Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Чалавек-амфібія”


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, Чалавек-амфібія, "па блату" – і іншыя. Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Напачатку 1962 году на беларускіх экранах зьявіўся фільм, які пабіў усе рэкорды глядацкай папулярнасьці. Гэта быў знакаміты “Чалавек-амфібія”, зьняты ў жанры фэнтэзі. Зрэшты, на той час кінагледачы ня ведалі такога слова, як ня ведалі і шмат чаго іншага. У прыватнасьці, тады мала хто ведаў – як жывуць людзі за мяжой, у якіх-небудзь тропіках, якая там прырода, і як там здабываюць жэмчуг. Усё гэта яны пабачылі ў згаданай карціне – так на той час называлі мастацкія фільмы. І не бяда, што на экране фігураваў перафарбаваны ў экзатычны колер ЗіЛ-157, а сама дзея разгортвалася на вуліцах старога Баку і на тле пазнавальных крымскіх краявідаў. Але самым адметным доказам нетутэйшасьці пабачанага быў галоўны герой – Іхтыяндар. Смуглявы, даўгавалосы прыгажун у белых шортах. Дарма, што актор, выканаўца галоўнай ролі, насіў тутэйшае прозьвішча Коранеў.

Першыя паказы фільму ў Менску зьбіралі вялізныя натоўпы. Усе праглі патрапіць на сэанс. У адным з кінатэатраў, па сьведчаньні відавочцаў, выламалі дзьверы, у іншым на ўваходзе прыдушылі дзяўчыну і давялося рабіць штучнае дыханьне. Менск ня быў выключэньнем у “чалавека-амфібійным” шаленстве. У маскоўскім кінатэатры “Расея” падчас прэм’еры разьбілі шкло і былі параненыя. У Піцеры экзальтаваныя дэвоткі перакулілі шапік, у якім прадавалі фотаздымак актора Ўладзімера Коранева. Маладыя маці таго году сталі называць Іхтыяндрамі сваіх першынцаў, а гарадзкія падлеткі гамузам падбіралі на гітарах мэлёдыю з фільма (гэтую: “Нам бы нам бы нам бы всем на дно…”)

Адна мая знаёмая на той час вучылася ў пэдінстытуце і распавядала, як павесіла ў інтэрнацкім пакойчыку маленькі, выцяты з “Советскога экрана” фотаздымак Іхтыяндра. Здымак правісеў толькі да вечару. Хтосьці зь сябровак прыбраў яго да рук, і сьлёзныя просьбы вярнуць сакрамант не далі плёну.

Дык у чым жа сакрэт колішняй папулярнасьці фільму? Відаць, ня толькі ў зьнешнасьці галоўнага героя. “Чалавек-амфібія”, бадай, першы савецкі фільм, стваральнікі якога рашуча адышлі ад савеччыны, стварыўшы, хай і дарэшты фантастычны, вобраз сацыяльна свабоднага чалавека. Дагэтуль, як і Іхтыяндра ў фільме, кінематограф трымалі прывязаным да ідэалягічнай катвігі. Гэтым разам кінагероі – Іхтыяндар і Гуціэрэ – вырваліся на паверхню і прадэманстравалі сьвету рамантычнае каханьне. І ўжо не на тле доменных печаў, і не ў працэсе перавыкананьня вытворчых плянаў. Таму на пытаньне: які ваш улюбёны фільм, многія беларускія жанчыны, якім зараз за пяцьдзесят, не задумваючыся адкажуць: “Чалавек-амфібія”.
XS
SM
MD
LG