Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскім Астрозе прапанавалі адкрыць Беларускі калегіюм


Кастусь Бандарук, Прага Украінскі горад Астрог, які ў мінулым быў калыскаю вышэйшай адукацыі, можа стаць адукацыйным цэнтрам для сучасных беларусаў. Зыходзячы з гістарычнага значэньня Астроскай акадэміі, з ініцыятывай стварэньня Беларускага калегіюму ў Астрозе выступілі былы рэктар Украінскага вольнага ўнівэрсытэту ў Мюнхэне, выкладчык унівэрсытэту “La Salle” ў Пэнсыльваніі Леанід Рудніцкі і ягоныя аднадумцы.

Ведаючы пра складанасьці, зь якімі сутыкаюцца маладыя беларусы, што хочуць вывучаць родную мову, літаратуру і гісторыю ў вышэйшых навучальных установах, Леанід Рудніцкі вырашыў дапамагчы ім і на базе Астроскай акадэміі стварыць Беларускі вольны калегіюм.

(Рудніцкі: ) “Мы ўсе добра ведаем сытуацыю ў Беларусі, і думаю, добра было б даць студэнтам зь Беларусі магчымасьць атрымаць адукацыю ў атмасфэры свабоды і вольнага абмену думак. Каб яны тут мелі магчымасьць паглыбіць свае веды зь беларускай гісторыі, культуры, замежных моваў, і пранікліся духам дэмакратыі. У плянах стварэньне двух факультэтаў: філязофіі і паліталёгіі. Націск быў бы зроблены таксама на замежныя мовы. Калі я падзяліўся гэтай задумай з маімі нямецкімі калегамі, дык некаторыя зь іх заявілі: “Калі такое ажыцьцёвіцца, дык я магу сабе дазволіць увесь сэмэстар чытаць лекцыі без асаблівага матэрыяльнага ўзнагароджаньня”.

Аргумэнтаў на карысьць стварэньня такой навучальнай установы шмат, пачынаючы з гістарычных перадумоваў. На пачатку XVI стагодзьдзя астроскі князь стаў на чале войска Вялікага Княства Літоўскага і зь сіламі, утрая меншымі за сілы праціўніка, перамог пад Воршай маскоўскае войска. У Астрозе першадрукар зь беларускімі каранямі Іван Фёдараў, які называў сябе Федаровіч, выдаў лемантар і Біблію. У Астроскай акадэміі выкладаў вядомы філёзаф-палеміст Андрэй Рымша. На карысьць стварэньню калегіюму і той факт, што й цяпер на Ровеншчыне жыве шмат этнічных беларусаў. Ідэю стварэньня ў Астрозе вышэйшай навучальнай ўстановы для беларусаў падтрымалі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG