Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Глухое грамадзтва ня чуе і ня хоча чуць галасоў моладзі, якая трымае галадоўку”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 7 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Масавая палітычная галадоўка, якую больш за тыдзень трымалі салігорскія маладафронтаўцы й якую падтрымалі апазыцыйныя актывісты з шэрагу іншых беларускіх гарадоў, застаецца адной з галоўных тэмаў нашай пошты апошняга тыдня. Ці магла апазыцыйная моладзь дасягнуць сваіх мэтаў з дапамогай такіх мэтадаў? Пра што сьведчыць масавы характар галадоўкі? Чаму беларуская ўлада не адрэагавала на гэтыя пратэсты?

Вось як адказвае на гэтыя пытаньні наш слухач Леанід Багалюбаў зь Віцебску:

“Вельмі шкада гэтых хлопцаў і дзяўчат, якія адважыліся на такі небясьпечны й мужны ўчынак. А найбольш мяне ўражвае й абурае тое, што на галадоўку ніяк не адрэагавала грамадзтва. Дзе масавыя дэманстрацыі? Дзе пратэсты ля адміністрацыі прэзыдэнта? Дзе абурэньне й салідарнасьць? Паколькі ўсяго гэтага не было, дык і ўлада не адрэагавала на галадоўку. Разьлік — на тое, што ўсё само неяк вырашыцца: галадоўшчыкі альбо паўміраюць, альбо спыняць галадоўку. І самае сумнае, што так яно і будзе. Галасы адчайнай моладзі — гэта галасы ў пустэльні. Глухое грамадзтва іх ня чуе і ня хоча чуць”.

А ці мела грамадзтва магчымасьць, спадар Багалюбаў, даведацца пра гэтую галадоўку й пра патрабаваньні яе ўдзельнікаў? Ці паведамлялі пра акцыю пратэсту дзяржаўныя газэты, тэлебачаньне і радыё? Без уліку гэтых абставінаў вашыя папрокі гучаць у многім несправядліва. Хоць, вядома, грамадзкае стаўленьне да палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, — гэта вялікая праблема для дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Калі б грамадзкая думка цалкам была на баку тых, хто хоча зьменаў у дзяржаве, гэтыя зьмены, хутчэй за ўсё, ўжо адбыліся б.

На тэму палітычных галадовак выказаўся ў сваім кароткім лісьце на “Свабоду” і наш даўні сябар, краязнаўца Алесь Шустоўскі з Барысава. Ён піша:

“Незалежныя мэдыі цяпер дужа шмат месца адводзяць галадоўкам. Пра гэта гавораць і па “Свабодзе”, і ў апошнім нумары “Народнай Волі” за 30 траўня кідаецца ў вочы загаловак: “Пятая галадоўка Мікалая Аўтуховіча”. Адносна палітычных галадовак, на маю думку, варта паслухаць тых, хто прайшоў вялікую шматгадовую школу рэвалюцыйнай дзейнасьці, ссылак і катаргі. Не палянуйцеся і знайдзіце ў бібліятэцы “Дзёньнік зьняволенага” — аўтабіяграфічныя нататкі Фелікса Дзяржынскага. Жалезны Фелікс пісаў: “Галадоўка — ня мэтад барацьбы з дэспатызмам”. Катэгарычна і вельмі трапна”.

Стваральнік і кіраўнік ВЧК Фелікс Дзяржынскі вядомы ня столькі сваімі выказваньнямі, колькі арганізацыяй “чырвонага тэрору” — рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў бальшавіцкага рэжыму й нават іх фізычнага зьнішчэньня без суду й сьледзтва. У створанай ім сыстэме галадоўкай, сапраўды, нельга было дамагчыся ніякай мэты — там жыцьцё вязьня нічога не каштавала. Так што ў гэтай справе апэляваць да Дзяржынскага як да нейкага маральнага аўтарытэта, на маю думку, спадар Шустоўскі, не зусім дарэчы.

Новы ліст даслала наша сталая слухачка і аўтарка Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. Гэтым разам яна распавяла пра новыя турботы сваіх аднавяскоўцаў:

“У Бакштах абвясьцілі, нібы ўсе прыватныя каровы хворыя на леўкоз, а таму іх трэба здаць і адвезьці на мясакамбінат. Усё гэта нагадвала часы прымусовай калектывізацыі. Людзі плакалі, адмаўляліся верыць, але ўлады адабралі кароваў у прымусовым парадку. Многія кажуць, што каровы тыя ў сапраўднасьці не былі хворыя, а людзей проста падманулі”.

Далей у лісьце Валянціна Сакаловіч піша пра ўласныя праблемы:

“У вёсцы я жыву ўжо дзесяць гадоў, але спакойнага жыцьця ня маю. У іх для мяне няма працы. Вось учора апошні раз атрымала дапамогу па беспрацоўі — 20 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер паўгоду буду стаяць на ўліку на біржы бяз выплаты ўтрыманьня: гэта значыць, паўгоду ўвогуле нічога ня будуць плаціць. І жыві як хочаш”.

Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі вельмі нізкі — вагаецца ў межах аднаго-двух працэнтаў. Але з рэальнымі маштабамі зьявы гэта лічба мае мала агульнага. Улада вызначыла беспрацоўным такі мізэрны памер грашовай дапамогі й абставіла ўмовы атрыманьня гэтай дапамогі такімі грувасткімі й прыніжальнымі працэдурамі, што многія людзі, страціўшы працу, проста ня бачаць сэнсу ў хаджэньні па чыноўніцкіх кабінэтах. Гэтыя грошы куды прасьцей і хутчэй можна зарабіць выпадковай працай.

Да ўсяго іншага, аказваецца, нават на нікчэмныя 20 тысяч дапамогі беспрацоўны можа разьлічваць толькі абмежаваны адрэзак часу. З дапамогай такіх мэтадаў афіцыйную статыстыку занятасьці можна зрабіць ідэальнай: станавіцца на ўлік увогуле хутка ня будзе сэнсу, бо дзяржаўнай дапамогі ледзь хопіць на праезд у грамадзкім транспарце да службы занятасьці.

Ліст ад Іосіфа Закрэўскага — удзельніка вайны, былога настаўніка, які жыве ў Менску:

“Далучыў мяне, старога, да вашых перадачаў сын, які падарыў летась на юбілей кароткахвалевы прыймач. Ён жа дапамог аформіць гэты ліст, аддрукаваў яго на машынцы. Прызнаюся, на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, у 2001 годзе, я, як і мая жонка (такая ж старая, як і я, расейка па нацыянальнасьці) галасавалі за Лукашэнку. Паверылі яму. Але ў апошні час, калі слухаю ягоныя бясконцыя выступы па радыё й тэлебачаньні, калі даведаўся з выступаў апазыцыйных кандыдатаў пра некаторыя ягоныя непрыгожыя ўчынкі, я, як кажуць, завагаўся, стаў сумнявацца. Зьявіліся пытаньні…”

Сярод пытаньняў, якія найбольш цікавяць Іосіфа Закрэўскага — адсутнасьць адзінства сярод апазыцыі й інтэлігенцыі. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Здавалася б, у адказны для краіны момант яны павінны б аб’яднацца, заняць усе разам цьвёрдую пазыцыю, супольна адказаць на актуальнае пытаньне: “З кім вы, майстры культуры?”. А яны? Хто ў лес, хто па дровы. Ярмоленка заліваецца салаўём — сьпявае пра Бацьку. Як цунамі, прайшліся па краіне вялізныя гастролі “За Беларусь” розных народжаных у СССР газманавых і меладзэ, аплачаных невядома зь якога фонду. А нашы паважаныя пісьменьнікі? (Маю на ўвазе ня тых адшчапенцаў-перабежчыкаў, а сапраўдных пісьменьнікаў, майстроў беларускага слова.) Адны — як Пашкевіч і Някляеў, падтрымліваюць Казуліна; другія, падобна, на баку Мілінкевіча. Трэція ўзяліся штурмаваць камітэт Нобэлеўскіх прэміяў — знайшлі час. Словам, хто ў лес, хто — па дровы. Але ж, як добра сказаў нядаўна па тэлефоне адзін слухач “Свабоды”, калі ня будзе адзінства, дык ня будзе і перамогі”.

Дасягнуць поўнага адзінства поглядаў на палітычныя й грамадзкія праблемы сярод творчых людзей наўрад ці магчыма, спадар Закрэўскі. Дый ці варта гэтага дамагацца? Той раскол, які адбыўся ў асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі — працэс для аўтарытарнай дзяржавы заканамерны й натуральны. Дзіўна было б, калі б у адной творчай арганізацыі заставаліся людзі, у якіх дыямэтральна процілеглыя погляды на лёс беларускай дзяржаўнасьці, нацыянальнай мовы, на дэмакратычныя каштоўнасьці, на будучыню самой беларускай нацыі.

Наша слухачка Клаўдзія Матрунчык зь Менску — цяпер пэнсіянерка, але ўсё жыцьцё працавала настаўніцай. Цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю. З асаблівым задавальненьнем слухае па “Свабодзе” “Беларускую Атлянтыду”. Слухачка піша:

“З гэтай перадачы я даведваюся шмат новага й цікавага. Бывае, з чымсьці й не пагаджаюся ці хачу дапоўніць. Так выйшла зь нядаўняй перадачай пра валуны. Слухала зь цікавасьцю й радасьцю, што нарэшце ўзьнялі гэту тэму. Тое, што ёсьць у Беларусі музэй валуноў — і праўда, хораша. Гэта ж зьберажэцца для нашых унукаў. Але я ведаю, што з маёй роднай Вушаччыны камень забіралі гвалтам. Гэта ж быў ня проста камень. Яшчэ мая бабуля хадзіла да яго памаліцца за здароўе. Камень шанавала ўся вёска. А тут прыехалі й забралі. І нешта нібы абарвалася ў нашай вёсцы. Можа, такія камяні — ад Бога, і іх нельга чапаць? І хто прыйдзе да такога валуна памаліцца ў гэты музэй, дзе гараджане прывыклі выгульваць сабак?”

Напэўна, у вашых, спадарыня Матрунчык, развагах і шкадаваньнях ёсьць сэнс. Памятаю, калі гэты музэй паўставаў, у 1986 годзе мне давялося браць інтэрвію ў аднаго зь яго стваральнікаў — навукоўца Інстытуту геахіміі й геафізыкі Ляўкова. Мы хадзілі па нядаўна асушаным балоце, якому належала ператварыцца ў гіганцкую мапу Беларусі; мой суразмоўца цікава і натхнёна расказваў пра задуманае, пра тое, як у розных раёнах Беларусі яны шукалі валуны, зь якімі цяжкасьцямі дастаўлялі сюды... І пра гэты аспэкт — пра тое, што многія валуны сталі часткай духоўнага асяродзьдзя сваёй мясцовасьці, і нельга было адрываць іх ад той зямлі бяз згоды на тое мясцовых людзей — тады, прызнаюся, не згадвалася.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG