Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“З мужчынаў улада можа рабіць усё, што пажадае”


Радыё Свабода 5 чэрвеня, панядзелак

(Спадар:) “Людцы, людцы! Сорам нам усім! Няўжо вы ня бачыце, хто пры ўладзе сядзіць? Ён ніколі не аддасьць уладу. Пратэст ніякіх вынікаў ня дасьць, ён толькі ўзмацняе яго ўладу. Ён знайшоў вельмі моцную падтрымку ў стане Расеі. У іх ядзерная кнопка. У гэтым ідзе спэкуляцыйная праца на зьнішчэньне ў нас свабоднай думкі, да і ў самой Расеі”.

(Спадар:) “Я наконт галадаючых дзяцей і павелічэньня іх колькасьці. Гэта чыстай вады прапаганда. Ну, хто паверыць, што гэтыя дзеці, седзячы дома ля лядоўні, галадуюць, калі іх бацькі ядуць? А павелічэньне іх колькасьці нагадвае мне сацабавязкі. Хутка ўсё прагрэсіўнае чалавецтва ня будзе есьці і піць у падтрымку апазыцыі. Дарэчы, прадпрымальнік Аўтуховіч ужо разьвітаўся з усімі, павінен быў памерці ад сухой галадоўкі, але ж нешта не памёр. Я разумею, што гэта гэбелеўская прапаганда ў вас.

Вось гэта, што я сказаў, вы, супрацоўнікі радыёстанцыі, калі ласка, пусьціце ў эфір, каб людзі дужа не хваляваліся. А тое там адна жанчына па вашай радыёстанцыі амаль што разрыдалася. Можа гэта заказная жанчына? Гэта ў вас як са сьвечкамі 16-га – дайшло да 150 тысячаў!”

(Віктар Бутто:) “Пра неабароненасьць. У Менску найбольш неабароненай катэгорыяй з грамадзянаў Беларусі перад уладай зьяўляюцца мужчыны. З мужчынаў улада можа рабіць усё, што пажадае. Улада можа адняць у іх здароўе, магчымасьць працаваць, сям’ю, свабоду і нават жыцьцё, то бок любыя канстытуцыйныя правы і свабоды”.

(Спадарыня:) “Зараз моладзь выказвае свой пратэст супраць дзеяньняў улады праз галадоўку. Многія слухачы свабоды выражаюць сваё абурэньне, выказваюцца супраць моладзі, якія абвясьцілі галадоўку. Я таксама супраць таго, каб непаўнагадовыя дзеці галадалі. А ў сувязі з гэтымі падзеямі я ў сваіх успамінах апынулася ў 1942 годзе.

У гэты час мне было 9 год. Мае бацькі, удзельнікі менскага падпольля, былі арыштаваныя нямецкім карным органам, а разам зь імі быў арыштаваны малодшы брат маёй маці, якому ў той час было няпоўных 16 гадоў. Ён быў сувязным партызанскага атраду. Мае бацькі і разам зь імі брат былі зьмешчаны ў канцлягер на вуліцы Шырокай. Бацькі былі вывезеныя ў Нямеччыну, дзе знаходзіліся ў канцлягерах. А гэты падлетак, Кавалеўскі Аляксандар, быў спалены ў душагубцы ў Трасьцянцы. Вось гэта я агучваю ўпершыню. Так што толькі маладыя здольныя ахвяраваць сабой сьвядома ў мірны час і ў час ваенных падзеяў”.

(Уладзіслаў:) “Я паслухаў “Сымбаль веры” пра цуды, хачу паспрачацца. Д’ябал цуда ня творыць ні ў ніякім выпадку. Таму што створаны цуд, якім бы ён ня быў, выклікае веру ў тых, хто яго бачыў. А вера – гэта як раз тое, што д’ябал ненавідзіць, з чым ён змагаецца. Людзі, якія бачылі цуд, пачынаюць задумвацца пра духоўны сьвет і жыцьцё пасьля сьмерці. А мэта д’ябла акурат супрацьлеглая – акрамя матэрыяльнага сьвету нічога няма і самога д’ябла таксама няма. Далей сьвятар Зьміцер Грышан сказаў, што антыхрыст будзе тварыць цуды. Але я не заўважыў адно маленькае слова. Тыя цуды будуць хлусьлівыя, гэта значыць, несапраўдныя. Тое прароцтва апавядае пра дасягненьне навукі, якая будзе на службе ў дзяржавы, і ў людзей створыцца ўражаньне, што без дзяржавы навуковы прагрэс немагчымы. Стварэньне атамнай бомбы без дзяржавы сапраўды немагчымае, таму што ствараць яе для прыватнага карыстаньня няма сэнсу.

І на заканчэньне маёй прамовы прыклад хлусьлівага цуду. За Лукашэнку прагаласуюць, напрыклад, 40 адсоткаў выбарцаў, а як палічаць, атрымаецца 85. Такога цуду нават Хрыстос ня можа зрабіць. Альбо іншы цуд – зьнікненьні. Былі чацьвёра вядомых людзей і раптам зьніклі – Дэвід Каперфільд адпачывае”.

(Спадар:) “Наконт галадоўкі. Ніхто, толькі адна жанчына з Магілёву нешта там прамямліла наконт галадоўкі. Яна нават не разумее, у чым справа, чаму галадоўку абвясьцілі. Людзі да ўлады рвуцца! Яны хочуць уладарыць. Але ж не атрымалася. Большасьць, больш за 90% людзей, прагаласавалі за гэтую ўладу, якая сёньня існуе. І некаторыя атожылкі прыехалі зь вёскі і не даюць нам жыцьця. Іх ня толькі затрымліваць трэба, іх судзіць трэба за гэта! Што ім трэба? Нічога не адказваюць, нешта прыдумляюць толькі. А гэтыя ўсё катаюцца! Нідзе не працуюць, а толькі ўсё катаюцца. За якія грошы? Навошта яны езьдзяць на Захад? Каб прадаваць Беларусь нашу? Вось гэта пытаньне сур’ёзнае, тут і я пачну галадаць. Трэба меры да іх ужываць! Дзіўлюся, як гэта кіраўніцтва нашае нічога ня робіць”.

“Наконт галадоўкі гэтых дзяцей. І дзяўчынка 15-ці гадовая абвясьціла, што галадуе. Яна здае экзамэны, бацька з маці ня ведаюць, яшчэ нехта галадае – ну, і хай галадаюць. Як вам ня сорамна! Вы, як амэрыканскае радыё, такія ж нахабныя і пошлыя, як і амэрыканцы! І ўсё дзядзька нейкі, голас якога мы ўжо пазнаем: “Хлопцы, трымайцеся!” За што трымацца? За паветра? Нейкі анэкдот!”

(Спадарыня:) “Над дзяцінствам цяперашняй моладзі лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта іх гнулі, пераводзячы зь беларускай мовы навучаньня. Гнуць, ня значыць зламаць. Можа, таму і ёсьць вярба адным з сымбаляў Беларусі. Гнуцца, а выпрастаўшыся, сьцебануць таго, хто гнуў.

Ішлі каліноўцы з касамі на ўзброенае войска. Ведалі вынік, а, можа, у народ верылі? А, можа, верыць наша моладзь, што адледзянеюць ад сьцюжы нашы сэрцы, упадзе сьцяна, паручкаюцца свае і чужыя, знойдзецца бомба, якую хавала Сьцепаніда: нават мёртвым забаліць і зайграе музыка, бо знойдзе свае карані музыка.

Не забудзем, што за намі ВКЛ, зялёны лес, Ворша, БНР! Не забудзем, што вэкаэлаўцы былі адным з самых непакорных народаў у складзе Расейскай Імпэрыі пасьля чачэнцаў! Нашчадкі вэкаэлаўцаў, цяперашняя моладзь, гэты знак 19-га сакавіка яны ўспрынялі як знак таго, што пры добрай інфармацыі 30 тысяч за 2-3 гадзіны могуць вырасьці ў некалькі разоў. Чакаем гэтага. Жыве народ!”

(Галіна Аляксандраўна, Магілёў:) “Паслухала адказы Артура Фінькевіча на пытаньні радыёслухачоў. Хоць і малады яшчэ, а колькі сьмеласьці, рашучасьці, цьвёрдасьці ў сваіх перакананьнях! Ніякі рэжым ня зломіць гэтага беларускага хлопца. Гэта новае пакаленьне Беларусі ўсё зробіць, каб іх родная Беларусь была свабоднай эўрапейскай краінай. Толькі што выйшаў з турмы і адразу падтрымаў галадаючых не на словах, а на справе. Гонар і слава яму! Я больш чым упэўнена, што недарэмна яны галадаюць. Кожны дзень бяз ежы дадае ім “плюс”, а рэжыму Лукашэнкі “мінус”. Трымайцеся, хлопцы! Перамога будзе за вамі! Песьні Віктара Цоя вам вельмі дапамаглі б”.

(Спадар:) “Хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх тых, хто заклікае маладых людзей перастаць галадаць. Займіцеся справай, сябры, хопіць заклікаць! Гэты крок маладых людзей варты вялікай павагі. Яны рашыліся на яго, таму ня трэба іх заклікаць зноў усё спыніць і пайсьці дахаты. Хай галадаюць! А вы далучайцеся да іх. Лідэрам апазыцыі таксама хачу параіць далучыцца да галадоўнікаў і, нарэшце, пачаць займацца справай, а не балбатнёй”.

(Спадар, Пінск:) “Вось прыехаў зь вёскі Івацэвіцкага раёну. Раніцай пачуў навіну: сяляне абмяркоўваюць чарговы зьдзек дзяржавы ці то асобных органаў, які чакае іх праз месяц ці паўтара. Справа ў тым, што ходзяць чуткі, быццам бы ў лес па чарніцу трэба будзе ісьці толькі маючы на руках, набытыя ў лясьніцтве за грошы квіток. Хацелася б даведацца, ці гэта на самой справе так ці гэта толькі чуткі? І хто гэта прыдумаў? Мне здаецца, што сяляне, якія зьбіраюць чарніцу і здаюць яе за грошы, тым самым атрымліваюць нейкі сабе прыбытак і дапамагаюць сваім дзецям, унукам у гарадах. Таксама і дзяржаве выгадна гэта. А вось калі ўвядуць платны збор чарніцы і грыбоў напэўна, то гэта будзе нейкая недарэчнасьць і нават глупства. Хацелася б пачуць адказ на гэтае пытаньне”.

(Спадар:) “Цалкам падтрымліваем моладзь Беларусі, якая выражае свой пратэст супраць гэтай несправядлівасьці ў Рэспубліцы Беларусь. Мяркую аб тым, што як бы гэтая акцыя не закончылася, чарнобыльскія ліквідатары Гомельшчыны гэтую акцыю ў бліжэйшы час падтрымаюць!”

(Спадар:) “Жыву я на Случчыне. Случчына ўся ў крызысе. Ідзе развал сельскай гаспадаркі Беларусі. Колькі можна цярпець хамства ў сяле? Па ўсёй Беларусі жах, што адбываецца! Колькі можна ўсё гэта цярпець?

І хачу запытаць Анатоля Лябедзьку. Якая суполка існуе на Случчыне? Чаму не запрасілі нікога з Аб’яднанай грамадзянскай партыі на зьезд? Мы, случчане, таксама змагаемся за свае правы і хочам людзьмі лічыцца на Беларусі! Колькі можна цярпець гэтага дыктатара? Няўжо нельга зьмяніць сытуацыю? Надакучыла ўсё! Дапамажыце мне, калі ласка, каб трохі лепш было, дапамажыце трохі хоць матэрыяльна!”

(Уладзімер, Маладэчна:) “Добры вечар, шаноўнае Радыё Свабода! Я вас дастаткова рэгулярна слухаю па радыё, амаль што зьяўляюся вашым прыхільнікам. У свой час мне давялося сустракацца з вашымі карэспандэнтамі, калі ваша рэдакцыя месьцілася недалёка ад Карла Маркса, 38. Хацелася б зноў сустрэцца з карэспандэнтамі, пагутарыць, бо аўтаадказьнік не дазваляе выказаць усё тое, што я хацеў бы вам сказаць: свае думкі, меркаваньні, прапановы, свае прапановы наконт таго, як палепшыць вашыя перадачы, якія б рубрыкі можна было б новыя адкрыць, якія б тэмы можна было б распрацаваць. Калі ня цяжка, паведаміце, калі ласка па нумары...”

(Спадарыня:) “Сёньня слухала адказы слухачоў на пытаньне, колькі дзяцей павінна быць у сям’і. Я – маці двух сыноў, гадавала іх амаль што адна. І, як горка не казаць гэтыя словы, але ў нашай краіне сёньня страшна мець дзяцей. Расплюшчыце вочы, ад каго іх нараджаць? Палова нашых мужыкоў ужо ператварыліся ў п’яніц і лайдакоў. Яны зьдзекуюцца з жонак і дзяцей, і ўправы на іх знайсьці немагчыма. Міліцыя і ўлада ёсьць толькі, калі трэба ганяць дзяцей, якія крычаць “Жыве Беларусь!” Як выхаваць хаця б адно дзіця на гэты так званы сярэдні заробак? Паглядзіце, колькі каштуюць у крамах нават танныя дзіцячыя рэчы. А ў школе вам спатрэбіцца яшчэ і парту купляць дзіцяці, каб яно не сапсавала сьпіну, бо ў дзяржаве на гэта няма сродкаў. І вучыць дзіця прыйдзецца самому, бо зь сёньняшняй школьнай падрыхтоўкай вельмі верагодна, што яно застанецца невукам. А самае галоўнае, што можа сёньняшняя ўлада даць звычайнаму грамадзяніну? Бутэльку, галечу і дубінку міліцыянта, калі, паразумнеўшы, ён болей не захоча так жыць. У няволі ня плодзіцца нават жывёла. А мы ж – людзі, як бы каму сёньня не хацелася адмяніць гэту рэчаіснасьць”.

(Авараў Уладзімер Хадыравіч:) “Мяне цікавіць, чаму ў нас на “Свабодзе” няма жывога эфіру, як у Маскве? Я ў Маскву званіў на “Свабоду”, расказаў, што ў нас тут у Магілёве адбываецца, што ў нас тут мафія, карупцыя, што ў нас тут стаўленік Лукашэнкі робіць. Я нават не баюся паведаміць адрас і прозьвішча. Я ўдзельнік вайны Афганістану. Жывем у такіх умовах, хоць бы Мілінкевіч прыехаў і на ўвесь сьвет паказаў, як побач з Кастрычніцкім выканкамам людзі жывуць, гніюць, як дзеці інфэкцыйнымі хваробамі балеюць. А Лукашэнка побач у сьвінарнік езьдзіць, робіць ім там выгоды, ацяпленьне, а мы горш за сьвіней жывем. Людзі ўжо на мяжы! Невядома, калі гэта скончыцца, гэтае безуладзьдзе, парушэньне правоў чалавека і Канстытуцыі.

Хачу дапамогі папрасіць, можа, паведаміце, у якіх умовах людзі жывуць у той час, калі Лукашэнка па сьвінарнікам езьдзіць. Там вада, ацяпленьне, на кароўніках кампутары паставілі. Адрас: вул. Надзеждзінская, д. 15, кв. 32. Двухпавярховыя домікі, шэсьць штук. Я – удзельнік вайны Афганістану. 22 гады стаю на льготнай чарзе. Дзяржава падманула, абакрала мяне – вось у гэтых трушчобах і жывем, людзі жывуць нармальныя, дзеці хварэюць. А ён са сьвінарнікаў едзе, бачыць гэтыя дамы і не зьвяртае ўвагі. Батура, яго стаўленік, сказаў па тэлебачаньню, што гэтыя дамы прызнаныя годнымі для пражываньня. Паведаміце ўсім, хай прыедуць, на ўвесь сьвет пакажуць!”

(Спадарыня:) “Я сумняваюся, што гэтыя падлеткі галадаюць, седзячы дома. Жаданьне пачуць пра сябе пахвалу правакатараў, хай па жоўтай “Свабодзе”, вось яны і ідуць на гэтую туфту. Калі не працуе лягічнае мысьленьне, няма ніякага паняцьця ні ў палітыцы, ні ў кіраваньні дзяржавай, хай галадаюць, але па-сапраўднаму і да поўнага крызысу – чысьцей будзе і паветра і зямля”.

“Беларусы! Будзьце пільныя і асьцярожныя! Ацаніце, што адбываецца ў Грузіі і ва Ўкраіне. Гляньце, да якога жыцьця прывялі народ эўра-амэрыканскія лазутчыкі Саакашвілі і Юшчанка! Яны загадзя дамовіліся аб базіраваньні амэрыканскіх войскаў на сваёй тэрыторыі. Узгадайце, што рабілі салдаты Амэрыкі ва Вьетнаме, Карэі, Афганістане, а цяпер у Іраку. Да такога пагрому з разбурэньнем і зьнішчэньнем людзей рыхтуюць Беларусь. Узначальвае гэтую небясьпечную кампанію тыя, хто стаў у апазыцыю, пры падтрымцы сваіх родных душаў і бязмозгай моладзі. Зьвярніце ўвагу на паводзіны Мілінкевіча. Гэты валацуга пастаянна езьдзіць за мяжу на нейкія сходкі і згаворы, а потым цягаецца па Беларусі, каб вешаць лапшу на вушы, абяцаючы вільготнае жыцьцё, якое зробяць нам чужыя дзядзі. Так зрабілі Саакашвілі і Юшчанка, а вынік атрымаўся сумны. Беларусам трэба берагчы свайго Лукашэнку! Ён сапраўды працуе ад душы на карысьць сваёй краіны і народу. Ні ў воднай краіне сьвету няма райскага жыцьця, цяжкасьці ёсьць паўсюль і будуць – такое жыцьцё!”

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак:) “Дзясяткі моладзевых актывістаў “маладафронтаўцаў” у Салігорску і іншых гарадах ужо колькі дзён галадаюць, а апазыцыя, палітычныя рады і партыі ніяк не рэагуюць на гэты вызаў новай хвалі дэмакратыі. Толькі некалькі палітыкаў, у тым ліку і Аляксандар Казулін з-за кратаў, зьвярнуліся да актывістаў з прапановай спыніць галадоўку. На мой погляд, апазыцыя, як і ў адносінах да стварэньня палатачных гарадкоў, аказалася непадрыхтаванай да гэтага самаахвяраваньня моладзі. Дарэчы, моладзь сама вырашае, як дзейнічаць. Але палітычная рада павінна ня толькі падтрымаць гэтую непрадугледжаную “кроў за дэмакратыю”, але і распаўсюдзіць інфармацыю па ўсім рэгіёнам у навучальных установах, зьвярнуцца да моладзі краіны і выказаць свае адносіны да законных патрабаваньняў галадоўнікаў – спыніць рэпрэсіі, вызваліць з-за кратаў палітзьняволеных. Але рада працуе па асабістаму рахунку, робячы ваяжы ў тыя ж рэгіёны па катораму кругу. У які раз палітрада апазыцыі выказвае сваю няздольнасьць прымаць дастойныя апазыцыі тэрміновыя захады”.
XS
SM
MD
LG