Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Мілінкевіч і А.Казулін падтрымалі галадоўнікаў


Ганна Соўсь, Менск Восьмы дзень працягваецца галадоўка апазыцыйнай моладзі. У ёй бяруць удзел каля 40 актывістаў зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Галадоўнікі патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед актывістаў “Маладога фронту”, а таксама вызваліць палітычных зьняволеных у Беларусі.

Кіраўніцтва “Маладога фронту” сёньня заклікала ўсіх непаўналетніх актывістаў спыніць удзел у гэтай акцыі. Тым часам да галадоўкі далучаюцца новыя людзі з розных куткоў Беларусі.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч падтрымаў галадоўнікаў і бліжэйшымі днямі зьбіраецца наведаць салігорскіх удзельнікаў акцыі.

(Мілінкевіч: ) “Тое, што робіць улада з арганізацыямі “Малады фронт” і “Партнэрства” – гэта, безумоўна, шаленства. Маладыя людзі ня могуць зарэгістравацца, а за тое, што яны хочуць рабіць штосьці для радзімы, іх проста хочуць судзіць і пасадзіць у турму. Я лічу, што гэта – людзі, якія маюць гонар і годнасьць. І я падтрымліваю іхную акцыю і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб аб гэтай акцыі даведаліся кіраўнікі дэмакратычных краінаў. Я лічу, што мы павінны далучыць грамадзянскую супольнасьць і дзяржавы Эўропы да падтрымкі гэтай моладзі”.

Лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандар Казулін праз адваката з-за кратаў перадаў словы падтрымкі ўдзельнікам галадоўкі, заўважыўшы, што сучасная беларуская моладзь у сваёй актыўнай частцы здольная на гераічныя ўчынкі. “Моладзь ня можа жыць па-ранейшаму. Па сутнасьці, улада сама штурхае людзей на выкарыстаньне такіх скрайніх мэтадаў пратэсту, як галадоўка”, гаворыцца ў заяве Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG