Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абвясьціў пра спрыяньне бізнэсу. Ці вераць у гэта бізнэсоўцы?


Радыё Свабода Урад абвясьціў пра пляны пераменаў у стаўленьні да прадпрымальніцтва. У праграме разьвіцьця бізнэсу ў Беларусі на бліжэйшую пяцігодку вызначаны імклівы рост колькасьці бізнэсоўцаў, якія павінны скласьці чвэрць працаздольнага насельніцтва.

Прадстаўляючы 2 чэрвеня праект праграмы дзеяньняў ураду да 2010 году, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў пра значны прагрэс, які чакае сфэру беларускага прадпрымальніцтва. Мяркуецца, напрыклад, што доля даходаў ад дробнага бізнэсу ўзрасьце праз пяць гадоў на 30 працэнтаў. Істотна, паводле ўрадавага дакумэнту, зьменіцца стаўленьне жыхароў краіны да гэтай сфэры. Праз пяць гадоў, як вынікае з тлумачэньня Сідорскага, тут будзе працаваць кожны чацьвёрты беларус. Урадавыя чыноўнікі лічаць праграму рэальнай. Вось што паведаміў Радыё Свабода намесьнік кіраўніка дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Яўген Сямёнаў.

(Сямёнаў: ) “Прадугледжаны дадзены паказчык. Будуць выканкамы прымаць меры па стымуляваньні дзейнасьці па стварэньні спрыяльных умоваў, нарошчваньню аб’ёмаў. Да 2010-га трэба давесьці долю выручкі да 30 працэнтаў. І новыя суб’екты павінны зьявіцца, і новыя работнікі і г.д.”

А вось меркаваньне пра ўрадавую праграму актывіста прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Леаніда Невара.

(Невар: ) “Гэта проста мара Сідорскага. Таму што тое, што насамрэч робіцца з прадпрымальніцтвам, і тое, што ўжо зроблена, гэта ні ў якім разе не павялічыць колькасьць прадпрымальнікаў. Таму што яны бачылі, які ідзе перасьлед з боку ўсіх дзяржаўных структур, пачынаючы ад падатковых інспэкцыяў і заканчваючы міліцыяй”.

Паводле Сідорскага, урад разьлічвае заахвоціць грамадзянаў да занятку бізнэсам шляхам зьменаў заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць гэтай сфэры. У прыватнасьці, прэм’ер паведаміў, што мяркуецца зьмяніць прынцып рэгістрацыі прадпрымальнікаў і прадпрымальніцкіх структур. Вось як пракамэнтаваў гэтыя пляны вядомы экспэрт у сфэры гаспадарчага права Сяргей Балыкін.

(Балыкін: ) “Я маю асабісты досьвед працы ў сфэры бізнэсу, найперш дробнага. І я лічу, што нічога ў спадара Сідорскага не атрымаецца. Бо наша краіна ўжо 10 гадоў спрабуе зрабіць нейкі добры парадак рэгістрацыі, але ж нічога пакуль у яе не атрымалася. Я дадам, што заяўляльны парадак рэгістрацыі ўжо абяцалі прадпрымальнікам і абяцалі неаднаразова, але ж насамрэч атрымліваецца, што ўсё, што наша дзяржава ні робіць, то для прадпрымальнікаў гэта горш. Таму я лічу, што няма ніякіх падставаў спадзявацца, што дзяржава пойдзе на істотныя паляпшэньні клімату для прадпрымальнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG