Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусы сямейныя


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, Чалавек-амфібія, "па блату" – і іншыя. Прысылайце вашы прапановы, ўспаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Напачатку 1970-х перадавая савецкая навука абвясьціла пра стварэньне новай гістарычнай супольнасьці – савецкага народу. Народу, які ў рабочых сьпяцоўках, бастонавых гарнітурах і скафандрах асвойваў космас, змагаўся за мір і будаваў сьветлую будучыню. У адзіную супольнасьць народы аб’ядноўвала памежная варта, якая трымала межы на замку, ды такая важная дэталь туалету, як мужчынскія трусы, вядомыя пад назвай “сямейных”. Былі яны аднаго і таго ж неабдымнага фасону, шыліся з аднаго і таго ж чорнага саціну, і насіліся ад берагоў Сожу да Бугу. Сацін у працэсе нашэньня выціраўся і выгараў, набываючы блякла-шэры колер. Былі ў гэтай мужчынскай бялізьне яшчэ дзьве праблемы: калашыньне трусоў сьпераду камечылася ў гафрэ, агаляючы элемэнты таго, што было пад імі прыхавана. Другая праблема: гумка, якая з часам пераціралася, напятасьць слабела і трусы паволі спадалі, агаляючы ўсё астатняе. Добра, калі яны пачыналі спадаць дома. А калі, скажам, падчас выступу на партыйным сходзе? У такой сытуацыі толькі адно выйсьце: раскалупаць лядашчы сацін, выцягнуць, сантымэтраў на дзесяць рызынку, і завязаць вузлом. Вузел, што праўда, муляў бок, але трусы на клубах трымаліся. Для тых, хто ніколі не завязваў такіх вузлоў, яшчэ раз паўтарымся: іншых фасонаў у продажы не было. Ну а непасрэдна “сямейнікі” шылі зьняволеныя жанчыны ў гомельскай калёніі УЖ-15/4. Абазнаныя людзі, перш, чым нацягнуць абнову, няўцямна мармыталі: "З “чацьвёркі".

Трусы хоць і называлі сямейнымі, але ў іх хадзілі і на пляж, і на прыймо да ўролягу, і, дапушчаю, нават да каханкі. Ці не таму зь імі зьвязана шмат вясёлых і дасьціпных гісторый.

Вядомы скульптар савецкага часу Заір Азгур зрабіў безьліч помнікаў адзеньню. Вось Якуб Колас сядзіць на плошчы свайго імя ў штанах з манжэтамі. А вось на плечы Язэпу Сталіну чуйная разьбярская рука сьцярожка накінула шынель. Нарэшце, згадаем піянэра ў караткаватых, ніжэй калена, нагавіцах з гузікамі на доле. Дзіўна, але няма помніка чалавеку ў “сямейніках”. Зьбіральны вобраз гіпсавага беларуса савецкіх часоў асабіста мне ўяўляецца мужчынай сарака зь лішкам гадоў. Крыху гарбаваты, з пукатым чэравам, галава ссунутая наперад у чаканьні сьветлага заўтра. І спрацаваныя рукі прытрымліваюць нацягнутыя вышэй пупа сямейныя трусы.
XS
SM
MD
LG