Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту 5 чэрвеня


*** У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

У суполцы блогераў minsk_by абмяркоўваюць новы прэзыдэнцкі ўказ у справе дзяржаўнай падтрымкі турызму ў Беларусі – указ дае істотныя льготы арганізацыям, якія прывозяць у краіну замежных турыстаў. Зрэшты, шмат якія ЖЖ-карыстальнікі ўсё адно ня вераць у тое, што замежнікі дзякуючы гэтаму ўказу пойдуць да нас цугам. “А калі б яшчэ замест будаўніцтва сьвінагарадкоў замкі рэстаўравалі… а калі б яшчэ была прыватная інфраструктура ўсялякіх рэстарацыяў-забягалавак… а калі б яшчэ фэрмы ў рэкі лайно не зьлівалі… а калі б ў старых частках гарадоў не будавалі паркінгаў і не крылі дахі мэталапрофілем… а калі б заказьнікі не належалі кіраўніцтву справамі… а калі б беларуская віза каштавала пяць баксаў… Так. Тады б езьдзілі”, – лічыць нехта l_u_f_t.

На сайце rebenok.by сёньня можна знайсьці навіну пра тое, што брытанскія лекары вырашылі ўратаваць беларускую дзяўчынку Ксенію Аўдзееву ад страты зроку. Летась Ксенія прыяжджала на аздараўленьне ў Брытанію ў складзе групы дзяцей-чарнобыльцаў і там трапіла на бясплатны агляд да спэцыяліста па карэкцыі зроку. Калі не зрабіць апэрацыю цяпер, дзяўчынка можа трапіць у інтэрнат для сьляпых.

Удзельнікі форумаў TUT.by ня могуць зразумець, чаму "Міс Беларусь-2006" стала менавіта Кацярына Літвінава. На галінцы “Міс Беларусь родам з Магілёву” можна знайсьці вось такія камэнтары:

“Для мяне застаецца загадкай: паводле якіх крытэраў судзьдзі выбіралі пераможцу?” “Па тых самых што й Смолаву...” “Дык вось ім і Агурбаш, Смолаву мы выбіралі паводле галасаваньня тэлегледачоў… Усё чЭсна”. “Проста гэта захады для прадухіленьня гандлю жанчынамі. Паглядзяць замежнікі на нашую міс. Дадумаюць, што калі яна найлепшая, якія тады астатнія? І ня будуць гандляваць”.

А рэсурс studenty.by працягвае знаёміць наведнікаў з гуртамі, якія падалі заяўку на ўдзел у сёлетнім “Басовішчы”. З 37 каманд ужо адабралі 16 – яны і будуць выступаць “Адборышчы”, якое адбудзецца 9 чэрвеня ў Dreamland’e.

Сайт womanworld.biz “Жаночы сьвет” дапамагае сваім наведніцам разгадаць некаторыя мужчынскія сакрэты. Адзін з такіх сакрэтаў – чаму мужчыны ненавідзяць ня мець рацыі. “Пазьбягайце ужываць такія словы, якія зачапляюць мужчынаў, – вучаць аўтары сайту. – Цяпер, калі вы ведаеце асаблівасьць мужчынаў хваравіта ўспрымаць тое, што яны ня маюць рацыі, не пагаршайце сытуацыю самі. Напрыклад, калі вы едзеце на машыне й бачыце, што ваш муж заблукаў, не кажыце: “Вось так заўсёды. Увесь час адное й тое ж. Ты ніколі ня ведаеш, куды едзеш”. Скажыце: “Дарагі, ты ведаеш, мне было б спакайней, калі б мы спыніліся й высьветлілі, як праехаць. Я вельмі нэрвуюся, калі мы гэтак кружляем на адным месцы. Я ведаю, што ты ўсё робіш слушна, але нумары вуліцаў, здаецца, пераблытаныя”.

А вось Эва – гаспадыня сайту, dushegreyka разважае пра тое, ці лёгка быць жанчынай. “…давайце прыгадаем, з чаго Бог зрабіў Адама? Ну канечне вы памятаеце – з пылу, з гліны быў вылеплены мужчына. Дык вось адкуль прыземленасьць усіх жаданьняў і задумаў. А жанчыну Бог стварыў з рабрыны мужчыны, то бок з жывога арганізму. Аднак наколькі мы знаёмыя з анатоміяй мужчыны – рэбры ў іх усе на месцы. Ці я ня маю рацыі? Гэта быў першы досьвед геннай інжынэрыі?”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG