Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штамп дазволу на выезд за мяжу можа быць скасаваны з 2008 году


Радыё Свабода, Менск Міністэрства ўнутраных справаў рэкамэндуе грамадзянам Беларусі не афармляць штамп дазволу на выезд ва ўсе краіны сьвету больш як на два гады. Як паведамілі ў Дэпартамэнце грамадзянства й міграцыі згаданага ведамства, ад 31 сьнежня 2007 году дазвольныя запісы плянуецца скасаваць. Падобнага рашэньня Канстытуцыйны суд Беларусі дамагаецца ад 2002 году.

На хадайніцтва экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча Канстытуцыйны суд пастанавіў адмяніць дазвольны запіс яшчэ ў верасьні 2002 году. І гэтае рашэньне, паводле намесьніка кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксея Бегуна, урэшце трэба выконваць.

(Бягун: ) “Адназначна, што гэтае пытаньне разгледжанае і на калегіі МУС, і прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь пастаўленая такая задача. Але юрыдычна гэта можна зрабіць толькі законам, гэта па-першае. Па-другое, неабходна стварыць адпаведныя ўмовы для таго, каб асобы, абмежаваныя ў праве на выезд, з краіны выехаць не змаглі, а асобы, не абмежаваныя ў гэтым праве, вольна б выяжджалі й прыбывалі на тэрыторыю іншай дзяржавы. Найбліжэйшым часам мы яшчэ больш актывізуем працу дзеля стварэньня ўмоваў, каб штамп скасаваць”.

Паводле Аляксея Бегуна, цягам трох гадоў адбудзецца чарговая пашпартная “рэвізія”: будуць уведзеныя біямэтрычныя пашпарты зь лічбавым здымкам уладальніка, адбіткам пальцаў, зьвесткамі пра рост і вагу. Паралельна ствараецца адзіная сыстэма ўліку грамадзянаў, якая знаходзіцца ў кампэтэнцыі Дзяржаўнага памежнага камітэту. Між тым, ва ўпраўленьні памежнага кантролю згаданага ведамства заявілі, што хоць сёньня гатовыя адмовіцца ад патрабаваньня наяўнасьці дазвольнага запісу.

(Прадстаўнік упраўленьня: ) “Падрыхтоўка і афармленьне дакумэнтаў для выезду за мяжу ўваходзіць у кампэтэнцыю Міністэрства ўнутраных справаў. Памежныя войскі толькі выконваюць нарматыўна-прававыя акты і заканадаўства Рэспублікі Беларусь. І калі на ўзроўні дзяржавы будзе прынятае рашэньне адзнаку скасаваць, то мы гатовыя хоць зараз гэтую функцыю не выконваць. Бо мы фігуруем толькі як выканаўцы”.

Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі ў справах скасаваньня дазвольнага штампу Валянцін Шуклін вітае рашэньне МУС, аднак кажа, што трэба пачакаць з абвяшчэньнем канчатковай даты, бо дагэтуль абвяшчаліся зусім іншыя тэрміны скасаваньня дазвольнага запісу.

(Шуклін: ) “Варта пачакаць, наколькі ўсё гэта будзе зроблена апэратыўна. Таму што яшчэ некалькі гадоў таму прэзыдэнт паставіў задачу, праект закону падрыхтаваны, які мусіць быць цяпер разгледжаны і прынятыя адпаведныя захады да выкананьня, перадусім, указам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і заключэньня Канстытуцыйнага суду. Вось давайце і паглядзім, наколькі чыноўнікі выконваюць прадпісаньні прэзыдэнта й наколькі яны выконваюць заключэньні Канстытуцыйнага суду”.

Меркавалася, што штампы зьнікнуць з пашпартоў ад пачатку 2006 году. Аднак шэраг ведамстваў, перадусім, МУС і Дзяржаўны камітэт памежных войскаў, заявілі, што дадзеная працэдура дазваляе кантраляваць людзкі паток празь мяжу і адпаведнай замены яму ня знойдзена.

У Міністэрстве ўнутраных справаў адмовіліся пракамэнтаваць, ці будуць у выпадку скасаваньня штампу кампэнсаваныя сумы, якія грамадзяне ўжо заплацілі за афармленьне дазвольнага запісу ўключна да 2011 году. Пасьля таго, як ад 2006 году штамп з пашпартоў ня зьнік, як было абяцана, бальшыня заяўнікаў аплацілі пошліну на пяць гадоў. Нагадаю, што дзеяньне штампу на кожны год каштуе 31 тысячу рублёў.
XS
SM
MD
LG