Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінкевіч: “Незалежнасьць не адстаяць без ахвяраў!”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Фрагмэнты размовы слухачоў Радыё Свабода з моладзевым лідэрам, які адсядзеў ужо агулам паўгода і зараз зьбіраецца на двухгадовую “хімію”.

“Наступным прэзыдэнтам будзе Аляксандар Мілінкевіч”

(Доктар Міхал, Рыга: ) “Колькі вам гадоў малады чалавек?”

(Фінкевіч: ) “Дваццаць адзін”.

(Міхаіл: ) “І як вам змагаецца? Чуў, Вы не аднойчы былі ў турме, праўда гэта?”

(Фінкевіч: ) “Я адсядзеў 105 сутак і тры з паловай месяцы на Валадарцы да суду”.

(Міхал: ) “А ці ня лепш было б адразу атрымаць вышэйшую адукацыю, а затым ужо ваяваць...”

(Фінкевіч: ) “Як паеду на “хімію”, буду вучыцца дыстанцыйна ў адным з замежных унівэрітэтаў”.

(Міхал: ) “А чаму ня ў беларускім і – завочна?”

(Фінкевіч: ) “Нерэальна: ніхто не адпусьціць на сэсію. Такім чынам – толькі замежны варыянт. Дзякуючы яму змагу адвучыцца другі-трэці курсы”.

(Ірына: ) “Добры вечар! Пачалося лета, усе думаюць пра адпачынак, лепей пра мора. Але самая актыўная моладзь ня хоча быць, як усе, працягвае змаганьне і мае адныя толькі непрыемнасьці. На Вашую думку, наколькі можа хапіць гэтага імпэту? Ці ня здарыцца так, што ўлады пакараюць усіх самых актыўных, іншых запалохаюць і ўсё гэтым скончыцца?”

(Фінкевіч: ) “На беларускай зямлі хапае шчырых, адданых, самаахвярных маладых людзей, гатовых на ўсё дзеля сваёй Бацькаўшчыны. У бліжэйшыя некалькі гадоў сытуацыя ў нашай краіне будзе кардынальна зьмененая”.

(Ірына: ) “Як вы глядзіце на старэйшых палітыкаў: ці няма ў вас адчуваньня, што яны стаміліся ад безвыніковага змаганьня і рэальна ня вераць у перамены?”

(Фінкевіч: ) “Ёсьць адзіны кандыдат дэмакратычных сілаў – Аляксандар Мілінкевіч. Наступным прэзыдэнтам будзе менавіта ён. Іншых варыянтаў тут проста быць ня можа. А ўсё астатняе, я лічу, унутраныя справы кожнай з гэтых партый”.

(Ірына: ) “Хто больш прыгодны для сапраўднай кааліцыі з адзіным кандыдатам?”

(Фінкевіч: ) “У першую чаргу Вячорка. Лябедзька павінен быць там – ён мусіць стаць на чале ўраду, бо Аб’яднаная грамадзянская партыя аб’ектыўна самая моцная. Пры дэмакратычных выбарах у парлямэнт яна б набірала працэнтаў 25-30 месцаў”.

(Алена, Жодзіна: ) “Слухайце, ды часам забойцам даюць менш, чым вам за графіці! Але пры ўсім тым: ці верыце ў эфэктыўнасьць такой формы пратэсту? Многіх раздражняюць размаляваныя сьцены…”

(Фінкевіч: ) “Так, часамі забойцам дастаецца менш. Мне за графіці далі два гады хіміі, а пагражала ад сямі да дванаццаці... “Мастацтва” тое лічу дзейсным. Каму не падабаецца, хай не глядзіць. “Советская Белоруссия” таксама шмат каму не па душы, але яна існуе. Хто чытае, нармальна ставіцца. Тое самае з графіці. Тым больш няма фактычна іншага шляху дайсьці да людзей. Атрымліваецца, гэта адна з рэдкіх магчымасьцяў, якія мы мусім скарыстоўваць.

Дарэчы, я рабіў надпісы не на пад’ездах, а на адным з платоў па вуліцы Петруся Броўкі. Людзі бачылі, як я маляваў, яны чыталі і рэагавалі выключна пазытыўна. Калі чалавек ідзе і бачыць раптам: “Мы хочам новага!”, то адчувае сугучнасьць уласным думкам, бачыць: ахвотных да пераменаў шмат, яны паўсюдна... Атрымліваецца прыблізна тое самае, як ва Ўкраіне з памаранчывымі стужачкамі”.

“Дзяўчатам галадаваць ня варта. Як і дзецям. Шкада іхных бацькоў...”

(Спадарыня, Гомель: ) “У мяне, як у маці, трывожна на сэрцы ад таго, што маладыя людзі даволі часта галадаюць на знак пратэсту. Вы, напэўна, чулі, што й гомельская актывістка, 20-гадовая Аксана Сергіенка, галадавала ў ізалятары амаль два тыдні. Бо яе зарыштавалі на 15 сутак за раздачу ўлётак. Навошта такая самаахвярнасьць маладых? Хто яе ацэніць?”

(Фінкевіч: ) “Хто ацэніць? Нашыя нашчадкі!”

(Спадарыня: ) “Я веру! Веру у будучую перамогу, але вось зараз пра галадоўку Аксаны расказала толькі “Свабода”... Навошта галадаваць, калі галадоўкі ня маюць розгаласу?”

(Фінкевіч: ) “Я стаўлюся да галадоўкі дзяўчат неадназначна, ня варта было б ім гэта рабіць. Бо ім яшчэ трэба нараджаць, а гэта наша будучыня – беларускія дзеці... Але зразумейце: ніводная рэвалюцыя, ніводныя перамены не адбываюцца без ахвяраў! Каб сёньня адстаяць Незалежнасьць, патрабуецца ахвярнасьць. Якая? Такая, што запатрабуецца!

Дарэчы, я таксама зь сёньняшняга дня (першага чэрвеня) падтрымаў моладзевую галадоўку. За мінулую вясну на маладафронтаўцаў узбуджана больш за дзесяць крымінальных справаў. Супраць гэтага перасьледу нашыя прыхільнікі і пратэстуюць”.

(Спадарыня: ) “Удзячнасьць да вас проста ня мае межаў. Але памятайце, што ахвяры на алтар перамогі беларускі народ ужо паклаў незьлічоныя. Памятайце, што вы нашчадкі Кастуся Каліноўскага...”

(Тацяна, Маладэчна: ) “Па ўсёй краіне зараз галадуюць на знак вашай падтрымкі. Вы адчуваеце сваю асабістую маральную адказнасьць? Што вы будзеце раіць ім – працягваць акцыю далей, спыняцца?”

(Фінкевіч: ) “Сёньня ў тры гадзіны дня мы са Зьміцерам Дашкевічам як толькі выйшлі з турмы на Акрэсьціна і ўведалі пра падзеі ў Салігорску, Менску ды іншых гарадох, вырашылі далучыцца да галадоўнікаў. Хачу падзякаваць ім за мужнасьць і ахвярнасьць”.

(Тацяна: ) “Артур, як вы ацэньваеце ўдзел у галадоўцы непаўнагадовых, напрыклад, тых самых братоў Шылаў?”

(Фінкевіч: ) “Стаўлюся да гэтага, як і да галадаваньняў дзяўчын... Зь іншага боку, калі на такое адважваюцца дзеці, то мы, якія ў параўнаньні зь імі, так бы мовіць, жлабяры сапраўдныя, ну проста абавязаны рабіць адэкватныя дзеяньні. У прыватнасьці, браць на сябе адказнасьць. Але што канкрэтна сказаць наконт дзяцей, то, шчыра скажу: ня ведаю, як быць... Тут справа кожнага, але ў той жа момант (вось парадокс) бацькоў шкада!”

(Спадарыня, Бабурйск: ) “Хачу выказаць падтрымку маладафронтаўцам, якія галадуюць”.

(Фінкевіч: ) “Дзякуй вялікі!”

(Спадарыня: ) “Веры Вам і мужнасьці. Артур, бачыла Вашыя вочы: вы ня з тых, хто адступае... Дык Жыве Беларусь!”

“Палітпіяўкі былі заўсёды і ёсьць паўсюль. Лепш, аднак, ня іх судзіць, а на сябе азірнуцца”

(Уладзімер, Наваполацк:) “ У нас у горадзе ёсьць унівэрсытэт, у якім займаецца некалькі тысячаў студэнтаў. Ды вось ім цалкам, як кажуць, да ліхтара лёс іхных аднагодкаў, што сядзяць за кратамі, іх не хвалюе лёс беларускай мовы і культуры, як і лёс дэмакратыі ў краіне. Такія рэаліі нашага часу. Як вы зьбіраецеся зьмяніць сытуацыю да лепшага?”

(Фінкевіч: ) “Упэўнены, што насамрэч ня ўсё так кепска. Паўсюль хапае прыхільнікаў пераменаў. Але адначасова тыя ж гарадзенскія студэнты разумеюць, што як толькі раскрыюць карты, адразу вылецяць з вучобы. Я не прыдумляю, бо маю знаёмцаў якраз з наваполацкага ўнівэрсытэту, якія працуюць зараз і з моладзьдзю, і зь людзьмі сталага веку”.

(Сяргей, Магілёўскі раён: ) “Ці ёсьць, на ваш погляд, стабільныя нармалёвыя стасункі паміж сталічнымі моладзевымі лідэрамі і іхнымі равесьнікамі ў рэгіёнах? Не сакрэт, што ў намётавым мястэчку было больш прадстаўнікоў правінцыі, чымсьці з самаго Менску. Гэта дае права перагледзець сытуацыю?”

(Фінкевіч: ) “У рэгіёнаў сапраўды ёсьць нейкая пакрыўджанасьць на сталіцу. Бо калі нейкія рэсурсы з’яўляюцца, яны заўсёды ў большай ступені завісаюць там. Праўда і ў тым, што ў правінцыі значна цяжэй працаваць, значна цяжэй дзейнічаць... Так заўсёды было і будзе. Аднак праўда і ў тым, што рэвалюцыі заўсёды рабіліся ў цэнтры. Паверце. Тут людзі таксама ахвяруюць. Не магу сказаць, што жыцьцём, але – ладным яго кавалкам... “

(Сяргей: ) “Вы самі адкуль родам?”

(Фінкевіч: ) “Мянчук. Але цягам недзе трох гадоў быў кіраўніком рэгіянальнага аддзелу “Маладога фронту”.

(Сяргей: ) “Наперадзе ў краіны выбары ў мясцовыя саветы. У зьвязку з гэтым моладзевы рух будзе радыкалізавацца, сыходзіць у падпольле? Або папросту актыўная моладзь пачне актыўна зьяжджаць за мяжу ў пошуках палітычнага прытулку?”

(Фінкевіч: ) “Градус павінен накаляцца, таму мы пойдзем на мясцовыя выбары. Верыць у тое, што хтосьці з нашых на іх пераможа, ня маю аніякіх падставаў. Калі ў 2003 годзе дэпутатамі здолелі стаць некалькі дзясяткаў дэмакратаў, то зараз гэтага не даб’ецца ніводны! Такога проста не дапусьцяць! Хаця па праўдзе перамогуць большасьць нашых кандыдатаў... Але й пры такім прыкрым раскладзе на выбары трэба ісьці, каб працаваць на будучыню”.

(Пётр Антусевіч: ) “Пару дзясяткаў хлопцаў зараз галадуюць, вы хутка адправіцеся на “хімію”, шасьцьсот чалавек за Плошчу атрымалі суткі... На гэтым тле мне брыдка назіраць, як нейкім чынам атрымліваюць статус палітуцекачоў зусім “левыя” людзі. Ці такія, хто быў не ў палітыцы, а каля яе. Як вы ставіцеся да праблемы штучнай, ненатуральнай палітэміграцыі? Да гэтых палітпіявак...”

(Фінкевіч: ) “Такое было ня толькі ў нас – ва ўсіх краінах з падобнымі палітычнымі праблемамі. На іх хтосьці спрадвеку нажываецца. Таму проста не судзіце іншых – глядзіце на сябе”.

(Спадар: ) “Артур, якія моладзевыя кампаніі або дзеяньні могуць быць найбольш эфэктыўнымі зараз у Беларусі? “

(Фінкевіч: ) “Трэба займацца тым, што і раней: хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, скарыстоўваць магчымасьці мясцовых выбараў, раскідваць агітацыю, працаваць з моладзьдзю, рабіць флэш-мобы, падтрымліваць акцыі салідарнасьці на шаснаццатае чысло... А яшчэ важна адзначаць нейкія раскручаныя даты. Увосень, напрыклад, апазыцыя мусіць правесьці адну нармальную масавую акцыю – я бачу тут 24 лістапада, дзясятую гадавіну рэфэрэндуму 1996 году. Трэба адказаць на тое беззаконьне. Дзеля гэтага варта замахнуцца на тое, каб сабраць столькі народу, як і ўвесну. Мы павінны працаваць круглы год: як мэханізм, як гадзіньнік!”

(Надзея, Магілёў: ) “Добры вечар. Мяне завуць Ірына, я студэнтка Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Я не прыхільнік сёньняшняга палітычнага рэжыму, ня сябра БРСМ, але мне падаецца, што ў пляне перацягваньня моладзі на свой бок палітыка ўлады куды больш эфэктыўная за апазыцыйную. Якія рэцэпты можа прапанаваць моладзевая прадэмакратычная эліта дзеля адоленьня бязьвер’я і што дзеля гэтага трэба рабіць такім, як я?”

(Фінкевіч: ) “Што вам параіць? Напэўна, трэба зьвязвацца з такімі ж, як вы! Як станеце не адна, калі зьбяруцца некалькі чалавек, паспрабуйце далучыцца ў прынцыпе да нейкай дэмакратычнай арганізацыі, стварыце нейкую суполачку. Гэта варта пошуку, бо будучыня за намі і нашай праўдай. Ня можа быць абяцаньня сьветлага заўтра на ілжы. А цяперашняя ўлада “жывіць” заўтрашнія народныя мары менавіта маной! Таму яна й прайграе разам з “лукамолам”.

(Яўген:) “У нас, у Гомелі, улады закрылі маладзёвы цэнтр “Гарт”, пераследавалі актывістаў “Зубра”, “Маладога фронту”. Якія, на твой погляд, формы павінен прымаць цяпер нефармальны маладзёвы рух?”.

(Фінкевіч: ) “Узьняць галаву і ісьці наперад нягледзячы ні на якія рэпрэсіі. Проста ломам валіць. Валіць, і валіць, і валіць! Разумець, што за намі праўда, за намі Гасподзь, і за намі будучыня”.

“Каб зьмяніць уладу ў краіне, трэба найперш зьмяніцца самому”

(Генудзь, Віцебск: ) “Скажыце, калі ласка, ці не зьяўляецца вашая апазыцыйная дзейнасьць нейкай своеасаблівай модай: маўляў, гэта крута, мы авангард нацыі, во якія мы сьмелыя!”

(Фінкевіч: ) “Я прыйшоў у “Малады Фронт” ня дзеля самавызначэньня – проста адчуваў, што трэба неяк зьмяніць гэтую ўладу. І пачынаць тут трэба было зь сябе. Большасьць дэмакратычных актывістаў, якія змагаюцца, ня робяць выгляд змаганьня, а шчыра й аддана працуюць. А зь іншага боку вельмі добра, калі нават прыходзяць дзеля вольнай тусоўкі, каб панасіць тыя ж самы значакі... Чым іх больш, тым лепей: усё пачынаецца зь першага кроку...”

(Генудзь: ) “Мабыць, усё ж ідэйная скіраванасьць патрэбна больш сур’ёзная. Напрыклад, узяць там хрысьціянскую ідэю... Я да таго, што павінна быць ня толькі адраджэньне, а нешта больш глыбіннае”.

(Фінкевіч: ) “Хрысьціянскі фактар, пра які вы кажаце, павінен быць дамінуючым у маючых адбыцца беларускіх пераменах. Бяз гэтага не адбылося б, у прыватнасьці той самай памаранчавай рэвалюцыі. Яна пачыналася з агульнай штодзённай малітвы Майдану і сканчвалася малітвай жа ўвечары за Ўкраіну. Так і ў кожнага сьвядомага беларуса дзень павінен пачынацца з малітвы за Беларусь і сканчвацца тым самым...”

(Генудзь: ) “Вы фактычна пра шчырасьць, духоўнасьць у палітыцы гаворыце. А ёй, мне падаецца, зараз больш пасуе нахабства”.

(Фінкевіч: ) “У сучаснай беларускай палітыцы можа быць яно так і ёсьць, але... На кангрэсе я галасаваў не за Мілінкевіча. Далей давялося крыху пазнаёміцца зь ім, і я пераканаўся: гэта адзіны шчыры чалавек з палітычнага бамонду, які мы маем. Канечне, не кажу пра МФ ці, напрыклад, за Севярынца.”

(Генудзь: ) “А Калякін чаму не падабаецца? Лябедзька той самы?”

(Фінкевіч: ) “Стаўлюся з павагай да абодвух, але... Я цаню шчырасьць”.

(Генудзь: ) “А “Малады фронт нарэшце пасталее?”

(Фінкевіч: ) “Ёсьць маладая зьмена, гатовая ўзяць на сябе адказнасьць за самыя сур’ёзныя рэчы. Штодня мы расьцім і расьцім кадры. Ад 1996 году праз нас прайшлі каля 19 тысячаў чалавек”.

(Генудзь: ) “А “Зубар” чым ад вас адрозьніваўся?”

(Фінкевіч: ) “У яго не было ні нацыянальных ідэяў, ні хрысьціянскі’ каштоўнасьцяў, якія ёсьць у нас”.

(Тацяна, Наваполацк:) “Мяне хвалюе такое пытаньне. Ля вытокаў “Маладога фронту” стаяў Павал Севярынец. Вось ужо дзевяць месяцаў Павал сядзіць на “хіміі” ў нашым Полацкі раёне. Апошнім часам да яго практычна ніхто не прыяжджае. Я гэта ведаю, бо мой муж туды часам езьдзіць. Як вы пракамэнтуеце такую, з дазволу сказаць, салідарнасьць?”

(Фінкевіч: ) “Нядаўна ў Віцебск, дзе ён тады знаходзіўся, да Пашы езьдзіла група нашых. Размаўлялі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, арганізацыі... Паша ў сваіх умовах трымаецца абсалютна нармальна, мужна. Што асабіста да сябе, то, на жаль, зараз не магу пакідаць межы менскай кальцавой дарогі...”

(Дзік: ) “Артур, у “Нашай Ніве” была інфармацыя, што ты фанат менскага “Тарпеда”. Нешта ніколі цябе не заўважаў у шэрагах “тарпядонаў” – адкуль такая дэза? У якой хабзе на Аўтазе ты вучыўся?”

(Фінкевіч: ) “У свой час я займаўся міні-футболам – гуляў крышачку. І якраз-такі за “Тарпеда”. Тым больш я сам з Заводзкага раёну, за каго ж яшчэ хварэць? За “Дынама”? Гм... Цяпер са спортам у мяне цяжкасьці. Але калі сядзеў на Валадарцы, то глядзеў чэмпіянат сьвету па хакею, хварэў за Беларусь...”

(Спадар: ) “Колькi дзяржаўных моваў павiнна быць у новай Беларусi?”

(Фінкевіч: ) “Адна. Беларуская”.

(Віктар Туравец, Францыя: ) “Артур, на твой погляд, чаму знаходзяцца маладыя, прыгодныя для “лукамолу”? Адкуль яны бяруцца?”

(Фінкевіч: ) “Што да “лукамольцаў”, то 14 траўня, калі БРСМ учыніў парад сьцягоў. Я спэцыяльна падыходзіў паглядзець, хто зь імі стаіць? Студэнты акадэмій міліцыі й фізкультуры – серп і молат... Хто зацікаўленыя, каго магчыма прыціснуць, выгнаць на гэтую плошчу. Вось і атрымліваецца: заганяюць у “лукамол” за нязначным выключэньнем”.

“За сяброў я гатовы перагрызьці горла ворагам. І яны зробяць гэтаксама за мяне”

(Пётр, Менск: ) “Што і хто падштурхнулі вас да беларушчыны? Якія якасьці найперш цэніце ў людзях”

(Фінкевіч: ) “Шчырасьць, празрыстасьць, адказнасьць, вернасьць, самааданасць – вось асноўныя рысы характару тых людзей, якія са мной побач. За іх, калі спатрэбіцца, я гатовы перагрызьці горла ворагам. Тое самае, упэўнены, яны зробяць і за мяне. Што да беларускасьці, то запомніў: развальваўся Савецкі Саюз, бацька ўключыў тэлевізар, і калі Гарбачоў здымаў з сябе паўнамоцтвы, ён схапіў бел-чырвона-белы сьцяг і пачаў бегаць па хаце... Вось што лічу сваёй кропкай адліку грамадзянскага жыцьця. А той момант, калі я сьвядома стаў беларусам з нацыянальнай ідэяй, калі мяне, як кажуць, зачапіла, гэта быў дзень 14 траўня 1995 году – дзень ганебнага рэфэрэндуму... У той момант, калі зьмянілі сьцяг, я проста плакаў – гэта абумовіла мой далейшы лёс”.

(Спадарыня: ) “Артур, хто на ваш погляд герой нашага часу?”

(Фінкевіч: ) “Сярод палітычных дзеячаў найперш Павал Севярынец. Мой першы настаўнік заўсёды трымаў галаву вышэй за ўсіх і заўсёды трымаецца годна, ідзе наперад. І пры гэтым ён шчыры, адкрыты і самаадданы. Ролю такога чалавека для нашай эпохі пераацаніць вельмі цяжка. Проста немагчыма! Гэта рухавік вуліцы канца 1990-х – пачатку новага тысячагодзьдзя. На кароткі адрэзак часу яго спыніла толькі “хімія”. Упэўнены: у жніўні будзе амністыя, і Паша выйдзе на волю. Пасьля гэтага ён яшчэ дасьць жыцьця!”

(Сяргей: ) “Спадар Фiнкевiч, пасьля 19 сакавiка людзi былi гатовыя штодня масава выходзiць на вулiцу з пратэстам. Чаму, на Вашую думку, гэта не было выкарыстана?”

(Фінкевіч: ) “У нас трэба было ўсё вырашаць у першы дзень: ісьці і валіць. Сорак тысячаў чалавек разагнаць вельмі праблематычна. Ім варта было дабівацца тэлевізіі”.

(Спадарыня: ) “Дзе адшукаць папараць-кветку?”

(Фінкевіч: ) “Калі вы хочаце знайсьці папараць-кветку, уступайце ў “Малады фронт”. Разам мы яе знойдзем!”
XS
SM
MD
LG