Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галадоўка — праява слабасьці й бездапаможнасьці”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 4 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з найбольш значных падзеяў мінулага тыдня — масавая галадоўка, пачатая салігорскімі маладафронтаўцамі, да якой далучыліся актывісты зь іншых беларускіх гарадоў. Моладзь патрабуе спыніць крымінальны перасьлед сваіх лідэраў і вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Гэтая тэма знайшла водгук і ў нашай пошце. Вось які электронны ліст даслаў студэнт Аляксандар Азарка зь Менску:

“Галадоўка — праява слабасьці і бездапаможнасьці. Сумна назіраць, што апазыцыйная моладзь ня здольная на вялікія ўчынкі. Няўжо ім незразумела: нікому й нічога яны сваім галадаваньнем не дакажуць. Большасьць насельніцтва пра гэтую іх акцыю папросту не даведаецца — як ня ведае і пра сьціплыя пікеты ды флэш-мобы. А ўладзе на гэтыя галадоўкі начхаць. Улада баіцца толькі сілы. Сіла — у грамадзкіх пратэстах і ў маштабных акцыях. На гэта сёньня ня здольная ні апазыцыя ў цэлым, ні яе моладзевая частка. Так што галадоўнікі калі каму і нашкодзяць, дык толькі ўласнаму здароўю. Я б на іх месцы пайшоў іншым шляхам”.

Паспрачаюся з вашым, спадар Азарка, сьцьвярджэньнем, што галадоўка — праява слабасьці. На такі крок можа адважыцца толькі моцны духам чалавек, цьвёрда перакананы ў справядлівасьці сваіх патрабаваньняў. І грамадзкі розгалас гэтыя пратэсты выклікаюць, і ўладзе іх не заўсёды ўдаецца ігнараваць. Вядома, шматтысячныя акцыі пратэсту здольныя прывесьці да іншых, значна больш маштабных наступстваў. Але гэтыя маладыя людзі робяць тое, што могуць у гэтых умовах і пры гэтых грамадзкіх настроях.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, які здаўна захапляецца паліталягічнымі практыкаваньнямі, гэтым разам спрабуе зазірнуць у будучыню Беларусі і беларуска-расейскіх дачыненьняў.

“Дынаміка падзеяў сьведчыць: у наступныя гады Масква ўсё больш будзе дыктаваць свае ўмовы Лукашэнку (а не наадварот, як гэта было ў 1996—2005 гадах. Задача Гарбачова ў справе ўтрыманьня трох кольцаў імпэрыі напрыканцы 1980-х гадоў была на два парадкі больш складанай і выдаткаёмістай, чым утрыманьне цяпер Расеяй свайго заходняга выступу ў кірунку Эўропы. З другога ж боку, сам Лукашэнка будзе адчуваць нейкую неабходнасьць мадэрнізацыі сваёй сыстэмы.

Тут адметны нядаўні даклад намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Суркова, у якім ён недвухсэнсоўна заявіў: будучая эканамічная й кіроўная эліта Расеі будзе фармавацца на базе партыі “Адзіная Расея”. Такім чынам, будзе створаная кляса элітнай расейскай буржуазіі. Відаць, гэтым жа шляхам вымушаны будзе ісьці і Лукашэнка. Магчыма, па дамове з Масквой ён расьцягне падобны працэс у Беларусі яшчэ на адну прэзыдэнцкую кадэнцыю (з 2011 па 2016 гады). Бо ў яго, адрозна ад Пуціна, ёсьць большая рэзэрва часу для таталітарнага кіраваньня. Але Масква немінуча падвядзе Лукашэнку да неабходнасьці такіх мераў, і пры гэтым прасочыць, каб будучая буржуазія была эўразійскай, намэнклятурнай і ненавідзела эўрапейскія парадкі”.

Кляса новых уласьнікаў у Расеі ўжо сфармавалася, спадар Марціновіч. Такі ж працэс адбываецца і ў Беларусі. І, відавочна, вы маеце рацыю: рана ці позна маштабная прыватызацыя чакае і беларускую эканоміку — нягледзячы на ўсю антыпрыватызацыйную рыторыку Аляксандра Лукашэнкі. Не таму, што гэтага будзе дамагацца ад Менску маскоўскі Крэмль. Проста гэта вымусяць зрабіць законы эканомікі. Дзяржава — ня самы лепшы ўласьнік і мэнэджар, і ва ўмовах канкурэнцыі гэта становіцца відавочным. Што да палітычных схільнасьцяў новых уласьнікаў, то даволі цяжка ўявіць, што сярод бізнэс-эліты, якая мае справу з Захадам і ў многім імкнецца пераймаць заходнія стандарты жыцьця й бізнэсу, будуць панаваць антызаходнія настроі.

Ліст ад Мікалая Шумілы з Кобрына. Слухач напісаў нам пад уражаньнем ад словаў Аляксандра Лукашэнкі падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі. Зьвяртаючыся да вэтэранаў і моладзі, Лукашэнка тады сказаў: “Калі толькі мы бяз бою аддадзім нашу зямлю, нашу краіну, нас праклянуць ня толькі дзеці — нашы ўнукі і праўнукі будуць гэта памятаць”. Мікалая Шумілу гэта выказваньне ўсхвалявала:

“Гэта чые ж дзеці і ўнукі будуць так плакаць па рабстве? У людзей забралі ўсё — зямлю, інвэнтар, быдла, пабудовы… Што ж ім у такім разе абараняць? Сваё калгаснае рабства? Людзі нашы жывуць бедна, і пра будучыню мала думаюць. Ня дай Бог, здарыцца якая бяда — вайна, землятрус, эпідэмія — баюся, што чакаюць нас голад ды хваробы. Запасу ў лядоўнях добра калі на тыдзень. Ад гаспадаркі вясковыя жыхары цяпер пазбаўляюцца, кароваў не трымаюць, зямлю не апрацоўваюць. У многіх на падворках засталіся ў лепшым выпадку козы ды куры. Асабіста ў мяне цяпер спадзяваньне толькі на Мілінкевіча, Казуліна ды на нашу разумную і здаровую моладзь”.

Многія заўважылі, што ў публічных выказваньнях прэзыдэнта Лукашэнкі апошнім часам сталі выразна гучаць ваяўнічыя ноты — нібы Беларусь апынулася ў атачэньні ворагаў, якія толькі і мараць аб агрэсіі і акупацыі чужой зямлі. У сапраўднасьці ж эўрапейскі кантынент пасьля дзьвюх усясьветных войнаў мінулага стагодзьдзя здолеў аб’яднацца вакол дэмакратычных агульначалавечых каштоўнасьцяў — і сёньня як ніколі раней далёка ад глябальных узброеных сутыкненьняў. Няўтульна і няўпэўнена пачуваюцца толькі тыя рэжымы, якія самахоць выпалі з гэтага агульнаэўрапейскага працэсу. Зьнешні вораг, атмасфэра небясьпекі й пагрозы патрэбныя ім галоўным чынам дзеля таго, каб апраўдаць у вачах уласных грамадзянаў сваю палітыку і яе ўнутраныя і міжнародныя наступствы.

Наш слухач Юры Гіль зь Вільні вяртаецца да тэмы візавых абмежаваньняў, уведзеных Эўразьвязам і ЗША адносна высокапастаўлекных беларускіх чыноўнікаў, датычных да правядзеньня мінулай выбарчай кампаніі ў Беларусі:

“Асабіста я і многія мае сябры далучаем свой голас, каб пашырыць сьпіс тых асобаў, якія ўключаны ў гэты ганебны пералік. У яго абавязкова трэба ўключыць і многіх іншых. Напрыклад, усіх тых эстрадных вакалістаў, якія езьдзілі па гарадах і вёсках ды агітавалі за Лукашэнку. Былі там і расейскія поп-фанэршчыкі. Гэтыя гастралёры ніводнай беларускай песьні ня выканалі. Няблага было б, каб і Паліна Смолава сядзела пры ўладзе і ня езьдзіла на “Эўрабачаньне”. Што ёй рабіць сярод прыстойных прафэсіяналаў? А сапраўдныя нашы героі — гэта моладзь з плошчы Каліноўскага. Ім — гонар і хвала!”

Гэты ліст спадар Гіль пісаў яшчэ да фіналу конкурсу “Эўрабачаньня”. Вынік выступу там беларускай прадстаўніцы Паліны Смолавай цяпер вядомы — яна заняла адно з апошніх месцаў і ня трапіла ў фінальную частку спаборніцтваў.

Мне, спадар Гіль, ужо неаднойчы даводзілася адказваць на падобныя допісы пра мэтазгоднасьць пашырэньня сьпісу “неўязных”. Мэта гэтых санкцыяў — у тым, каб даць сыгнал, папярэдзіць найперш тых высокапастаўленых чыноўнікаў, якія прымаюць рашэньні, ад якіх залежыць палітычны курс краіны. Калі ж уключаць у сьпіс усіх дробных выканаўцаў уладных рашэньняў (якія часта ня маюць выбару — выконваць гэтыя загады ці не выконваць), то гэты пералік вырасьце да вялізных маштабаў. Бо ў Беларусі асноўны працадаўца — дзяржава, і, страціўшы дзяржаўную службу, многія людзі проста рызыкуюць застацца бяз сродкаў для існаваньня.

Кароткі ліст ад Уладзімера Кулінковіча з Магілёва:

“Яшчэ нядаўна мне здавалася, што ў Беларусі няма народу. Народ — ва Ўкраіне, Грузіі, Кыргызстане, але — ня ў нас. У нас — насельніцтва. Але падзеі сакавіка-красавіка пахіснулі гэтыя ўяўленьні. Я раптам зразумеў, што ў сьцюдзёныя сакавіцкія дні і ў нас на плошчы Каліноўскага ў Менску нарадзіўся народ. А таму — Беларусь будзе жыць”.

На гэтую ж тэму — фрагмэнт зь ліста Сьвятланы Башко з Маладэчна:

“Якім бы безнадзейным ні выглядала становішча, я ўпэненая, што зьмены — хуткія. Я адчуваю гэта з размоваў са сваімі сябрамі й знаёмымі, у настроях выкладчыкаў у тэхнікуме, у агульнай атмасфэры. А каб зьмены адбыліся, кожнаму з нас трэба прыкласьці хаця б крыху ўласных намаганьняў”.

Напэўна, у тым і справа, Сьвятлана, што гэтыя невялікія намаганьні — самая вялікая праблема для значнай колькасьці людзей. Бо ва ўмовах Беларусі нават самы, здавалася б, нязначны публічны пратэст патрабуе немалой грамадзянскай мужнасьці й адвагі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG