Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат А.Казуліна правядзе пяць сутак на Акрэсьціна (абноўлены)


Радыё Свабода Брат Аляксандра Казуліна Ўладзімер правядзе 5 сутак у турме на Акрэсьціна. Адміністрацыйнае пакараньне ён атрымаў за спробу даведацца пра лёс свайго брата падчас падзеяў 2 сакавіка.

Судзілі Ўладзімера Казуліна завочна, яшчэ 17 сакавіка, у Маскоўскім судзе Менску. Прысуд вынесла судзьдзя Тамара Ўнукевіч.

Паводле жонкі Ўладзімера Казуліна Ірыны, яе муж ня ведаў, што суд адбудзецца, — гэтак жа нічога ня ведала і яна. Але жанчына згадала, што напярэдадні званіў участковы міліцыянт, пытаўся пра мужа, калі той прыедзе дамоў. Гэты ж участковы патэлефанаваў зноў 4 чэрвеня.

(Ірына Казуліна: ) “Потым у нядзелю ўвечары пазваніў участковы і сказаў, што трэба здавацца, бо будзе горш. І ўчора па яго прыехалі. Ён мне пасьпеў патэлефанаваць, сказаў, што павезьлі на Акрэсьціна”.

Брата былога кандыдата на прэзыдэнта прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі падчас падзеяў 2 сакавіка каля Кастрычніцкага раённага ўпраўленьня міліцыі. Нагадаем, туды быў дастаўлены Аляксандар Казулін, якога затрымалі падчас спробы прайсьці на Ўсебеларускі народны сход. У міліцэйскім упраўленьні апазыцыйны кандыдат разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль палітыка трымалі, ягоныя сваякі й прыхільнікі сабраліся каля ўваходу ў будынак міліцыі. Пазьней частку гэтых людзей затрымалі супрацоўнікі “Алмазу” — нібыта каб спыніць штурм будынку.

Дачка Аляксандра Казуліна Юлія кажа, што ніякага штурму не было. Дзяўчына згадвае, як паводзіў сябе яе дзядзька падчас тых падзеяў:

(Юлія Казуліна: ) “Там такая мэталічная брама. Ён стаяў і трымаўся за гэтую браму й толькі аднаго разу пхнуў яе. А з другога боку стаялі міліцыянты. Калі гэта назваць штурмам, то я ня ведаю”.

Паводле сваякоў Уладзімера Казуліна, пра прысуд ён даведаўся толькі ў траўні. Уладзімер Казулін спрабаваў абскардзіць прысуд у Менскім гарадзкім судзе, але там скаргу не задаволілі. Дарэчы, Уладзімер Казулін раней сам працаваў у міліцыі, у апараце Міністэрства ўнутраных справаў, адкуль звольніўся восем гадоў таму ў званьні маёра.

Сёньня адвакат Ігар Рынкевіч сустракаўся ў Жодзінскай турме з Аляксандрам Казуліным. Паводле адваката, палітык асудзіў арышт свайго брата, назваўшы гэта “помстай усім Казуліным з палітычных прычынаў”.

5 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы разам з актывістамі моладзевага руху быў затрыманы сын Уладзімера Казуліна Аляксей. Пазьней Аляксей Казулін паведаміў сваякам, што падчас асабістага агляду міліцыянты нібыта спрабавалі падкінуць яму наркотыкі.

Сёньня ў прэсавай службе менскай міліцыі карэспандэнту “Свабода” заявілі, што сярод зарэгістраваных здарэньняў мінулага дня не зафіксаваны факт знойдзеных наркотыкаў у Аляксея Казуліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG