Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік – Лера Сом


Радыё Свабода (Эфір 4 чэрвеня 2006) Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік” Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае філёляг, мастачка, паэтка і грамадзкая актывістка з Полацку Лера Сом.

Позьняя вясна, халодны пачатак лета, мокрыя суквецьці каштанаў пад рэзкім дажджом... Так чакалі вясны. Так чакалі цяпла. Так чакалі свабоды ад цяжкіх зімовых апранах і прыціснутага стану... А цяпер зноўку зьбіраеш волю ў кулак і гаворыш сабе: “Усё яшчэ наперадзе”. А за вакном – дождж, парасоны, лужыны з жоўтай аблямоўкай, 9 градусаў цяпла...

9-13 градусаў цяпла летам і 9-13 градусаў сухога вінчыка – зусім розныя рэчы. Апошнія падымаюць настрой, саграваюць у халоднай кватэры, дзе летам па стабільнай завядзёнцы няма ні ацяпленьня, ні гарачай вады.

Гарачай вады няма, але – раскоша! – яшчэ не дадумаліся адключаць на плянавыя аварыі газ, і можна выцягнуць з гаўбца запыленую балею і пагрэць халодную. Трэба ж людзям хоць неяк абмыцца пасьля работы на сотках! Галоўная навіна для полацкага паспаліцтва – не апошнія выбары, ня кошты на газ, не канцэрт, не выстава, не забаронены “Код да Вінчы”, нават ня голая Маргарыта па тэлевізіі. Галоўнае, што абмяркоўваецца з агнём у вачах – холад, які не дае расьці бульбе ды памідорам з гуркамі. Пра гэта – у настаўніцкіх, цэхах, аўтобусах, чэргах. Ці не адзіная галіна дзейнасьці, дзе чалавек не залежыць ад начальства ўсіх рангаў – корпаньне на “сваім” кавалачку зямлі. Соткавая эміграцыя. Нават зь некаторых уладных кабінэтаў.

І ў некаторых уладных кабінэтах сталі часам пагаворваць пра полацкі мэнталітэт... Пра адчуваньне прыналежнасьці да гісторыі самім фактам нараджэньня ў самым старажытным горадзе на мапе тваёй краіны... А калі зазірнуць трошкі далей ад Сафійскай горкі, ад падлізаных цэнтральных вуліц, зазірнуць у вочы выпадкова сустрэтага палачаніна? Прыватная забудова, напрыклад, у Браславе ці Мёрах нашмат цікавейшая за полацкую. У Полацку, калі не абарочвацца на грувасткія двух– і трохпавярховыя катэджыкі новага часу, паўсюдна ўбачыш абсалютна аднолькавыя двухсхільныя дахі над аднолькавымі выцягнутымі ўздоўж вуліцы вясковымі хацінамі. У палачан усё, як ва ўсіх, усё, “як у людзей” – хата ці кватэра з абавязковай мяккай мэбляю і дываном, базарныя шмоткі, сьвяточныя дні, імёны, мова, думкі.

Думкі... Лунаюць па-над, блукаюць вакол, не даюць спаць... Думкі пра нязьдзейсьненае праз уласную ляноту. Гэтаму апраўданьняў няма.

Апраўданьня няма, але ёсьць прабачэньне. Можна дараваць мноства рэчаў людзям, якія робяць табе балюча. Можна дараваць нават сьвету, што ён такі недасканалы. Толькі сабе не прабачаеш і не даруеш.

Не даруеш ніколі аднаму, даўно знаёмаму начальніку. Не даруеш не таго, што ён перасьледаваў цябе за тваю абсалютна законную палітычную дзейнасьць. Не даруеш адной, выпадкова сказанай пры табе фразы, для прафэсіянала, пад началам якога сотні людзей, недаравальнай:

– Немагчыма было працаваць на пачатку 90-х. Ніхто не казаў, што рабіць!

Што рабіць? Тое, што можаш, на што здатны, да чаго ляжыць душа.

Даведалася, што наладжаная пілігрымка ў гонар Эўфрасіньні. Людзі плывуць на плыце ад Віцебска да Полацка. І такая незвычайная пілігрымка гэтаксама мае права на існаваньне, як шчырая малітва ці пранікнёны верш... Ня вартае ўвагі толькі напісанае і зробленае дзеля каньюнктуры ды прэмій, дзеля ўласнага ўзьвялічваньня, прыцягненьня ўвагі. Добрай дарогі вам, хлопцы!

Хлопцы-маладафронтаўцы трымаюць галадоўку. Факт негвалтоўнага супраціву, факт пошуку мэтадаў барацьбы з тым, чаго ня можаш трываць. Ці важны той факт, што дагэтуль галадоўкі ў гэтай краіне збольшага не прыносілі чаканага выніку? Ці больш важна засьведчыць сваю пазыцыю, свае перакананьні, свой погляд на рэчы, адрозны ад вышэй прынятага? Можа, такія ўчынкі нічога не вырашаюць непасрэдна. Але менавіта яны не даюць спакойна спаць кіраўнікам розных узроўняў. Прынамсі тым, у каго засталося хоць каліўца сумленьня.

Сумленьне... Сум па праўдзівым, сапраўдным, дасканалым месцы, сьвеце, учынку. Сум па сабе ідэальным. Дакор сабе існаму.

Існаваньне асобна ўзятага чалавека ніколі ня будзе незалежным. Нашыя пляны і жаданьні разьбіваюцца аб скалы рэчаіснасьці кожны дзень. Але працягваюць набягаць і набягаць на яе... І так, дзень за днём, на маленечкую пясчынку мяняюць рэальнасьць. Ніводзін камень ня вечны.

Вечныя думкі пра вечнае... Настаўніцкая. Сядзім, пішам бясконцыя, нікому не патрэбныя паперкі аб выніках навучальнага году, пералічваем адсоткі ад добрых і дрэнных адзнакаў, размалёўваем каляровыя графікі, якія колькі год паляжаць у прыгожых плястыкавых папках і пойдуць на макулятуру. Заходзіць адна з настаўніц.

– Сёньня вялікае праваслаўнае сьвята! – Якое? – Ня ведаю, але вельмі вялікае. Працаваць нельга.

Паколькі асноўны кантынгент настаўніцкай залічвае сябе да праваслаўных, пачынаецца высьвятленьне абставінаў. Назву вялікага сьвята так ніхто і не прыгадвае. Але:

– Зьбіралася сёньня на дачу, цяпер не паеду. Працаваць жа нельга.

Жанчына, якая гэтак сказала, бывае ў царкве ў лепшым выпадку раз на год. Не трымае пастоў, наўрад ці ведае хоць адну кананічную малітву. Выпадковыя словы іншага чалавека, прытым не дасьведчанага ў тым пытаньні, пра якое ён выказаўся, зьмянілі яе намеры і пляны. Яна відавочна перажывае за працу, якая застанецца ня зробленай, але не дапускае і думкі забыцца на гэтае безыменнае “сьвята”.

Чарговае сьвята гораду. Вецер і халадрыга. Пустуюць месцы за выстаўленымі на ходнік столікамі. Дурное надвор’е ўтрымала большасьць палачанаў дома, але па цэнтральнай полацкай алеі (праспэкт Карла Маркса) сноўдаецца туды-сюды пэўная колькасьць людзей. Людзі прыйшлі паглядзець на “Горад майстроў”, дзе і падзівіцца ёсьць з чаго, і набыць тое-сёе напалову таньней, чым у краме, можна. Але сталы з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі перамяжаюцца звычайнымі гандлёвымі намётамі з таннымі плястыкавымі пацеркамі, упрыгожаньнямі, кітайскімі цацкамі, якія можна знайсьці на любым звычайным кірмашы. Хто, навошта дазволіў такое суседзтва? Некалькі разоў чула ў натоўпе шчырае абурэньне з гэтай нагоды. Аднак людзей каля тых намётаў ня менела. І гэта надавала ўсяму сьвяточнаму натоўпу адчуваньне лёгкай неадпаведнасьці моманту.

Адчуваньне таго, што ты не такі, як усе, неадольнае. Адчуваньне таго, што ня “ўсе”, а ты маеш рацыю, балючае. Адчуваньне таго, што такіх як ты і лепшых за цябе, дастаткова многа, дае моц выстаяць. Хоць разумееш і тое, што нават калі б ты застаўся адзін, усё роўна стаяў бы да канца.

Мы хворыя на Беларусь, На яе незалежнасьць, сьвятую свабоду. Мы хворыя на Беларусь, І самая хвароба нам за ўзнагароду. Мы хворыя на Беларусь Як героі яе і хварэлі спрадвечна, Мы хворыя на Беларусь, Ты мяне супакойваеш, што невылечна Любоў. Мы хворыя на Беларусь, На яе залатую, салодкую мову, Мы хворыя на Беларусь, І душу працінае нам кожнае слова... Мы хворыя на Беларусь... І для нас яе замкі, палацы і храмы, Мы хворыя на Беларусь, Ты мяне разумееш, бо хворы таксама, Як я. Мы хворыя на Беларусь! Трэба годна хварэць на любоў да Радзімы. Мы хворыя на Беларусь І яна застанецца навечна адзінай. Мы хворыя на Беларусь, У жыцьці гэта толькі аднойчы бывае. Мы хворыя на Беларусь, І яна нам адказвае, ты адчуваеш Яе?..

Гл.таксама • Архіў перадачы "Прыватны дзёньнік"
XS
SM
MD
LG