Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Прашковіч (4.5.1932, в. Гарадзішча, Бярэзінскі раён — 2.2.1983, тамсама)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ён сябраваў з Уладзімерам Караткевічам і Адамам Мальдзісам. Ён часта браў квіток да Зэльвы, дзе жыла грамадзянка БНР — нязломная Ларыса Геніюш, якая ў сярэдзіне 1960-х амаль штотыдзень пісала яму вялікія цёплыя лісты, называючы “дарагім Міколам”.

Ён абараніў дысэртацыю па творчасьці Сімяона Полацкага. Ён пісаў пра Францішка Скарыну і Афанасія Філіповіча, пра традыцыі нашай дзяржаўнасьці і ролю царкоўнай вуніі ў захаваньні беларускай ідэнтычнасьці.

Ён не баяўся казаць пра каляніяльнае становішча Беларусі ў складзе СССР і вынішчэньне ўсяго нацыянальнага. На пачатку 1970-х ён пашыраў самвыдавецкую працу вядомага ўкраінскага дысыдэнта Івана Дзюбы “Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?” і зьбіраў грошы калегам ва Ўкраіне, пацярпелым ад рэпрэсіяў.

Пасьля адной з надрукаваных у “Полымі” рэцэнзіяў газэта “Советская Белоруссия” абвінаваціла Міколу Прашковіча ў беларускім нацыяналізьме. Пад той публікацыяй, дарэчы, стаяў подпіс асьпіранта Я. Трашчанка, будучага выкладчыка А. Лукашэнкі і аўтара нашумелага пару гадоў таму навучальнага дапаможніка па гісторыі, таго самага, дзе беларуская дзяржаўнасьць пачынаецца ад 1917 году, а сталінскія рэпрэсіі падаюцца амаль як народнае шчасьце.

Можна ўявіць радасьць тых гэбістаў, каму даручылі “курыраваць” Прашковіча — чалавека надзіва, амаль па-дзіцячаму даверлівага, шчырага, эмацыйнага, які гатовы быў любога, хто загаворыць па-беларуску, запрасіць у сваю кавалерскую аднапакаёўку па вуліцы Куйбышава.

У 1973 годзе КГБ ушчыльную заняўся так званым “Акадэмічным асяродкам” — групай навукоўцаў дэмакратычных перакананьняў, да якой належаў і Прашковіч. Разам зь Зянонам Пазьняком, Міхасём Чарняўскім ды іншымі асабліва небясьпечнымі нацыяналістамі (якія, апрача ўсіх астатніх грахоў, яшчэ нібыта меліся адабраць у Расеі Смаленшчыну й Браншчыну) Міколу звольнілі з працы. Віжы не адставалі ад удзельнікаў арганізацыі ні на крок — нават станавіліся сьледам у чаргу ў гастраноме.

Праз свой характар асабліва цяжка перажываў такое становішча Прашковіч: доўга быў беспрацоўным, потым, будучы вядомым вучоным, працаваў грузчыкам і нарэшце здолеў уладкавацца карэктарам. Здаралася, каб пад’есьці, ён прыходзіў да Караткевіча.

Жыцьцёвы фінал Прашковіча стаўся трагічна вусьцішным. Душэўны надлом прывёў да паралюшу ног, і Мікола згарэў у бацькоўскай хаце, ня здолеўшы выбрацца з агню падчас пажару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG