Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць у Горадні пра прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў?


Радыё Свабода, Горадня Як вы ставіцеся да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў? Наколькі цярпіма іх успрымаюць вашыя калегі й знаёмыя? На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенскія мінакі.

(Дзяўчына: ) “Я ўвогуле да іх стаўлюся пазытыўна, але не вітаю шлюбаў паміж імі. Сёньня я чула па “Эўраньюс”, што ў ЗША вырашаецца пытаньне з папраўкай да заканадаўства наконт таго, што шлюб — гэта менавіта саюз паміж мужчынам і жанчынай”.

(Спадар: ) “Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Людзі — свабодныя, як хочуць, няхай сябе так і паводзяць, такое маё меркаваньне”.

(Малады спадар: ) “Калі яны, груба кажучы, не перашкаджаюць жыцьцю іншых, дык тады я да іх стаўлюся даволі талерантна. Вы ведаеце, а стаўленьне ў грамадзтве да іх вельмі нэгатыўнае, таму што грамадзтва яшчэ не дайшло да адпаведнага ўзроўню. Яно разумее ўсё, але павінна быць адпаведнае афіцыйнае меркаваньне ўлады выказана з гэтай нагоды. Калі яно будзе выказана, тады грамадзтва будзе гатовае зразумець гэта і прыняць”.

(Дзяўчына: ) “Я нармальна да іх стаўлюся. Я вучуся ў магістратуры і, ведаеце, ніхто ў нас не выказваецца наконт гэтага пытаньня адмоўна”.

(Маладзён: ) “Нармальна я стаўлюся да іх, хай жывуць як хочуць”.

(Спадар: ) “Не, мне яны не падабюцца, вельмі не падабаюцца. Дапусьцім, я зь імі не сутыкаўся, але гэта ўсё ненатуральна”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся вельмі нармальна да мужчынаў, а кабетаў ня надта разумею. У маім коле ёсьць людзі нетрадыцыйнай арыентацыі. Меркаваньні розныя выказваюцца, часьцей з гумарам да гэтага ставяцца, чым, скажам, адкрыта нэгатыўна пра гэта гавораць. Многія ставяцца з разуменьнем. Але большасьць на гэта глядзіць як на бяду, што гэта сапраўды бяда чалавека”.

(Дзяўчына: ) “Да гэтага я стаўлюся, натуральна, нэгатыўна, таму што гэта накшталт нейкага бруду грамадзтва. Людзі павінны і думаць чыста, і выказваць чыста свае пачуцьці. А гэта ўжо ня людзі, я б сказала. Я хаджу ў царкву, але гэта менавіта мае прынцыпы, і я іх прытрымліваюся”.

(Дзяўчына: ) “Нэўтральна я да іх стаўлюся. Мне асабіста яны жыць не перашкаджаюць. Большасьць, мне здаецца, ставіцца да гэтага пытаньня ўсё ж нэўтральна”.

(Спадар: ) “А я адмоўна стаўлюся, мужык павінен быць мужыком”.

(Спадар: ) “Я кепска, кепска стаўлюся да іх, бо я паўжыцьця ў турме праседзеў”.

(Маладзён: ) “Нэўтральна да іх стаўлюся, кожны мае свабоду рабіць тое, што яму хочацца, і паводзіць сябе адпаведна. Мне ўсё роўна. Сярод маіх калегаў, па-мойму, усе да гэтага ставяцца нэўтральна”.
XS
SM
MD
LG