Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае мястэчка – радзіма Інтэрнэт-апосталаў


Радыё Свабода Прадстаўнікі створанага ў 18 стагодзьдзі ў Беларусі руху любавіцкіх хасідаў абвясьцілі вайну сэксу ў інтэрнэце. Як паведамляе тэль-авіўскае выданьне "Yediot Ahronoth", свой першы рашучы ўдар гэтак званыя вэб-апосталы, альбо папросту хакеры, нанесьлі па ізраільскіх порнасайтах.

Звычайна атака любавіцкіх хакераў выглядае так: на фрывольных карцінках габрэйскіх порнасайтаў раптам пачынаюць зьяўляцца контуры, а затым вобраз рабіна Мэнахіма Мэндэля Шнэерсона, колішняга выхадца зь Беларусі, якога сябры любавіцкага руху лічаць сваім Мэсіяй. Порнакарцінкі, а часам і ўвесь зьмест сайту паступова зьнікаюць, зьяўляецца надпіс: “Мы зьнішчаем гэтую старонку, а разам зь ёй усё гэтае мярзоцьце”.

Інтэрнэт-апосталы папярэджваюць, што наведаньне падобных сайтаў прыводзіць людзей да шматлікіх праблемаў, жабрацтва і нават заўчаснай сьмерці. Пасьлядоўнікі любавіцкага рэбе перакананыя, што зьяўленьне Мэсіі ў інтэрнэце азначае надзею на тое, што яшчэ надыйдзуць часы міру, свабоды і дабрабыту.

Да руху любавіцкіх артадаксальных габрэяў цяпер належаць каля 200 тысячаў чалавек. Адной з галоўных сьвятыняў гэтыя людзі лічаць сваю малую радзіму – Любавічы – маленькае мястэчка на мяжы Віцебшчыны і Смаленшчыны, якое цяпер належыць Расеі. Апошнім часам у гэтай цяпер глухой расейскай вёсцы, дзе калісьці жылі хасідзкія цадзікі, і нават дагэтуль захаваліся магілы чатырох пакаленьняў любавіцкіх рабінаў, усё часьцей можна сустрэць замежных габрэйскіх пілігрымаў. Іхны маршрут у Любавічы традыцыйна палягае праз дарагія іхным сэрцам мясьціны – Віцебск і мястэчка Лёзна, дзе нарадзіўся Марк Шагал.
XS
SM
MD
LG