Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як зьмяніць заканадаўства, каб выбары ў Беларусі ішлі па законе, без фальшаваньня?..”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду, 7 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: ) “Такога безуладзьдзя, якое існуе ў пракуратарах і судах, няма ні ў воднай краіне. Лукашэнкаўскія падначаленыя сталі князямі ў палацах, пабудаваных на нашыя грошы, на нашых сьпінах, якіх не разагнуць. Лукашэнка нас зрабіў жабракамі бяспраўнымі. Такая жахлівая палітыка ў калгасе “Кастрычнік” Гарадзенскага раёну! Я падтрымліваю галадаючых, якія дамагаюцца справядлівасьці. Так далей жыць у бяспраўі немагчыма! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Самая вялікая праблема Беларусі – гэта Чарнобыль і расейская мова. Гэта самае страшнае, што ў нас ёсьць”.

(Пятро Міхайлавіч Жураўлёў: ) “Неяк незаўважна за палітычнымі падзеямі прагучала ўжо 20-я, лічыце, юбілейная перадача “Дом літаратара”. Хоць маленечкі, але, я лічу, юбілей. Мае віншаваньні вам! Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт гэтай перадачы.

Вельмі добра, што ў “Доме літаратара” гучаць вершы і галасы паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў, музыкаў, кампазытараў, мастакоў, якіх улада бессаромна ўціскае і выціскае з жыцьця, не дае працаваць нават вартаўнікамі, як, напрыклад, Сяргею Законьнікаву. Я лічу, што ўлада без падтрымкі такой супэрэліты хутка сканае... А той саюз на чале з прыдворным генэралам нагадвае жабу з байкі, якая прагне дасягнуць памераў вала.

Праз вашае радыё хачу даведацца, ці можна набыць хоць бы нейкія пераклады Лявона Баршчэўскага? Заўжды, калі слухаю расповеды пра Лявона Баршчэўскага, мяне вельмі моцна і прыемна ўражвае гэты чалавек. Жадаю яму посьпехаў! Ці перакладаў ён калі з ангельскай мовы вершы Джорджа Байрана? Рэч у тым, што гэта мой любімы паэт і мне вельмі хацелася б пачытаць яго па-беларуску.

І яшчэ. Дзе можна набыць дыск з запісамі сучаснай беларускай музыкі ў выкананьні швайцарскіх музыкаў, пра які ішла гаворка ў “Доме літаратара”?

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы бальшавікі-лукашысты, вы праяўляеце людаедзкае мысьленьне ў адносінах да маладых хлопцаў і дзяўчат, якія будуць героямі роднай Беларусі. Тое, што яны галадаюць, – гэта вашая віна, віна тых, хто падтрымлівае галоўнага начальніка Беларусі. Вы што, не разумееце, што суду ў нас няма, судзяць па ўказцы зь верху. Быў бы суд незалежны, хлопцы не галадалі б. Прыклад: Аляксандар Казулін, які ня згодны з галоўным начальнікам, за гэта яго трымаюць у турме больш за два месяцы, ня ведаюць, які артыкул яму выставіць, каб болей трымаць у турме – вынік бальшавіцка-лукашысцкай сыстэмы ў Беларусі”.

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Лукашэнка, пракурор, судзьдзі! Вы ўжо забілі чалавека і працягваеце зьдзекавацца зь яго душы. Мікалай вам душу аддаў за сваю нявіннасьць! Што вам яшчэ трэба? Як вам ня сорамна зьдзекавацца з чалавека, у якім ледзь тлее жыцьцё! Толькі вырадкі могуць дазволіць такія зьдзекі. Прэзыдэнцкая, судовая ўлада, вы сябе ўжо зганьбілі! Ня ганьбіце нашай Беларусі сваімі жахамі! Вы абавязаныя пасьля ўсяго, што зрабілі зь Мікалаем Аўтуховічам, вызваліць яго, калі яшчэ засталася надзея вярнуць яму здароўе і жыцьцё. Хопіць зьдзекавацца з сумленнага, прыстойнага чалавека!”

(Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: ) “І вось, калі знаходзісься значны час у палітыцы, знаходзісься ў палітыцы не ў кіраўнічых колах, то прыходзіш да высновы, што самым галоўным пытаньнем павінна быць выбарчае заканадаўства Беларусі. І вось у гэтым выбарчым заканадаўстве ёсьць палажэньні, якія дапамагаюць кіраўнічым колам Беларусі фальшаваць выбары. Чаму кіраўнікам дэмакратычных партыяў, кіраўнікам Радыё Свабода не падняць пытаньня, як зьмяніць выбарчае заканадаўства? Якія патрэбныя дзеяньні дэмакратаў, каб нешта зьмяніць? Чаму не зрабіць такое пытаньне – ня тое што тыдня, а году, а можа, нават да наступных выбараў: як зьмяніць заканадаўства, каб выбары ў Беларусі ішлі па законе, без фальшаваньня? Я папрасіў бы, каб вы правялі круглы стол і спыталі ў розных спэцыялістаў, як гэта ўсё робіцца. Інакш мы так і будзем боўтацца ў гэтым, прабачце, гнаі пажыцьцёва; будуць гінуць у нас людзі, будуць садзіць людзей за краты і будзем пустыя пытаньні задаваць грамадзянам Беларусі, каб яны адказвалі”.
XS
SM
MD
LG