Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За пуцёўку ў санаторый цяпер трэба плаціць самому


Радыё Свабода Сёлета ў Беларусі – першы летні сэзон адпачынку, калі пуцёўкі ў санаторыі людзі мусяць набываць самастойна ды за поўны кошт. Паводле ўказаньняў прэзыдэнта, датаваньне сыстэмы аздараўленьня скарочана больш як напалову.

У рэспубліканскім цэнтры па аздараўленьні насельніцтва паведамілі, што цяпер у Беларусі 173 санаторна-курортныя ўстановы. Зь іх каля паўсотні часова прыпынілі працу, яшчэ шэраг панізілі свой статус да піянэрлягеру. Расказвае супрацоўнік былога санаторыю “Палесьсе” Іван Лазюк.

(Лазюк: ) “У красавіку крыху пачалі працаваць. Тры месяцы цалкам стаялі. Заробак у гэтым лягеры – максымум 140-150 тысячаў рублёў”.

Як удакладніў суразмоўца, санаторый “Палесьсе” – уласнасьць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Працавалі тут амаль 100 чалавек. Старшыня ФПБ Леанід Козік яшчэ ўвесну падпісаў загад аб звальненьні ўсяго штату супрацоўнікаў. Але, як кажа Іван Лазюк, людзі судзяцца да сёньня.

(Лазюк: ) “Хто сам звальняўся, то нейкую працу адшукваў. Некаторыя пайшлі на пэнсію датэрмінова. А ў каго зусім безнадзейнае становішча, той вымушаны трымацца й за гэтае месца”.

Паводле суразмоўцы, цяжкі лёс “Палесься” на Берасьцейшчыне падзяляюць таксама прафілякторый “Чабарок”, санаторыі “Буг”,“Жамчужны”, “Алеся”. Фінансавыя страты нясе аб’яднаньне “Брэстаблздраўніца”. Галоўны ўрач Сяргей Жыцінёў паведаміў, што ўпершыню гэтае прадпрыемства праводзіць скарачэньне свайго пэрсаналу.

(Жыцінёў: ) “Безумоўна, трагедыя для тых, хто губляе працу. Але гэты працэс у нас ідзе. Зь 50 чалавек 21 звольніліся датэрмінова. Астатнія 26 ці 27 яшчэ дапрацоўваюць”.

Як высьвятляецца, сярэдні кошт адпачынку ў беларускім санаторыі зараз складае ад 40 да 80 тысячаў рублёў у суткі. За поўную пуцёўку даводзіцца плаціць паўтысячы і больш даляраў. Лідэр незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч гаворыць, што абвал цэнаў перадусім пагражае разваліць сфэру адпачынку на пэрыфэрыі.

(Фядыніч: ) “Цэлы шэраг санаторыяў, асабліва ля раённых ды абласных цэнтраў будуць закрывацца ці набываць іншы профіль. Палітыка так званага ўзаемапаразуменьня дзяржавы й фэдэрацыі прафсаюзаў прывядзе да таго, што здароўе людзей стане яшчэ горшае, чым на цяперашні час. Чаму чыноўнікі гэтага не разумеюць? Таму што, відаць, у гэтых санаторыях яны не адпачываюць. Самі выяжджаюць за мяжу, альбо ў тыя санаторыі, што адносяцца да ўпраўленьня справамі прэзыдэнта”.

Размовы пра поўныя кошты на пуцёўкі ў санаторыі вяліся ад пачатку сёлетняга году. Рэальным гэта стала адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 20 сакавіка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG