Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя беларускія мастакі ў Нью-Ёрку (фота)


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Юля і Алесь Вінакуравы, Арцём Міралевіч (Нью-Ёрк).

Сёньня ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа” мы працягнем тэму мінулай перадачы пра беларускую моладзь у Нью-Ёрку Мы згадвалі пра тое, што там рыхтуецца выстава беларускіх мастакоў.

(Сурмач: ) “Юля і Алесь Вінакуравы жывуць у Амэрыцы параўнальна нядаўна – каля двух гадоў, але пасьпелі ўжо нешта зрабіць ня толькі для сябе асабіста, але і для беларускай справы. Яны пачалі займацца тым накірункам, якім да сёньня ў Нью-Ёрку, як выглядае, пакуль ніхто зь беларусаў не займаўся. Алесь і Юля хочуць прапагандаваць там беларускае мастацтва.

Юля – прафэсійная мастачка, а яе муж Алесь – прафэсійны кампутаршчык, праграміст. Алесева захапленьне мастацтвам можна назваць ягоным хоббі, якое займае ўсё большае месца ў ягоным жыцьці.

(Вінакураў: ) “Так, гэта праўда. Захапленьне мастацтвам пачалося ў мяне зь дзяцінства, але нейкая такая праца ў гэтай галіне пачалася ня так даўно, гады чатыры таму. Гэта ўсё мне перадалося ад сям''і Шатэрнікаў. Калі мы пачалі сустракацца зь Юляю, я пачаў дапамагаць яе бацьку, зьявіліся нейкія ідэі, што можна зрабіць”.

Бацька Юлі – вядомы беларускі скульптар і жывапісец Алесь Шатэрнік. Пасьля таго, як Юля і Алесь Вінакураў узялі шлюб і ад’ехалі ў 2004 годзе ў Амэрыку, сумесная творчая праца іх з бацькам не перапынілася. Дарэчы, свае карціны Юля падпісвае сваім дзявочым прозьвішчам – Шатэрнік.

(Вінакурава: ) “Ён быў тры месяцы тут, зьбіраецца з маці прыехаць у лістападзе. У яго будзе персанальная выстава ў Джэрзы-сіті, у Расейскім музэі”.

Алесь кажа, што гэта будзе ўжо другая выстава, першая выстава Алеся Шатэрніка ў гэтым музеі адбылася нядаўна.

(Вінакураў: ) "Месяц таму там была выстава, Алесь і Юля Шатэрнікі прымалі ўдзел, гэта была міжнародная выстава".

Удзел беларускіх мастакоў у гэтай выставе стаў магчымым дзякуючы кантактам Алеся Вінакурава. Алесь, раскажыце троху, што гэта за музей?

(Вінакураў: ) “Гэта музэй, які быў заснаваны вельмі вядомым расейскім дысідэнтам Аляксандрам Глэзерам. Ён быў выгнаны з Савецкага Саюзу за арганізацыю выставаў авангарднага мастацтва. З таго часу ён падтрымліваў і падтрымлівае мастацтва. Там няма ніякіх межаў, ці гэта расейскае, ці гэта грузінскае, ці беларускае мастацтва, а зараз і амэрыканскае".

Гэта прыватная ўстанова, ён за ўласныя сродкі гэты музей стварыў?

(Вінакураў: ) “Так, гэта ўсё за ўласныя грошы, амаль што ніякай дапамогі музей не атрымлівае. Ён знаходзіцца ў Джэрзы-сіті, будынак 80, Grand Str.”

І там ёсьць беларускае мастацтва, да Шатэрнікаў там быў ужо нехта з беларусаў?

(Вінакураў: ) “Думаю, што не”.

Як Вам удалося навязаць гэтае супрацоўніцтва?

(Вінакураў: ) “Пазнаёміліся, ён добры чалавек, добра разумее, што трэба падтрымліваць мастакоў. Ён убачыў, што і ў мяне такія погляды, што я таксама гатовы дапамагаць”.

Сапраўды, Алесь Вінакураў, які скончыў у Амэрыцы ўнівэрсытэт Ратгерс і працуе праграмістам у амэрыканскай фірме на Мангэтане, паставіў сабе за мэту прапагандаваць у Нью-Ёрку беларускіх мастакоў. Зразумела, што найперш аказваў дапамогу сваім блізкім – фактычна, ён зьяўляецца мэнэджэрам Юлі, – але ягоныя пляны больш шырокія.

(Вінакураў: ) “Я спрабую дапамагаць наогул беларускаму мастацтву ў сэнсе арганізацыі нейкіх выставаў ня толькі Юлі і Алеся Шатэрнікаў, але і іншых беларускіх мастакоў.

Калі я сюды прыехаў, пабачыў, што тут больш магчымасьцяў нешта рабіць, больш доступу да Інтэрнэту, усяго больш. Тут умовы нашмат лепшыя, чым у Беларусі, таму што свабодна даюць працаваць і кампаніям, і простым людзям, няма на што скардзіцца.

Ёсьць дамоўленасьць з гэтым Музэем расейскага сучаснага мастацтва аб удзеле нашых беларускіх мастакоў у міжнароднай выставе ў лістападзе гэтага году. Будзе прадстаўлена 9 беларускіх мастакоў, у тым ліку такія, як Алесь Шатэрнік, Алесь Марачкін, Марта Шматава, Уладзімер Сулкоўскі і іншыя”.

Удзел беларускіх мастакоў у выставе будзе за кошт музея?

(Вінакураў: ) “Не, гэта ня будзе за кошт музэя, мы самі тут зьбіраем грошы, людзі ахвяруюць. Наступнай вясною мы плянуем вялікую выставу толькі беларускага мастацтва. Зараз ужо папярэднія дамоўленасьці ёсьць, будзем яшчэ гэта ўдакладняць. Мяркуем недзе 50 мастакоў прадставіць”.

Увогуле, у Нью-Ёрку беларускае мастацтва яшчэ неяк прадстаўлена?

(Вінакураў: ) “Акрамя Шагала і Кандзінскага тут нікога іншага не ведаюць. Зараз мы гэтую сітуацыю хочам зьмяніць. Першы крок будзе вось гэтая міжнародная выстава 7 лістапада. А пасьля гэтай выставы будзе ў наступным месяцы пэрсанальная выстава Алеся і Юлі Шатэрнікаў. Гэта будзе даволі вялікая выстава – і скульптура, і жывапіс”.

Юля Вінакурава скончыла ў Менску Беларускі ўнівэрсытэт культуры, вучылася на катэдры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны з Алесем прыехалі ў Амэрыку па Алесевай студэнцкай візе. Там ужо жылі Алесевы бацькі, і маладая сям''я ня мусіла пачынаць жыцьцё на пустым месцы, як многія эмігранты. Матэрыяльная забясьпечанасьць дазваляе Юлі і Алесю больш займацца справамі мастацтва. Юля зьбіраецца вучыцца далей і ўдасканальваць сваё майстэрства.

(Вінакурава: ) "Зараз я скончыла моўныя курсы, а потым пайду вучыцца прафэсійна ў Мастацкую студэнцкую лігу, там навучаюць студэнтаў знакамітыя мастакі. Там патрэбна навучацца 4 гады, але магу вучыцца колькі захачу”.

У якім стылі Вы працуеце, як мастачка?

(Вінакурава: ) “Малюю алеем, у розных тэхніках, у мяне і абстракцыя ёсьць, і клясычныя нацюрморты, імпрэсіі таксама. Так што вельмі розныя стылі, ад бацькі ў мяне імпрэссія, ад яго я навучылася. На станаўленьне мяне, як мастачкі, безумоўна, паўплываў мой бацька, ягоны стыль як бы перадаўся мне.

Я лічу, што мастак павінен быць мастаком, ня тое што там толькі ў адным накірунку працаваць. Гэта вельмі шмат працы. Калі я сюды прыехала, першы год я малявала амаль кожны дзень. З кожным разам, як я лічу, у мяне атрымліваецца лепш і лепш. Разьвіваюся вельмі някепска, даволі пасьпяхова”.

Мы ўжо згадалі вышэй, што Вы з бацькам выстаўлялі свае творы на выставе ў Расейскім музеі, а недзе яшчэ былі Вашыя працы?

(Вінакурава: ) “У мяне было дзьве выставы ў Рычвудзе, гэта горад, дзе я жыву з мужам і ягонымі бацькамі, у Нью Джэрзы. Гэтыя выставы адбыліся дзякуючы майму мужу, ён дапамагае мне заўсёды з выставамі, з галерэямі. Ён зрабіў мне вэб-сайт разам з бацькам. Зараз мае карціны знаходзяцца ў адной галерэі ў Нью-Ёрку, там 11 маіх карцін”.

Што гэта за галерэя?

(Вінакурава: ) “Гэта галерэя называецца "Вандэрплас-галерэя", амэрыканская галерэя, якая знаходзіцца ў вельмі папулярным месцы. Яшчэ мае працы знаходзяцца ў Лонг Айленд, таксама ў амэрыканскай галерэі”.

Удаецца Вам нешта прадаць?

(Вінакурава: ) “Так, я шмат сваіх працаў прадаю, амэрыканцы купляюць, ім падабаюцца мае кветкі. Калі ў бацькі будзе пэрсанальная выстава тут, таксама будуць там і мае карціны, у яго будуць дзьве залі, а ў мяне адна. Вось, напрыклад, зараз адна з маіх карцінаў знаходзіцца ў Парыжы на выставе”.

Музэю Аляксандра Глэзера споўнілася 25 гадоў, з гэтай нагоды была арганізаваная выстава, у якой прыняла ўдзел і Юля, потым выставу павезьлі ў Францыю, і так працу Юлі Вінакуравай таксама пабачаць у Парыжы.

Юля, калі Вы ўдзельнічаеце ў выставах, Вы заўсёды гаворыце, што Вы з Беларусі, што вы беларуская мастачка?

(Вінакурава: ) “Заўсёды, заўсёды, называю сябе толькі беларускай мастачкаю, ніколі не казала, што я нейкая там расейка. Я кажу, што я зь Беларусі і распавядаю, дзе знаходзіцца наша краіна і пра саму краіну”.

Нядаўна ў Рычвудзе, у гарадзкой публічнай бібліятэцы, адчынілася новая выстава Юлі Вінакуравай, дзе выстаўлены 22 яе творы, выстава працягнецца да 30 чэрвеня.

Разам зь Юляю Вінакуравай беларускае мастацтва ў Нью-Ёрку прадстаўляе і малады мастак Арцём Міралевіч. Ён жыве там ад 1993 году.

Арцём, Вы сталі мастаком у Беларусі, ці ўжо там?

(Міралевіч: ) “Я маляваў яшчэ ў Беларусі, я не вучыўся ў мастацкай школе, маляваў для сябе, хадзіў у гурток маляваньня. Але сур’ёзна займацца мастацтвам пачаў толькі ў Амэрыцы. Я скончыў у Менску сярэднюю школу і паехаў з бацькамі ў Амэрыку. Тут я ўжо пайшоў у мастацкую школу на Мангэтане, гэта даволі прэстыжная школа, і стаў прафэсійным мастаком. Я таксама сэмэстар вучыўся яшчэ ў Амстэрдаме”.

Як склалаўся там Ваш творчы лёс?

(Міралевіч: ) “Да гэтага часу малюю, працую як жывапісец і як графік, у мяне і гравюры ёсьць, выстаўляю свае працы пераважна ў галерэях у Нью-Ёрку, працую таксама ілюстратарам для часопісаў. Была выстава ў Маскве, таксама ў Парыжы, у Чыкага, выстаўляю свае творы”.

Будзеце прымаць удзел у выставе беларускіх мастакоў, якая мае адбыцца ўвесну наступнага году?

(Міралевіч: ) “Так, я буду прымаць удзел. Я час ад часу выстаўляюся ў гэтым музэі. З гэтым музэем мы езьдзілі ў Парыж, там была выстава, прысьвечаная 25-й гадавіне гэтага музэя”.

Далучыліся там да беларускага грамадзкага жыцьця, удзельнічаеце ў нейкіх мерапрыемствах?

(Міралевіч: ) “У мерапрыемствах я ўдзельнічаю мала, але маральна падтрымліваю заўсёды. Але, апошнім часам я стаў гэтым больш займацца дзякуючы сям''і Вінакуравых”.

Вы ў Амэрыцы выступаеце, як мастак зь Беларусі?

(Міралевіч: ) “Так, я выступаю як мастак, які жыве ў Амэрыцы, але зь беларускімі каранямі”.

Акрамя клопатаў у галіне мастацтва Алесь і Юля Вінакуравы, займаюцца і грамадзкімі справамі. З удзелам Алеся быў адчынены ў Інтэрнэце беларускі сайт www.prauda.org, дзе амэрыканскія беларусы могуць пазнаёміцца з апошнімі навінамі.

Алесь гаворыць, што яны зь сябрамі плянуюць арганізаваць актыўную моладзь, каб больш грунтоўна займацца беларускімі справамі. Сярод новай эміграцыі ня ўсе маладыя людзі адчуваюць сваю адказнасьць, не гатовыя на эміграцыі працаваць дзеля Бацькаўшчыны.

(Вінакураў: ) “Я лічу, што ўсё залежыць ад разуменьня, як ён ставіцца да беларускай справы, наколькі ён сьвядомы, якое ў яго разуменьне таго, што трэба рабіць. Шмат беларусаў кажуць, з тых, хто жылі ў Беларусі, што ім Лукашэнка нічым не перашкаджаў, тут такіх шмат ёсьць.

Мы зараз плянуем стварыць арганізацыю – Беларускі маладзёвы рух. Мы адкрыты да любога супрацоўніцтва, мы гатовы супрацоўнічаць, калі гэта нешта канструктыўнае. Мы ўжо вырашылі, што будзем рабіць, і хутка адчынім адмысловы маладзёвы сайт, будзем прапагандаваць беларускія ідэі, каб моладзь тут не згубілася”.


Юля і Алесь Вінакуравы на адкрыцьці сваёй выставы ў Рычвудзе









Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG