Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюро АБСЭ выдала 50 парадаў па выніках прэзыдэнцкіх выбараў


Сяргей Абламейка, Прага і Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ апублікавала больш за 50 рэкамэндацый беларускім уладам, як зрабіць выбары ў Беларусі адпаведнымі нормам АБСЭ. Рэкамэндацыі – частка заключнага паведамленьня адносна прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году, якія былі прызнаныя несправядлівымі і несвабоднымі паводле АБСЭ, а таксама бальшыні іншых міжнародных назіральнікаў і арганізацый.

Сярод 50-ці рэкамэндацый АБСЭ – ясны падзел паміж дзяржавай і палітычнымі партыямі, захаваньне таемнасьці галасаваньня, а таксама роўны і бесьперашкодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.

У іншых пунктах дакумэнту распрацаваныя парады што да фінансаваньня выбарчай кампаніі, рэгістрацыі кандыдатаў, разгляд скаргаў і зваротаў грамадзянаў, а таксама канчатковага падвядзеньня вынікаў выбараў і назіраньня за імі.

Паводле прэсавага прадстаўніка БДіПЧ АБСЭ Урдур Гунарсдотыр, яе арганізацыя чакае ад беларускіх уладаў перадусім далучыцца да працэсаў дэмакратызацыі ўласнага грамадзтва:

(Гунарсдотыр: ) "Мы заклікаем беларускія ўлады перадусім паказаць жаданьне да зьменаў, да паляпшэньня сытуацыяў. Мы даем нашыя прапановы, як на нашую думку сытуацыю можна палепшыць, гатовыя дапамагчы, гатовыя да супрацоўніцтва і галоўная мэта – пабачыць ад іх жаданьне пераменаў. Да гэтага мы заклікаем".

(Карэспандэнт: ) "Шмат месца ў рэкамэндацыях прысьвечана даволі відавочным рэчам – гарантыям свабоднага выбару, доступу да інфармацыі, права грамадзянаў на аб’яднаньні. Ці гэта значыць, што ўсе гэтыя сфэры патрабуюць у Беларусі сур''ёзных пераменаў?"

(Гунарсдотыр: ) "Так, у сфэрах, пра якія вы гаворыце, мы хочам пераменаў. Мы б хацелі, каб ня толькі што да выбараў, але ўвогуле людзі ў Беларусі былі ўпэўненыя, што іхныя правы гарантуюцца, каб яны маглі выказвацца бяз страху".
XS
SM
MD
LG