Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Некаторыя непаўналетнія спыняюць удзел у галадоўцы


Ганна Соўсь, Менск Восьмы дзень працягваецца масавая моладзевая галадоўка пратэсту. У ёй бяруць удзел каля 40 актывістаў зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Галадоўнікі патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў “Маладога фронту”, а таксама вызваліць палітычных зьняволеных у Беларусі. Сёньня частка непаўналетніх удзельнікаў акцыі спынілі галадоўку.

Сёньня кіраўніцтва “Маладога фронту” заклікала ўсіх няпоўнагадовых актывістаў спыніць удзел у галадоўцы.

Гаворыць лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Захапляючыся мужнасьцю і рашучасьцю гэтых хлопцаў і дзяўчат, мы ня можам браць на сябе такой вялікай адказнасьці за іх здароўе і жыцьцё. І ўжо вядома, што цяпер некаторыя няпоўнагадовыя спыняюць свой удзел у гэтай акцыі. Далей акцыя будзе працягвацца паўнагадовымі актывістамі”.

Зьміцер Дашкевіч кажа, што колькасьць удзельнікаў галадоўкі ня толькі не паменшыцца, але і будзе расьці, паколькі да акцыі штодня далучаюцца новыя людзі з розных куткоў Беларусі. 19-гадовы мянчук Аляксей Янушэўскі галадае ўжо восьмы дзень у сваёй кватэры.

(Янушэўскі: ) “Адчуваю сябе больш-менш нармальна. Ёсьць стомленасьць. Я ня надта аптымістычна стаўлюся да таго, ці пойдуць улады на нейкія кампрамісы, але тое, што грамадзтва ў Беларусі і за межамі нашай краіны будзе ведаць пра тое, што ў Беларусі галадае моладзь, і што гэта ўжо апошні крок, на які можна пайсьці, — гэта дасьць нейкі плён”.

Галадоўнікі ў Жодзіне ўжо адчулі рэакцыю ўладаў, але не датычна выкананьня патрабаваньняў спыніць крымінальны перасьлед апазыцыйнай моладзі. Гаворыць Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Нас шукаў намесьнік кіраўніка міліцыі. Сёньня ўжо тэлефанавалі з КДБ. Таксама спрабуюць даведацца, што мы робім і як”.

Сам Зьміцер Чарткоў галадае дома ўжо чацьверты дзень, а вось моладзевы актывіст Сяржук Давідзенка вымушаны спалучаць галадоўку з працай на прадпрыемстве “БелАЗ”.

(Давідзенка: ) “Я электраманцёр. Імкнуся шмат ня рухацца, захоўваю энэргію”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вашыя калегі ставяцца да таго, што вы трымаеце галадоўку?”

(Давідзенка: ) “Тут такі кантынгент, што палітыкай не цікавіцца. Ніхто не разумее, дзеля чаго мы гэта робім”.

Студэнт філялягічнага факультэту Гарадзенскага ўнівэрсытэту Зьміцер Цесьлянок гэтаксама вымушаны спалучаць галадоўку са здачай іспытаў.

(Цесьлянок: ) “Безумоўна, складана, але ўжываю мёд і гатаваную ваду. Людзі па-рознаму рэагуюць. Адныя кажуць — трымайцеся, другія — спыняйце”.

Як паведаміў Радыё Свабода лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, на гэтым тыдні плянуецца стварыць агульны цэнтар галадоўкі, і тады ўсе ўдзельнікі акцыі будуць знаходзіцца разам у адным памяшканьні ў Менску.

Удзельнікі акцыі накіруюць зварот у адміністрацыю прэзыдэнта, КДБ і МУС з наступнымі патрабаваньнямі: спыніць крымінальныя справы супраць лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Сержука Лісічонка, Сержука Марчыка й Алега Корбана, а таксама адмяніць незаконныя прысуды й неадкладна вызваліць Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Андрэя Клімава, Мікалая Астрэйку, Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку, Цімафея Дранчука, Зьмітра Зубра, Аляксандра Казакова.

Выстаўленыя і дадатковыя патрабаваньні: аднавіць на вучобе выключанага з салігорскага ПТВ №72 Максіма Сяменчыка і выключанага зь Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Аляксея Янушэўскага.
XS
SM
MD
LG