Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ганьба такой уладзе, якая вымушае галадаць дзяцей!"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 6 чэрвеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Як не галадаць, як не выступаць супраць цяперашняй улады, калі ходзяць на свабодзе такія злачынцы, якія зьневажаюць людзей, калі няма судоў, калі няма пракуратуры? Як можна далей гэта цярпець? Мне ўжо шмат гадоў, але я згодная з гэтымі хлопцамі. Я б зь імі пайшла галадаваць і дамагацца лепшага жыцьця. Бо нас жа ўжо за людзей ня лічаць! Хай бы прыехаў Лукашэнка, паглядзеў бы ў вочы гэтым хлопцам, нам, старым, якія адпрацавалі ўсё жыцьцё! А яны толькі набіваюць кішэні нашымі грашыма, а мы працуем, як коні, а ім і справы няма. Прыехалі б вы, спадар Лукашэнка, ды пагаварылі з гэтымі хлопцамі, што галадаюць...”

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў: ) “Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Не сакрэт, што пракуратура дзейнічала на падставе вашага ўказу, аддаўшы санкцыі на арышт маладых хлопцаў, каб кінуць іх за краты. Па лжывых абвінавачаньнях распачалі нейкія крымінальныя справы. Перасьледуюць маладых людзей толькі за тое, што яны хочуць жыць свабодна, думаць свабодна, карацей, быць чэснымі ва ўсіх адносінах. І цяпер 38 чалавек ад 13-ці гадоў да 20-ці ўжо восьмыя суткі галадаюць! А галадаюць яны за тых дзецюкоў, якія па вашаму загаду кінутыя ў турмы. Яны патрабуюць іхнага вызваленьня, і каб спынілі перасьлед. Так што здароўе, а, магчыма, і жыцьцё маладых людзей – на вашым сумленьні”.

(Спадар:) “Лукашэнка часта намякае на тое, што быццам бы ён зрабіў Беларусь квітнеючай. Пытаньне да яго. Што гэта за квітнеючая Беларусь, у якой большай частцы пэнсіянэраў не хапае ўласнай пэнсіі, у якой сямейны чалавек працуе толькі дзеля таго, каб існаваць? Аляксандар Рыгоравіч! Чаму ў квітнеючай Беларусі многія езьдзяць на аўтамабілях, якія эўрапейцы даўно адпраўляюць “в утиль”? Патлумачце, калі ласка, цёмнаму жыхару квітнеючай краіны дадзеныя факты”.

(Спадар: ) “Хацелася б пачуць нешта больш менш канкрэтнае адносна стратэгіі ідэяў, прапанаваных спадаром Мілінкевічам. У сувязі з гэтым паўстае яшчэ адно пытаньне. У сакавіку-красавіку Мілінкевіч спрабаваў ужо, хоць і даволі бесталкова, ажыцьцяўляць тэарэтычныя напрацоўкі, прапанаваныя раней спадаром Мацкевічам. Дык на супрацоўніцтва з Мацкевічам Мілінкевіч не пайшоў. Выглядае гэта не асабліва прыгожа. Магчыма, я памыляюся. Можа, хто з прыхільнікаў Мілінкевіча растлумачыць?”

(Мікалай, Салігорск: ) “Паважанае Радыё Свабода! Праз вашае радыё зьвяртаюся на “Беларусьфільм”. Там ёсьць такі артыст Генадзь Гарбук. Я б хацеў, каб ён расказаў, калі па тэлебачаньню пакажуць мастацкі фільм “Страх”, бо мне прыходзілася ў ім здымацца яшчэ ў 1992 годзе: у кар’еры ў Мікашэвічах прыходзілася камяні насіць з аднаго месца на другое. Хацелася б, каб хто расказаў”.

(Уладзіслаў: ) “Хацеў бы пракамэнтаваць званок слухача Анастаса Семяновіча. Ён сказаў, што не даваў сваім дзецям вольнага часу. У мяне пытаньне: а якое ён ці любы іншы бацька мае права кантраляваць сваіх дзяцей? Дзеці – гэта таксама людзі. І адпаведна яны маюць права распараджацца сваім жыцьцём і часам на ўласнае гледжаньне. Можа здарыцца так, што дзеці духоўна вышэйшыя за бацькоў. І калі той бацька будзе кіраваць добрымі дзецьмі, у такой сям’і ня будзе божага благаславеньня. Я лічу, што калі чалавек становіцца бацькам, ён губляе правы і набывае абавязкі. Бацька павінен забясьпечыць кожнага са сваіх дзяцей ежай, вопраткай, асобным пакоем і доступам да інфармацыі, то бок тэлевізарам, кампутарам, кампакт-дыскамі і г.д. Бацькі павінны даваць грошы на ўсё гэта і ня маюць права цікавіцца, што дзіця робіць у сваім пакоі і якой карыстаецца інфармацыяй. Да якога ўзросту бацькі павінны забясьпечваць сваіх дзяцей? Пакуль тыя самі ня стануць бацькамі. Далей, бацькі ня маюць права караць альбо наказваць сваіх дзяцей. Відаць, безумоўна, гэта можа нашкодзіць, можа, нават наўмысна, але, калі вы разумны чалавек, вы павінны былі прадбачыць гэта і не нараджаць. Наказваць дзяцей маюць права іншыя людзі, для якіх яны ня дзеці, а проста фізычныя асобы, таксама, як гэта робіць Бог: ён карае людзей не ўласнаручна. Вы ня ведаеце, што заўтра будзе з вамі і ня ведаеце, кім будуць вашыя дзеці. Можа, вы народзіце інваліда ці вырадка, ці антыхрыста. Нараджэньне дзіцяці – гэта лятарэя, а ў лятарэі большасьць гульцоў прайграе, калі не адразу, дык потым. “Ворагі чалавека – сямейнікі ягоныя”, – кажа Біблія. Кіраваць сваімі дзецьмі будзеце не настолькі вы, колькі дзяржава. Нельга быць свабодным ад грамадзтва. А што ўяўляе сабой грамадзтва, вы ведаеце, калі вы не сьляпы: альбо вашае дзіця вырасьце такім, як усе, такім, як вы сам, то бок нікчэмнасьцю, альбо катам, альбо пакутнікам. Проста пажыць у гэтым сьвеце нельга”.

(Спадарыня: ) “Гэта голас свабоды? Які ў вас голас свабоды! Гэта голас паклёпніцтва на нашую краіну беларускую! Як вам ня сорамна! Ганьба! Вы ж паклёпнічаеце на нас. Паведамілі, што трынаццацігадовыя галадаюць у нас у Беларусі – гэта ўсё паклёп! Колькі яшчэ вы будзеце ганьбіць нашу рэспубліку? Вы пастаянна паклёпнічаеце на нас! Па-першае, вывучыце нашую беларускую мову і правільна вымаўляйце словы! “ПілЁты”, “далЯры”, “Менск” – што за словы? Вы каверкаеце нашыя беларускія словы! Як вам ня сорамна! “Бястыжыя” вы!”

(Мазура, Навагрудак: ) “Дарагая Радыё Свабода! Як мне можна будзе сустрэцца з Валянцінам Жданко, каб даць яму рэпартаж?”

(Тацяна Барэль, Асіповічы: ) “Я ведаю, як цяжка галадаць, асабліва маладым. Гэта прыкмета моцнай волі. І таму ганаруся “маладафронтаўцамі”. Шкада, што ў нас няма тэлебачаньня для асьвятленьня гэтай акцыі. Я не хачу 37-га году. Душой я з вамі, хлопцы! Жыве Беларусь!”

(Анастас Семяновіч: ) “На пытаньне тыдня: “Якая рэакцыя ўладаў будзе на галадоўку маладых хлопцаў і дзяўчатаў?” Я абсалютна ўпэўнены, што ніякай рэакцыі зь яе боку ня будзе, акрамя хлусьні ў іх нічога няма. Калі б выбралі дэмакратычнага прэзыдэнта, то адразу была б рэакцыя. Сёньня адхіліць галоўнага начальніка ад улады могуць толькі заводы. Напрыклад, калі б “Трактарны аўтазавод”, “Беларуськалій”абвясьцілі бестэрміновы страйк, то лукашысты пабеглі б у Расею ў манастыры, бо яны ведаюць, што іх будзе судзіць народ за іхныя злачынствы”.

(Спадарыня: ) “Хачу адказаць на пытаньне тыдня. Улада павінна выканаць усе патрабаваньні галадоўнікаў і вызваліць усіх палітзьняволеных. Будзем спадзявацца на тое, што гэтая акцыя нашай моладзі спыніць незаконныя арышты ў нашай краіне. А грамадзтва павінна падтрымаць сваіх герояў, ім зараз гэта вельмі патрэбна”.

(Спадарыня: ) “Ганьба такой уладзе, якая вымушае галадаць дзяцей! Я ведаю, як кіраўніцтва краіны адрэагуе на мужны ўчынак моладзі. Яно, як заўсёды, схлусіць, скажа, што ім заплацілі, як і тады на Плошчы, і назаве іх “адмарозкамі”. Але адмарозкі тыя, хто ператварыў краіну ў дыктатуру, забараніў дэмакратыю ў краіне”.

(Спадар: ) "Лічу, што ўлада ўвогуле не чакала скаардынаванай акцыі “маладафронтаўцаў” і падлеткаў, тым больш такой вострай, як галадоўка моладзі. І вымушана чакаць, каб яна ў кароткі тэрмін скончылася. Але галадоўка не павінна спыняцца, а доўжыцца пэрманэнтна, шмат дзён і тыдняў ад рэгіёну да рэгіёну, падтрымліваючы пэўную колькасьць галадоўнікаў".

(Спадарыня: ) “Я інвалід 2-й групы, пасьля цяжкага атручваньня два тыдні ляжала ў рэанімацыі пад кропельніцай без усякай ежы. Вытрымала гэта ўсё. Цяпер атрымоўваю пэнсію 180 тысячаў і па віне дзяржавы трымаю рэгулярныя галадоўкі, па тыдню, па два, пакуль ня прыйдзе пэнсія. Я думаю, што гэтай сваёй акцыяй “маладафронтаўцы” так нашкодзяць свайму здароўю... Але малайцы, што яны гэта робяць, гэта будзе вялікі ўдар па псыхіцы Лукашэнкі і яго прыхвасьняў”.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Добры вечар, “маладафронтаўцы”! Я далучаюся да тых, хто падтрымлівае вас. І хачу сказаць: вы ня дзеці, вы мужчыны, сапраўдныя мужы, якія ведаюць, на што ідуць. Трымайцеся! Вы – гонар цяперашняй Беларусі, за вамі праўда. Але, на жаль, за ўладаю сіла, сіла фізычная, і пытаньне рытарычнае: хто ў рэшце рэшт пераможа? Зараз вечар, за вокнамі дождж ідзе, і ён змывае фарбу з замаляваных нядаўна словаў: “Новага!” “Достал!” “Жыве Беларусь!” І бачу ў гэтым нейкі сымбаль, і справа ў тым, што мы мацнейшыя, маці-прырода з намі. Трымайцеся, хлопцы! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Хачу зьвярнуцца да мужчыны, які сёньня сказаў, што тыя, хто галадуе, проста рвуцца да ўлады. Да якой улады могуць рвацца, яны ж толькі юнакі! Ці вы думаеце, калі да ўлады прыйдзе Мілінкевіч ці Казулін, то ён кожнаму апазыцыянэру дасьць уладу? Не. Вы хоць думайце, што гаворыце, вас жа людзі слухаюць.

А тым, хто галадае, хачу сказаць: трымайцеся! Усё вы правільна робіце! Пад сталасьць гадоў сваім дзецям і ўнукам будзеце казаць, што зрабілі для Беларусі ўсё магчымае. Жыве Беларусь!”

(Віктар Бутто: ) “Для ажыцьцяўляемых палітычную галадоўку, якія праяўляюць стыхійную ці адчайную акцыю пратэсту супраць улады і яе прадстаўнікоў, з-за крымінальнага бязьмежжа і самавольства, ажыцьцяўляемага над тымі, хто пратэстуе, і над іншымі незаконна пацярпеўшымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Такая акцыя пратэсту для пратэстуючых выклікае вялікую небясьпеку для здароўя і для іх жыцьця, бо яна зьяўляецца няўдзячнай у нашай крымінальна-бандыцкай дзяржаве, пры адсутнасьці незалежных СМІ і пры ажыцьцяўляемых крымінальна-судовых беззаконьнях над пратэстуючымі. У горадзе Менску і на ўсёй тэрыторыі ў Рэспубліцы Беларусь улада і яе акружэньне ў пратэстуючых проста прагне адняць здароўе і нават жыцьцё, пра што яны адкрыта кажуць. Такая наша жахлівая дзяржава ў існуючай рэчаіснасьці”.

(Уладзімер: ) “Меркаваньне паводле галадоўкі. Усе гэтыя падзеі, а таксама мінулыя галадоўкі засьведчылі, за невялікім выключэньнем, што галадоўка ў сучаснай Беларусі – гэта вельмі неэфэктыўны сродак змаганьня, бо рэсурсы чалавечага арганізму абмежаваныя, існуе інфармацыйны вакуум, адсутнічаюць разьвітыя палітычныя партыі і грамадзкія структуры. І таму інфармацыю да насельніцтва давесьці практычна немагчыма. І чалавек можа пратрымацца 10-15 дзён бяз шкоды для здароўя. І другі момант. Непаўнагадовыя ні ў ніякім разе не павінны ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, бо гэта стварае добрую падставу для ліквідацыі ўсіх легальных апазыцыйных структураў, скажам так, на законнай падставе. Вось тады, калі ўжо вырашаецца пытаньне аб галадоўцы, па-першае, да яе трэба грунтоўна рыхтавацца; па-другое, непаўнагадовыя не павінны ўдзельнічаць ні ў ніякім разе; па-трэцяе, трэба прадумаць загадзя крыніцы інфармаваньня насельніцтва. Але трэба адзначыць, што ў вачах паспалітага люду каштоўнасьць чалавечага жыцьця вельмі нізкая, на жаль”.

(Уладзімер Навагрудзкі:) “Я наконт галадоўкі “маладафронтаўцаў”. З майго пункту гледжаньня, у іхных адчайных дзеяньнях больш розуму, чым ў экстравагантных учынках пакрыўджанага, але амбіцыйнага экс-рэктара”.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне. Настаўніца сельскай школы вёсцы Грабёнка Чэрвеньскага раёну Бледзька Вольга павезла на апэрацыю сына ў Нямеччыну. 12 траўня 2006 году трапіла там жа ў аўтакатастрофу і загінула. Да цяперашняга часу цела нябожчыцы ня могуць прывезьці ў Беларусь, каб пахаваць. Адна з прычынаў – адсутнасьць перакладчыка ў беларускай амбасадзе ў Нямеччыне. Дык вось які клопат нашай дзяржавы аб жывых і мёртвых”.

(Спадар: ) “У Менску галадуюць 40 чалавек малайцоў. Парайце ім ехаць у Германію,іх там навучаць, як галадаць і як вошаў карміць, як яны нас вучылі ў 1941-45 гадах. Вось такое маё меркаваньне. А што больш скажаш. Вы іх вучыце, ды не ўмееце, як вучыць. Германія навучыць!”

(Спадар: ) “На ваша пытаньне тыдня наконт мэтазгоднасьці галадоўкі ў Салігорску, лічу, што грамадзтва павінна рэагаваць на незаконныя дзеяньні ўлады па забароне свабоднага палітычнага мысьленьня. Не павінна быць палітычных зьняволеных! Улады вядуць вайну супраць парасткаў свабоднага грамадзтва, і галадоўка зьяўляецца адзіным даступным сродкам барацьбы за свабоду палітвязьняў. Дзякуй вам за вашу працу па асьвятленьню падзеяў на Беларусі!”
XS
SM
MD
LG