Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі ў Салігорску прыпыняюць акцыю пратэсту


Севярын Квяткоўскі, Салігорск “Маладафронтаўцы”, а таксама тыя, хто ім спачувае, цягам дзевяці дзён пратэставалі супраць перасьледу іх арганізацыі – “Малады Фронт”, супраць утрыманьня пад вартай палітзьняволеных, а таксама высоўвалі лякальнае патрабаваньне: аднавіць на вучобе ў салігорскім ПТВ-72 свайго паплечніка Максіма Сяменчыка. Галадоўцы пайшлі насустрач просьбам сваіх бацькоў і грамадзкасьці ды пачынаюць прымаць ежу. Але дэкляруюць, што працягнуць барацьбу і падтрымку сваіх сяброў, якія надалей галадуюць у розных гарадох Беларусі.

Больш за ўсіх з прынятага рашэньня шчасьлівая маці непаўнагадовых галадоўнікаў Ільлі ды Івана Шылаў Сьвятлана Шыла:

(Шыла: ) “Я ганаруся сынамі, і мяркую, што ў будучыні, канешне, гэта ўсё ацэніцца, але ня зараз. Яны б такія не вырасьлі, калі б у нас з бацькам былі іншыя погляды. Яны свабодалюбівыя, разумееце?”

Перад выхадам з галадоўкі ўдзельнікі далі свае ацэнкі акцыі, у якой бралі ўдзел.

Уладзімер Лемеш, АГП:

(Лемеш: ) “У першую чаргу, я ацаніў свае сілы, на што рэальна здольны”.

Іван Шыла, “Малады Фронт”:

(Шыла: ) “Я лічу, што гэтая галадоўка недарэмная, бо мы добра прадэманстравалі сваю грамадзкую пазыцыю. І яшчэ раз пабачылі, як дзяржава дэманструе сваю пазыцыю да простых грамадзянаў: нават тое, што тут непаўналетнія галадавалі – ім усё роўна. Ніякіх крокаў з боку ўладаў мы не пабачылі”.

Павал Батуеў, партыя БНФ:

(Батуеў: ) “Мы тут добра пасябравалі. Мы прачыталі шмат кніжак, і прыцягнулі ўвагу да праблемаў рэпрэсіяў канкрэтна тут у Салігорску. На жаль, мы ня здолелі прыпыніць гэтую праблему цалкам. Але ў гэтай дзяржаве гэта такімі сродкамі, як галадоўка, ня вырашыш”.

Ільля Шыла, “Малады Фронт”:

(Шыла: ) “Першыя тры дні было цяжка маральна – тое, што галадоўка. А потым было нармалёва, мы звыкліся з гэтым. Чыталі кніжкі, у нас быў інтэрнэт…”



Сяржук Пацкевіч, “Малады Фронт”:

(Пацкевіч: ) “Я быў бы рады, каб такія акцыі працягваліся ўвесь час. Але гэтая галадоўка – толькі пачатак. Ува мне яшчэ больш бунту зьявілася – прадэманстраваць уладам, што моладзь супраць. Калі празь які месяц пачнецца штосьці падобнае, я падтрымаю”.

Усе ўдзельнікі салігорскай галадоўкі падкрэсьлілі, што будуць працягваць адстойваць свае патрабаваньні, і падтрымліваць сваіх сяброў, якія галадуюць у іншых гарадох Беларусі.
XS
SM
MD
LG