Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: дзясяткі тысяч наведалі фэст нацыянальных культур (фота)


Радыё Свабода, Горадня У Горадні шосты раз адбыўся Усебеларускі фэст нацыянальных культураў. Паводле ўладаў, на яго прыехалі 25 суполак. З 2 да 4 чэрвеня удзельнікі фэсту сьпявалі, танчылі, а гарадзенцы мелі магчымасьць пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні розных народаў. На сьвяце пабываў карэспандэнт "Свабоды".

Бадай самым відовішчным зьяўляецца шэсьце ўдзельнікаў суполак, зь якога распачынаецца фэст. Раней маршрут быў з плошчы Леніна празь пешаходную вуліцу Савецкую, дарэчы са старасьвецкай забудовай, да плошчы Савецкай.

Цяпер удзельнікі крочылі ў адваротным кірунку: галоўная пляцоўка сьвята была каля статуі Леніна, якую ўлады схавалі пад белым балахонам разам з пастамэнтам. Праўда, на наступны дзень балахон зьнялі.

Я стаяў на ганку былога віцэ-губэрнатарскага палацу з калёнамі на вуліцы Элізы Ажэшкі, у якім цяпер аблвыканкамаўская сталоўка. Прадстаўнікі суполак гралі пад час шэсьця на сваіх нацыянальных інструмэнтах. Удзельнікі ішлі ў сваіх нацыянальных строях, трымалі сьцяжкі і махалі рукамі публіцы, якая стаяла абапал вуліцы. Я разам з усімі вітаў немцаў, грэкаў, палестынцаў…

Улады былі задаволеныя лічбамі: на першым фэсьце ў 1996 годзе было 11 суполак, а цяпер — 25. Тым часам у калёне крочыла ўсяго адна сям’я таджыкаў з чатырох чалавек, а узьбечка была ўвогуле адна. Улады паўтаралі, што сьвята — выключнае. Паводле старшыні аблвыканкаму Саўчанкі, яму наагул няма аналягаў у цэлым сьвеце.

У кірмашы пад час фэсту браў удзел мастак Зьміцер Іваноўскі:

(Іваноўскі:) “У нас вучацца адпачываць, у нас народ жыве ад фэервэрку да фэервэрку, і гэтых фэервэркаў з кожным разам усё больш становіцца. Калі мы штосьці робім, то мы хочам усіх пераканаць у тым, што гэтае самае вялікае, самае моцнае і самае пампэзнае”.

Дарэчы, улады прагназавалі, што сьвята наведае 150 тысяч чалавек — палова насельніцтва Горадні. У невялікім Старым горадзе напраўду сабраліся дзясяткі тысяч чалавек: праз натоўп часам было цяжка прайсьці, з усіх бакоў грала неверагодна гучная музыка, і на кожным кроку смажылі шашлык.

Асобна ад усіх свой фальклёрны фэст зладзіў не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. На пляцоўцы Генэральнага консульства Польшчы выступілі ансамблі з Горадні, Наваградку і Менску. Але ня змог выступіць шчучынскі гурт, ягонага кіраўніка Эдварда Гайдукевіча пасадзілі на трое сутак. Фэстам зацікавіліся некалькі беларускіх вайскоўцаў, аднак польская ахова прымусіла іх пакінуць пляцоўку.

Фотарэпартаж


"Сьвята народаў Беларусі"


Беларускія грэкі


Беларускі гурт


Былы апазіцыйны палітык і экс-кандыдат на прэзыдэнта Сямён Домаш на сьвяце вучыць свайго ўнука страляць ў ціры


агульнанацынальная страва фэсту - шашлык

Гл.таксама • Фэст нацыянальнасьцяў у Горадні – Леніна часова схавалі (фота)
XS
SM
MD
LG