Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія мэдыкі – супраць прыезду дактароў зь Беларусі і Ўкраіны


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Апошнім часам, адна з галоўных тэмаў у Польшчы – страйкі мэдыкаў, якія патрабуюць падвышэньня заробкаў. Цікава, аднак, што некаторыя польскія лекары пратэстуюць таксама супраць доступу да працы ў Польшчы іхных калегаў зь Беларусі.

У некаторых рэгіёнах заходняй Польшчы ў шпіталях ужо адчуваецца недахоп лекараў і мэдыцынскіх сёстраў – шмат хто зь іх едзе працаваць у заходнюю Эўропу, бо там заробак прынамсі ў 4-5 разоў вышэйшы.

Нямеччына і Францыя настолькі зацікаўленыя ў польскіх лекарах, што прапаноўваюць ім нават бясплатныя курсы мовы. Частка студэнтаў-будучых мэдыкаў ужо маюць прапановы працы на захадзе.

Прафэсар Яцэк Дубін з Кракаўскага ўнівэрсытэту:

(Дубін: ) “З размоваў з тымі студэнтамі, якія былі на практыцы ці стажыроўках у краінах заходняй часткі Эўразьвязу, ясна вынікае, што большасьць зь іх ужо маюць прапановы працы там па сканчэньні навучаньня”.

Паводле некаторых падлікаў, цягам бліжэйшых двух гадоў на захад могуць зьехаць каля 30% польскіх мэдыкаў, а ўжо цяпер па адпаведныя паперы зьвярнуўся кожны што пяты зь іх ліку.

У такой сытуацыі кіраўнікі шэрагу мэдычных установаў Польшчы, як прыкладам дырэктар шпіталяў у горадзе Рыбнік Томаш Леанкевіч, прапаноўваюць спрасьціць працэдуру атрыманьня дазволу на працу ў Польшчы для лекараў зь Беларусі і Ўкраіны, якім прапаноўвалася б аплата ў памеры 9-10 даляраў за гадзіну.

Кіраўнік акруговай Палаты лекараў Анджэй Цёлка, аднак, заявіў, што лекарскія арганізацыі на гэта ня згодныя, бо трэба дамагчыся ад ураду годнага заробку для спэцыялістаў-палякаў, каб тыя ня ехалі на захад, а не запрашаць на іхныя месцы лекараў зь Беларусі.

(Цёлка: ) “Мы б не хацелі пратэставаць, а спакойна працаваць, Але мы павінны атрымліваць за сваю працу годны заробак”.

Прапановы ў справе спрашчэньня правілаў атрыманьня дазволу на працу ў Польшчы для лекараў зь Беларусі і Ўкраіны ў парлямэнце пакуль не абмяркоўваліся.
XS
SM
MD
LG