды прашу прывезьці нешта цікавае. Маем падручнікі беларускай мовы Валянціны Пашкевіч, якія нам даслала Раіса Жук-Грышкевіч”.

(Карэспандэнтка: ) “Кляса існуе два з паловаю гады. Ці дзеці ўжо навучыліся размаўляць па-беларуску?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Яны па-беларуску з намі размаўляюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Акрамя вучобы, дзеці і вы самі ці ўдзельнічаеце неяк у беларускім грамадзкім жыцьці ў Атаве?”

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Удзельнічаем. Тут ужо больш актыўная Даната Генрыхаўна. Яна рыхтуе канцэрты зь дзецьмі на ўсялякія сьвяты, песьні развучваюць, танцы, а потым зь вялікім посьпехам, можна сказаць, выступаюць гэтыя маленькія дзеткі”.

Даната Генрыхаўна кажа, што яшчэ ў Беларусі яна любіла займацца зь дзецьмі сьпевамі і танцамі.

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Я люблю гэтым займацца, я ўвесь час у школе вяла гурток танцавальны і харавы. Дзеці вельмі любяць сьпяваць і танцаваць. Я іх вучу карагоды вадзіць. Ёсьць у мяне кніжка Леаніда Пранчака, там ёсьць такая песенька “Цік-так, ходзікі” – гэтую песьню яны сьпяваюць. Нашыя дзеці ў мінулым годзе выступалі на сьвята 25-га Сакавіка. На жаль, сёлета нам не ўдалося выступіць, бо некаторыя дзеці захварэлі і мы таксама не маглі ўзяць удзелу, бо мой муж меў апэрацыю. На Каляды і на Новы год выступалі, мы цалкам арганізавалі сьвяточны канцэрт, дзеці так прыгожа выступалі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы звыклі працаваць больш з малодшымі дзецьмі?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “У мяне напачатку былі зусім маленькія дзеткі – чатырохгадовыя, была нават трохгадовая дзяўчынка, гэтыя самыя маленькія ўжо народжаныя ў Канадзе. Нават адна была такая, што ўвогуле ні слова па-беларуску ня ўмела – яна ў Англіі нарадзілася. Зь ёю было цяжэй, астатнія дома чуюць ад бацькоў мову. Цяпер дзеткі ўжо падрасьлі, самай маленькай пяць гадоў. Летась адна дзяўчынка прыходзіла з бацькамі – ёй два з паловаю гады, вельмі хацела вучыцца, але я сказала, каб яшчэ падрасла. Можа, сёлета прывязуць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас буквары беларускія? Якімі яшчэ дапаможнікамі карыстаецеся для малодшых клясаў?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Буквары беларускія ў нас ёсьць, Анатоля Клышкі, зь Беларусі прывезьлі. Карыстаюся я таксама ілюстраваным слоўнікам Анатоля Клышкі, дзеці вельмі любяць гэты слоўнік. Але найбольш мне спадабаўся матэрыял, які для мяне расстаралася Івонка Сурвіла – яна прывезла зь Беластоку напрацоўкі Аліны Ваўранюк. Для нас яны вельмі падыходзяць, там дапаможнікі для першай клясы, і вельмі іх дзеці любяць. А таксама нам вельмі спадабалася кніжка “Беларускія гульні” – у гульнях дзецям лягчэй вывучыць мову і зразумець беларускую культуру. Часам бывае, што яны мне задаюць пытаньні па-ангельску, каб я ім адказвала па-беларуску. Гэта яны ўжо мяне вучаць, адна дзяўчынка сядзе за стол і ўдае сябе за настаўніцу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць розьніца паміж дзецьмі, зь якімі Вы працавалі ў Беларусі, і беларускімі дзецьмі ў Канадзе?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Вядома, ёсьць розьніца. Мае дзеці ў вясковай школе былі больш спакойныя, больш сьціплыя, больш уважліва слухалі. А гэтыя таксама слухаюць, але калі меншым ужо надакучыць слухаць, дык яны бягуць гуляць. Старэйшыя больш цярплівыя, яны ўжо больш умеюць, могуць і казку апавесьці, яны ужо добра чытаюць. Гэта ўжо трэцяклясьнікі, яны ходзяць у ангельскую школу”.

З адной з маленькіх вучаніц спадарыні Данаты я пагутарыла па тэлефоне, гэта шасьцігадовая Паўлінка Шамецька.

(Карэспандэнтка: ) “Паўлінка, ты першы год вучысься ў беларускай школе?”

(Паўлінка: ) “Другі”.

(Карэспандэнтка: ) “А які прадмет табе ў школе найбольш падабаецца?”

(Паўлінка: ) “Маляваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А што ты намалявала на мінулым уроку?”

(Паўлінка: ) “Хатку”.

(Карэспандэнтка: ) “Беларускую?”

(Паўлінка: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеш які-небудзь вершык па-беларуску? Можаш нам прачытаць?”

(Паўлінка: ) “Парусам патрэбен вецер, Першацьвету – дождж вясновы. Мне ж мілей за ўсё на сьвеце Слухаць гукі роднай мовы”.

(Карэспандэнтка: ) “Вернемся да размовы з настаўніцаю Паўлінкі Данатаю Мурзёнак. Даната Генрыхаўна, вашую працу кантралююць з боку дзяржаўных структураў, ці трэба вам узгадняць праграмы навучаньня, мэтодыку?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Прыходзілі летась з праверкаю, на ўроках не сядзелі, але паглядзелі, чым мы займаемся. Сёлета ўжо не правяралі, ужо маюць давер да нас, бо ў нас школа працуе рэгулярна, ніводнага пропуску не было”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы павінны былі даказаць, што маеце права выкладаць, што вы прафэсійныя пэдагогі?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Вядома, яны правяралі дакумэнты, мы таксама прайшлі мэдычную камісію. Пра нашую адукацыю ў іх ёсьць усе зьвесткі, копіі нашых дыплёмаў. Усё праверана, каб прафэсійна працавалі”.

(Карэспандэнтка: ) “Падаецца, што беларуская кляса мае ўсё неабходнае для працы як вучняў, так і настаўнікаў. Ці маеце яшчэ нейкія пажаданьні ці праблемы?”

(Даната Генрыхаўна Мурзёнак: ) “Хацелася б, каб больш было вучняў. Тыя, хто нядаўна прыехаў, яшчэ ня ўсе маюць працу, ня маюць грошай, бо далёка трэба вазіць дзяцей у школу. Маю надзею, што сёлета ў адной дзяўчынкі, якая вельмі хоча ў школу, бацька атрымае працу і будзе мець магчымасьць вазіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Жаданьне, каб прыбывала дзяцей у беларускай клясе, выказваюць і абодва іншыя ўдзельнікі нашай перадачы – бацька і сын Мурзёнкі.

(Пётра Мурзёнак: ) “У асноўным адна праблема, каб дзеці былі, каб было больш дзяцей, каб бацькі прыходзілі. Мы тут абвесткі вывешваем, у Інтэрнэце паведамляем, у крамах, каб заахвоціць людзей, каб пасылалі дзяцей у нашую клясу. Да нас цяпер з Таронта званілі, яны хацелі даведацца, як і што, каб зрабіць і там беларускую клясу”.

Пётар Сільвестравіч мае надзею, што ім з жонкаю яшчэ доўга давядзецца папрацаваць настаўнікамі і на чужыне.

(Пётар Сільвестравіч Мурзёнак: ) “Будзем шукаць яшчэ перад пачаткам навучальнага году, ёсьць у нас тут яшчэ рэзэрвы, ёсьць яшчэ з кім працаваць, некаторыя дзеткі яшчэ падрастаюць, і будзем спадзявацца, што і яны прыйдуць у нашую школу”.
XS
SM
MD
LG