Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да галадоўкі "маладафронтаўцаў" далучаюцца новыя ўдзельнікі


Радыё Свабода Працягваецца галадоўка актывістаў моладзевых арганізацыяў. Галадоўнікі патрабуюць, каб улады спынілі перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі. Некалькі непаўналетніх сяброў “Маладога фронту” спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыі. Але да акцыі пратэсту адразу ж далучыліся новыя ўдзельнікі. Колькасьць галадоўнікаў у Менску і ў рэгіёнах перавышае чатыры дзясяткі чалавек.

Да галадоўкі далучыліся актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Магілёве, Бабруйску, Нясьвіжы, Жодзіне і ў Баранавічах. Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што цягам сутак атрымаў некалькі СМС-паведамленьняў ад незнаёмых людзей, якія паведамілі, што не зьяўляюцца сябрамі апазыцыйных партыяў і рухаў, але далучаюцца да галадоўкі пратэсту. Маладафонтаўцы выставілі дадатковыя патрабаваньні: аб аднаўленьні на вучобе Яўгена Скрабутана, Аляксея Янушэўскага і іншых, каго адлічылі з вучобы за актыўную грамадзкую дзейнасьць. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Безумоўна, у нас няма ніякіх ілюзіяў, што ўлады будуць выконваць тыя патрабаваньні, якія мы агучылі. Але, у любым выпадку, мы на іх настойваем і будзем працягваць сваю акцыю. Мы настойваем, каб спынілі незаконна распачатыя крымінальныя справы супраць сяброў “Маладога фронту”; каб вызвалілі ўсіх незаконна асуджаных, палітвязьняў; патрабуем спыніць ціск супраць соцень хрысьціянаў. Таксама ў нас ёсьць дадатковыя патрабаваньні: аднавіць на вучобе актывістаў нашай арганізацыі”.

Артур Фінькевіч падпарадкаваўся рашэньню кіраўніцтва “Маладога фронту” і спыніў галадоўку.

(Фінькевіч: ) “Днямі я чакаю позву ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Мне павінны назваць месца, у якім я буду знаходзіцца на “хіміі”. Я хацеў працягваць галадоўку, але мы паразмаўлялі й прыйшлі да высновы, што мне ня варта трымаць галадоўку менавіта ў зьвязку з гэтымі падзеямі. Застаюся побач зь сябрамі, падтрымліваю ўсе іхныя намаганьні. Гатовы ўдзельнічаць ва ўсіх падзеях”.

Маладафронтаўцы сёньня накіравалі зварот у пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў, камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў, а таксама ў КДБ. Яны разьлічваюць, што і грамадзкасьць запатрабуе ад уладаў прыслухацца да гэтых патрабаваньняў.
XS
SM
MD
LG