Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Мікалай Аўтуховіч два тыдні працягваць сухую галадоўку?


Радыё Свабода, Гародня Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку 13 красавіка, калі яго ўзялі пад варту ў судовай зале. Яго ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы. Судовы працэс над ім уступіў у актыўную стадыю з 27 красавіка. Падсудны дамагаўся, каб яму зьмянілі меру стрыманьня, але суд адмовіў, таму 23 траўня Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку. Праз тыдзень пасьля судовага паседжаньня ён страціў прытомнасьць, і яму ў турэмнай мэдчастцы паставілі кропельніцу. Страта прытомнасьці, а затым кропельніца паўтарыліся празь дзень.

Само сабой узьнікае пытаньне наконт працягу сухой галадоўкі. Паводле спэцыялістаў, Аўтуховічу двойчы, ставячы кропельніцу, улілі па некалькі літраў вадкасьці. Гэта ўжо азначае, што ягоная галадоўка перастала быць сухой. Рэальна чалавек можа вытрымаць без вады 5-7 дзён, максымум 9 дзён — у тым выпадку, калі ён адмовіўся ад вады зь першага дня. Паводле спэцыялістаў, Аўтуховіч мог напачатку адмовіцца ад вады, каб завастрыць сытуацыю, прыцягнуць да сябе ўвагу. Аднак спэцыялісты зазначаюць, што працяглая сухая галадоўка непазьбежна прывядзе да сьмерці.

Адвакаты Аўтуховіча апошнім часам маюць зь ім кантакты толькі ў судовай залі. Калі яго саджаюць у клетку, яны падыходзяць да яе і сьцісла перамаўляюцца наконт судовага працэсу, весьці размовы на іншыя тэмы няма магчымасьці. Адвакаты лічаць, што іхні падабаронны працягвае не прымаць ежу.

Цяперашняя галадоўка Мікалая Аўтуховіча — пятая па ліку. Тройчы ён галадаў на волі, пратэстуючы супраць штрафных санкцый з боку падатковай службы, двойчы галадоўкі рабіліся масавымі, да яго далучаліся кіроўцы таксовак, ягоныя калегі. Самай працяглай стала галадоўка, якую Мікалай Аўтуховіч правёў пры канцы мінулага году, калі яго на час сьледзтва пасадзілі за краты. Ён галадаў 74 дні і страціў прыблізна 38 кіляграмаў. Пасьля гэтага яго перавялі пад хатні арышт. Пазьней ён уцёк з-пад хатняга арышту і два месяцы хаваўся, аднак быў затрыманы ў Менску 8 красавіка.

Аўтуховіча абвінавачваюць у тым, што ён не заплаціў усе падаткі і нанёс страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Ён лічыць сябе невінаватым, і спрабуе давесьці сваю невінаватасьць пад час судовага працэсу, які адбываецца ў Горадні ў Кастрычніцкім раённым судзе.
XS
SM
MD
LG