Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"New Scientist": 9 спосабаў дажыць да 100 гадоў і не шкадаваць аб гэтым


Валер Каліноўскі, Прага Напэўна вы думаеце, што дажыць да ста гадоў вам не пашанцуе. Вы ведаеце, што працягласьць жыцьця ў многім залежыць ад спадчыннасьці, бацькоўскіх генаў, і калі бацькі і продкі вашы не жылі да ста гадоў вы мяркуеце, што такіх шанцаў няма і ў вас. Калі так, то вы, магчыма, памыляецеся, паколькі стогадовыя – гэта тая дэмаграфічная група, якай найбольш хутка расьце ў большасьці разьвітых краін. Гэтаму спрыяе лад жыцьця. Брытанскі часопіс "New Scientist" прапануе 9 спосабаў, як падоўжыць сваё жыцьцё, пры гэтым атрымліваючы задавальненьне ад кожнага году.

1-я парада. Ня бойцеся загараць. Вынайдзены новы эліксір маладосьці – сонечныя промні, памяркоўны загар, сауна і пара куфляў піва. Многія дасьледчыкі лічаць, што невялікія дозы фактараў, якія выклікаюць стрэсы, могуць быць карыснымі для вас, у тым ліку сонечная радыяцыя, сьпёка... Усё гэта выклікае пэўны эфэкт, які, як выявілася, спрыяе падаўжэньню жыцьця прасьцейшых істот, чарвякоў, грызуноў. Калі гэтыя высновы перанесьці на людзей, то можна разьлічваць на здаровае жыцьцё чалавека да 90 гадоў,– такую выснову робіць біёляг Джон Сміт-Сонборн з Ваёмінскага ўнівэрсытэту.

2-я парада. Не жывіце ў адзіноце. Адносіны зь сям’ёй, сябрамі, суседзямі, нават хатнімі жывёламі спрыяюць падаўжэньню жыцьця. Але найбольш доўгажыхарству спрыяе шлюб. Эфэкт быў выяўлены яшчэ ў 19-м стагодзьдзі. Апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што шлюб можа падоўжыць жыцьцё мужчыны на сем гадоў і жанчыны – на два, незалежна ад таго ад чаго настае ўрэшце сьмерць – ад хваробы, дарожнага здарэньня ці самазабойства. У Чыкаскім ўнівэрсытэце выявілі, што жанаты чалавек, хворы на сэрца, можа пражыць на чатыры гады больш, чым адзінокі са здаровым сэрцам.

3-я парада. Разглядзіце магчымасьць перасяленьня. Навакольнае асяродзьдзе ў вялікай ступені ўплывае на працягласьць і якасьць жыцьця. Дасьледаваньні ў Бостанскім унівэрсытэце выявілі, што сябры адной сям’і часта маюць прыблізна роўнае паводле працягласьці жыцьцё, паколькі яны жывуць у адным і тым да асяродзьдзі, у адных і тых жа ўмовах. Аднак ваша фізычнае разьмяшчэньне ў тым ці іншым рэгіёне ўсё ж менш важнае, чым ваша пэрсанальная прастора, якую вы ствараеце сваімі звычкамі.

4-я парада. Зрабіце са сваіх адмоўных якасьцяў станоўчыя. Канечне, калі вы не паліце і ня п’еце сьпіртовых напояў, спажываеце здаровую ежу і жывяце спакойна, то шанцаў дажыць да ста гадоў у вас больш. Аднак многія навукоўцы падтрымліваюць ідэю карысьці адной шклянкі віна ў дзень, вядомы нават так званы францускі парадокс, калі жыхары Міжземнамор’я, якія выпіваюць па бакалу віна, маюць нечаканы нізкі ўзровень інфарктаў. Піва таксама мае сваё лобі, гэтак жа як і шакаляд... Калі вы атрымваеце прыемнасьць ад чагосьці, то гэта таксама вельмі добра для вашага здароўя.

5-я парада. Напружвайце сваё шэрае рэчыва. Многія дасьледаваньні паказваюць, што разумовая праца, добрая адукацыя, высокі ўзровень пісьменнасьці абараняюць людзей ад старэчага маразму і іншых мэнтальных праблем.

6-я парада. Усьміхайцеся. Тыя людзі, якія дажылі да ста гадоў вельмі розныя. Але яны аднолькавыя ў адным – усе яны любяць усьміхацца і сьмяяцца, зьяўляюцца аптымістамі. Дасьледаваньні Бірмінгемскага ўнівэрсытэту сьведчаць, што пазытыўны спосаб мысьленьня памяншае ўзровень стрэсавых гармонаў, якія шкодзяць імунную сыстэму.

7-я парада. Не забывайцеся своечасова зьвяртацца да лекараў. Многія хваробы арганізма спачатку разьвіваюцца непрыкметна, безь яўных сымптомаў, а калі яны выяўляюцца, то бывае ўжо занадта позна. "New Scientist" раіць часьцей зьвяртацца за парадамі прафэсіяналаў, не баяцца паходаў да лекараў.

8-я парада. Сачыце за сваім харчаваньнем. Ёсьць дзьве навіны для тых, хто хоча да ста гадоў харчавацца згодна са сваімі звычкамі. Добрая і кепская. Добрая ў тым, што вы можаце гэта рабіць. Кепская ў тым, што нельга есьці шмат. Тут адзіная правільная стратэгія доля тых, хто хоча доўга жыць, – абмяжоўваць колькасьць спажытых калёрыяў. Апошнія дасьледаваньні паказалі, што людзі, якія на чвэрць зьменшылі свае дзённыя порцыі, праз тры месяцы мелі меншы ўзровень інсуліну ў крыві, менш пашкоджаньняў у ДНК і наагул пачуваліся здаравейшымі.

9-я парада. Любіце жыць! Такім чынам вы сталі на шлях за запаветнай сотні. Але як пражыць гэтыя дадатковыя гады? Што вам патрэбна – дык гэта крыху хваляваньня, крыху рызыкі, новых уражаньняў, у тым ліку разумовых. Захапіцеся падарожжамі, мастацтвам, спортам, вывучайце новыя мовы, разгадвайце галаваломкі. Калі паліце – кіньце цяпер жа, адмоўцеся ад іншых шкодных звычак, ад празьмерных выпівак, ад неасьцярожнага стылю ваджэньня аўтамабіля, ад чызбургераў нарэшце...
XS
SM
MD
LG