Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Шклоўскія навіны”: "Хто выратуе саўгас "Гарадзец"?


Радыё Свабода Агляд незалежных СМІ 5 чэрвеня

Пад рубрыкай "Візаві" у "Белгазете" беларус Сяргей Алейнікаў і ўкраінец Алег Пратасаў разважаюць пра шанцы ўкраінскай зборнай на чэмпіянаце сьвету па футболу."Украіна аддуваецца за ўсіх", бо ні беларусы, ні расейцы на чэмпіянат сьвету ў Нямеччыне ня трапілі.

А асноўная тэма панядзелкавага нумару "Белгазеты" – праграма дзеяньняў беларускага ўраду да 2010 году. "Высока замахнуўся" – дае ацэнку плянам прэм''ера Сідорскага аглядальнік "БГ" Віктар Марціновіч. А Андрэю Падвіцкаму ўрадавая праграма вельмі нагадвае міжзьездаўскую публіцыстыку позьняй КПСС. Рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва, паводле абяцаньняў ураду, складзе 49-56%, рэальныя заробкі ўзрастуць на 58%. Пэнсіі павялічацца ажно ў 2 разы...

Тыднёвік "Белорусы и рынок" мяркуе, што "Цана на газ праверыць беларускую мадэль на эканамічную здатнасьць". Эканаміст Валер Дашкевіч спрабуе прадказаць найбольш верагодныя наступствы для беларускай эканомікі пры падвышэньні кошту на газ. Так, рост унутранага валавога прадукту зьнізіцца да нулявой адзнакі і нават можа стаць адмоўным. Сукупная інфляцыя складзе 20-22%, удзельная вага стратных прадпрыемстваў можа дасягнуць 60%, рэальныя даходы насельніцтва будуць мець ўстойлівую тэндэнцыю да зьніжэньня.

"Борисовские новости" распавядаюць пра пачатак рэалізацыі ў Беларусі праекту ліквідацыі проціпяхотных мін. Паказальная акцыя прайшла на Барысаўскім агульнавайсковым палігоне. На дэманстрацыйных выбухах прысутнічалі прадстаўнікі НАТО, Эўразьвязу, АБСЭ, а першую закладку з 80 мін ўзьняла ў паветра націскам кнопкі сталая прадстаўніца ААН у Беларусі спадарыня Джыхан Султанаглу.

"Шклоўскія навіны": "Хто выратуе саўгас "Гарадзец"? У гаспадарцы пасьля зыходу Аляксандра Лукашэнкі за 12 гадоў зьмянілася 11 кіраўнікоў. Сярэдні заробак у рабочых, паводле кіраўніцтва саўгасу – 200 тысяч, самі рабочыя кажуць, што атрымліваюць ня больш за 100 тысяч. Падчас бунту мэханізатараў напярэдадні сяўбы ў "Гарадзец" прыяжджала шэф – старшыня "Беларусбанку" Надзея Ермакова, якая паабяцала ўзьняць заробкі да 300 тысяч, а памочніку прэзыдэнта Лаўранкову даручана знайсьці новага дырэктара на аклад у 700 даляраў. "Можа, багатыя шэфы выратуюць гаспадарку?" – ставяць пытаньне "Шклоўскія навіны".
XS
SM
MD
LG