Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Янка Лапіцкі й Марыя Каралькова і далей вучацца па-беларуску


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Мы працягваем сачыць за лёсам школьнікаў Янкі Лапіцкага з Жодзіна й Марыі Каральковай з Горак, якія шляхам актыўнага пратэсту дамагліся атрыманьня школьнай адукацыі на беларускай мове.

Нагадаем, Янка не наведваў школы больш як год – ад верасьня 2004 па кастрычнік 2005-га. Маша ў 2002-2003 гадох навучалася ў хатніх умовах каля пяці месяцаў. Ці пасьпяхова яны скончылі цяперашні навучальны сэзон і якія пляны маюць на будучыню?

У 10-гадовага Янкі – цяпер гарачы час. Ён здае экзамэны:

(Лапіцкі Янка: ) “Я ў чацьвёртай “Д” клясе і буду пераходзіць у пятую”.

(Карэспандэнт: ) “А што для гэтага патрэбна?”

(Лапіцкі Янка: ) “Здаць экзамэны. Па якіх прадметах? Па матэматыцы, белмове і яшчэ плюс ангельскай мове. Але ў матэматычную клясу я ўжо паступіў”.

(Карэспандэнт: ) “А як ты здаў?”

(Лапіцкі Янка: ) “На васьмёркі. Гэта матэматыку і белмову. А што будзе па ангельскай мове я яшчэ ня ведаю”.

З наступнага году Янка Лапіцкі мае намер навучацца ў гімназічнай клясе, куды бяруць найлепшых вучняў. Як вынікае з тлумачэньня самога жодзінскага хлопчыка і ягонай маці Сьвятланы Лапіцкай, прэтэндэнты здаюць экзамэны і ў Янкі – добрыя пэрспэктывы стаць гімназістам. Пры гэтым яны спадзяюцца, што навучаньне будзе праводзіцца па-беларуску. Як сёлета.

Янка займаўся ў беларускамоўнай клясе адзін, але вынікі яго навучаньня бацькоў радуюць. Паводле іх, посьпехі беларускамоўнага хлопчыка прыкметныя ў параўнаньні зь дзецьмі, што навучаюцца ў паралельных клясах з расейскай мовай навучаньня. Спадарыня Лапіцкая не шкадуе, што змагалася за беларускамоўнае навучаньне сына:

(Лапіцкая: ) “Нармалёвая сытуацыя цяпер. Я хацела б сказаць, што ў гэтым вялікая заслуга Яна. Ён малайчынка. Вось ён пісаў тэст па матэматыцы і напісаў на васьмёрку. А перад Новым годам ён быў на школьнай алімпіядзе і па матэматыцы заняў трэцяе месца па школе. Там у яго сябры ёсьць, якія тэлефануюць Яну і кажуць: “Янка, дапамажы нам рашыць матэматыку”. Ва ўсялякім выпадку пакуль ўсё ідзе так, як мы жадаем”.

Задаволеныя вынікамі навучаньня ў беларускамоўнай клясе і бацькі Марыі Каральковай з Горак. Гаворыць бацька Віктар Каралькоў:

(Каралькоў: ) “Восем клясаў скончыла. Працы рабіла па хіміі, фізыцы. Удзельнічала ў раённых алімпіядах, навуковых канфэрэнцыях. Маша сёлета скончыла школу рамёстваў на “дзясятку”. У музычную школу ходзіць. Сама пайшла ў гэтым годзе. І першы год адвучылася – саксафон і фартэпіяна. Якія яшчэ тут навіны? Была кляса з аднога чалавека, а цяпер стала кляса з двух чалавек. Зь вёскі прыехала другая дзяўчына, якая хоча вучыцца па-беларуску, і яна зараз разам з Машай вучыцца”.

Марыя Каралькова, як паведаміў яе бацька, пасьля летніх вакацый прадоўжыць сваю адукацыю па-беларуску ў дзявятай клясе.
XS
SM
MD
LG