Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вэндэта” ў Беларусі адтэрміноўваецца


Радыё Свабода Фантастычны брытанскі баявік “V азначае “Вэндэта” на беларускіх экранах калі й зьявіцца, то — ня хутка. Адна вэрсія — гэта выклікана палітычнымі матывамі, другая — эканамічнымі. Што адбываецца вакол “Вэндэты” ў Беларусі?

Пытаньні пракату фільму — купляць ці не, калі купляць, то для паказу зь якімі абмежаваньнямі (да 14 гадоў з бацькамі, да 18 гадоў і гэтак далей) — звычайна вырашае Камісія кінавідэарэгістру ў Менску. У выпадку са стужкай Джэймза Мактыга, якая з траўня дэманструецца ў Расеі, усё атрымалася іншаму. Распавядае кінакрытык Максім Жбанкоў:

(Жбанкоў: ) “Але ж у выпадку з “Вэндэтай” пытаньне нават ня ставілася на парадак дня таго ж Кінавідэарэгістру. То бок, проста на ўзроўні папярэдніх размоваў было агучана, што там ёсьць непажаданыя сюжэты. Агучылі гэта ня самі кіраўнікі кінапракату, а тыя, з кім яны раіліся”.

Сюжэт фільму наступны: у Брытаніі будучага — таталітарны рэжым. Супраць яго змагаецца загадкавы мсьціўца ў масцы, якога завуць V. Ён вырашыў адпомсьціць за сваю зьнявечаную зьнешнасьць. Ляйтматывам у ягоных дзеяньнях гучыць выказваньне “Народ не павінен баяцца свайго ўраду — урад павінен баяцца народу”. Мсьціўца натхняе лёнданцаў на масавы пратэст.

Кінакрытык Максім Жбанкоў выказаў такое меркаваньне:

(Жбанкоў: ) “Такія фільмы, кшталту “Вэндэты”, працуюць у фармаце люстэрка. Кожны можа ўбачыць тое, да чаго падрыхтаваны. На дадзены момант атрымліваецца, што чыноўнікі бачаць тое, у чым адчуваюць небясьпеку для сябе альбо для наяўнага стану рэчаў”.

На думку Максіма Жбанкова, у дэмакратычным грамадзтве нікога не палохаюць сюжэты, зьвязаныя з народным супрацівам, зь нязгодай з уладай. Адзінае — межы дазволенага, дзе сканчаецца супраціў і пачынаецца антыгуманны тэрарызм. Камісія Кінавідэарэгістру, магчыма, проста не заўважыла, што жанр фільму — фантастычны кінакомікс. У фільме, дарэчы, зьняліся Наталі Портман і Г’юга Ўівінг, а сцэнар — братоў Вачоўскі (яны зрабілі вядомую “Матрыцу”).

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Кінавідэапракат” Менгарвыканкаму Васіль Коктыш абверг усе палітычныя аспэкты й меркаваньні пра забарону фільму. Ён падкрэсьлівае, што “Кінавідэапракат” — прадпрыемства камэрцыйнае, і пры закупе фільмаў улічвае толькі эканамічныя моманты — стужка акупіцца ці не. Васіль Коктыш запэўніў:

(Коктыш: ) “Вэндэту” будуць паказваць. У нас, на жаль, толькі кінатэатры-адназальнікі. І праблема толькі ў тым, што мы ня можам паказаць усіх фільмаў. А “Вэндэта” — гэта не камэрцыйны праект, каб зь ім пачынаць па старце і адразу трыма-чатырма копіямі. Там цанавая палітыка проста вар’яцкая. Таму па старце было проста нерэальна яе ўзяць. З камэрцыйнымі праектамі мы стараемся стартаваць разам з усясьветным пракатам. Стараемся, але гэта, канечне, дорага. “Вэндэту” нашы гледачы ўбачаць”.

(Карэспандэнтка: ) “А пра тэрміны можаце што-небудзь сказаць?”

(Коктыш: ) “У жніўні месяцы”.
XS
SM
MD
LG