Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту


*** Па беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

На сайце “Трэці лішні” (3.lishni.org) ладзяць палітычны кастынг “Слабае зьвяно”. Стваральнікі сайту вырашылі правесьці сэрыю параўнальных фота-публікацыяў: палітык ад апазыцыі й палітык ад улады.

Наведнікам прапануюць выказваць сваё меркаваньне пра кожную прапанаваную пэрсону па такіх пунктах:

1. Якія якасьці ўласьцівыя 2. Якіх бракуе 3. Найлепшая ідэя 4. Што зрабіў для Беларусі

У першым раўндзе палітычнага кастынгу ўдзельнічалі Леанід Козік і Анатоль Лябедзька. У другім прапануюць параўнаць Сьцяпана Сухарэнку й Вінцука Вячорку.

У ЖЖ-суполцы менскіх блогераў minsk_by гавораць пра ўчорашні пікет на Кастрычніцкай плошчы ды пра тое, што ў Аляксея Казуліна, пляменьніка экс-кандыдата на прэзыдэнта, пры затрыманьні быццам бы знайшлі наркотыкі – пра гэта заяўляў сам малады чалавек, якога й цытавала “Хартыя-97”. “Увага ўсім, – піша kende_r. – Існуе небясьпека, што наркотыкі, зброю могуць знайсьці ў кожнага. Таму пара рэкамэндацыяў. На акцыі браць мінімум рэчаў. У ідэале – вопратка, ва ўнутрнай кішэні пашпарт. І ўсё! Ніякіх заплечнікаў, торбаў, пакетаў. Вельмі пажадана зашываць усе вонкавыя кішэні”.

На форуме Беларускага ўфалягічнага камітэту (ufo-com.net) абмяркоўваецца тэма. “Ці мае хто зьвесткі, што сьвяты Грааль мог трапіць на тэрыторыю сучаснай Беларусі? Гэта будзе гучэць дастаткова голасна, але на сёньня называлася толькі Англія ў якасьці месца, дзе ён можа знаходзіцца. У той самы час першапачаткова ён быў недзе ў краінах Блізкага Ўсходу, то бок, каб пераправіць яго некуды варта было б прайсьці немалы шлях, які цалкам мог пралягаць праз ВКЛ, калі гэтая дастаўка ажыцьцяўлялася ў сярэднія вякі”, – піша на беларускім форуме уфолягаў нехта Butoff.

Сайт “Дарадца” (tsovetnik.at.tut.by) вучыць людзей, як прачытваць знакі, якія нам падае лёс. У якасьць прыкладу такога прачытаньня “знакаў” прыводзіцца гісторыя 38-гадовай Марты: “24 лістапада 2004 году я атрымала проста ашаламляльны знак. Мы зь Люцікам (гэта мой любімы коцік) езьдзілі ў вэтэрынарную лякарню. Я лічыла, што кацяняці каля 8 месяцаў. Аднак лекар сказаў, што яму болей за год! Я захапляюся астралёгіяй і па некаторых падзеях спрабавала вылічыць дату нараджэньня свайго ўлюбёнца. Найбольш верагодным варыянтам было 2 красавіка 2004 году. Калі вэтэрынар меў рацыю, я памылілася сама меней на 4 месяцы! Карацей, я была ў вялікай скрусе. У той самы вечар, ня памятаю ўжо навошта, мне спатрэбілася старая газэта. Наўздагад выцягнула са стосу адну, зірнула на старонку ды ахнула! Перад вачыма была праграма тэлеперадачаў на 2 красавіка 2004 году! Здараецца ж такое!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG