Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскага актывіста дапыталі ў справе “Маладога фронту”


Радыё Свабода У Магілёве 5 траўня грамадзкага актывіста Сяргея Нягаціна дапыталі як сьведку ў справе “Маладога фронту” ў абласной пракуратуры. Тым часам пяцёра мясцовых моладзевых актывістаў апазыцыі пастанавілі далучыцца да салігорскіх галадоўнікаў. Намер падтрымаць акцыю пратэсту ў Салігорску выказала й актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Качарова.

Са словаў Сяргея Нягаціна, сьледчы пракуратуры Здрок прапанаваў адказаць на дваццаць выкладзеных на паперы пытаньняў адносна дзейнасьці “Маладога фронту”, ягонага кіраўніцтва, колькасьці сяброў ды праведзеных мерапрыемстваў. Грамадзкі прадстаўнік Сяргея Нягаціна праваабаронца Аляксандар Каралёў адзначыў, што размова са сьледчым адбывалася карэктна, без канфлікту.

Спадар Нягацін паведаміў, што паводле сьледчага, па справе “Маладога фронту” ў Магілёўскай вобласьці праходзяць сьведкамі сем чалавек. Абласная пракуратура праводзіць допыты на загад рэспубліканскай.

Тым часам, пяцёра магілёўскіх моладзевых актывістаў апазыцыі вырашылі далучыцца да салігорскай акцыі пратэсту. Цягам бліжэйшых сутак яны вызначаць месца галадоўкі: Магілёў, Менск альбо Салігорск.

Гатоўнасьць падтрымаць галадоўцаў выказала і маці двух дзяцей, актывістка АГП Ірына Качарова. “Дзеці змагаюцца за свае правы і сваю будучыню, а дарослыя разважаюць пра мэтазгоднасьць акцыі. Моладзь сваім дзеяньнем дэманструе прыклад пераадоленьня страху і абыякавасьці. Яна мае патрэбу ў падтрымцы, і дарослыя павінны яе аказаць”, — гэтак патлумачыла свой намер спадарыня Качарова.
XS
SM
MD
LG