Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая перадача "Летняга альбому": Палітбюро


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою: палітбюро, трусы сямейныя, балоньня, Сопацкі фэстываль, дзявочы сьпеўнік, Чалавек-амфібія, "па блату" – і іншыя. Прысылайце вашы прапановы, ўспаміны, фатаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.

Першае, што прыходзіць да галавы, калі чуеш слова “палітбюро” – не вярхоўны камуністычны орган, які кіраваў СССР і мог распачаць ці пачаць вайну, насьмяшыць ці нагнаць страху на ўвесь сьвет, а няхлямяжы чырвоны стэнд з налепленымі на іх фотаздымкамі.

Прыканцы сямідзясятых стэнды такія ў невядомых мэтах павесілі на кожным прадпрыемстве і ў кожнай установе. Як і асобы на стэндах “Іх шукае міліцыя”, яны ніколі не ўсьміхаліся, і былі зроблены такім чынам, што, здавалася, зь якой кропкі не зірні, яны за табой сочаць.

Здымкі членаў і кандыдатаў у члены палітбюро былі жывым увасабленьнем партрэту Дарыяна Грэя: амаль усім пэрсанажам было пад семдзесят, а то і пад восемдзесят, але, дзякуючы прафэсійнай рэтушы, выглядалі яны гадоў на сорак маладзейшымі. Стваралася ўражаньне, што яны неўміручыя як вечна жывое ленінскае вучэньне, і таму сьмерць васьмідзесяцігадовага палітбюроўца Міхаіла Андрэевіча Суслава, якая надарылася ўзімку 1982 года, сталася для савецкіх працоўных праўдзівым шокам.

Неўзабаве калегі Міхаіла Андрэевіча пачалі паміраць адзін за адным, зьяўляліся новыя, і гэта дало працы сакратарам нізавых парткамаў: стэнды трэба было пастаянна абнаўляць.

Малявалі ў гонар членаў палітбюро і буйнагабарытныя партрэты. У 1972 годзе мы зь сябрам Анатолем Рыбікавым, спазьніўшыся на пару дзён, прыехалі ў будатрад, што месьціўся ў Лепеле.

Жылі будатрадаўцы ў школе, і мы, пакуль усе былі на працы, залезьлі ў школьны падвал ды выцягнулі адтуль вялікія, на палатне маляваныя партрэты членаў палітбюро, прычым, як дзейных, так і тых, каго адтуль выгналі: розных там палянскіх, шалепіных ды шэлестаў.

Пашкадаваўшы, што галоўныя партыйныя кадры валяюцца ў падвале, разьвесілі іх – усяго блізу дваццаці штук – на надворнай школьнай прыбіральні ды выправіліся знаёміцца зь Лепелем.

Пабачыўшы на сарціры павешаны дагары нагамі партрэт Леаніда Ільліча Брэжнева, камандзір будатраду спалатнеў, але рэпрэсій супраць нас не ўчыняў. Уздымаць шум вакол пэрформансу было не ў ягоных інтарэсах, таму абмежаваўся выхаваўчай гутаркай. Адвёў нас у бок і доўга тлумачыў: чым могуць скончыцца жарты свабодных людзей у несвабоднай краіне. Мы, вядома, апраўдваліся, казалі, што проста пажартавалі, урэшце рушылі ў краму па “чарніла”, каб канчаткова ўлагодзіць з камандзірам гэтую справу. Наступным днём партрэты, разам зь іншым падвальным хломаздам, некуды зьвезьлі. Спалілі, відаць. Ня ведаю, ці патрэбна было для такога auto da fe санкцыя партыйных органаў. Бо паліць давялося ня леташнюю лістоту, а партрэты членаў палітбюро!
XS
SM
MD
LG