Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета – найвялікшая гібель рыбы


Радыё Свабода Сёньня – Усясьветны дзень навакольнага асяродзьдзя, які быў заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Асноўная мэта мерапрыемстваў – прыцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці да праблемаў экалёгіі. Асаблівую актуальнасьць гэтай тэме ў Беларусі надаюць некалькі здарэньняў, што адбыліся напярэдадні.

Тры дні запар у рэчышчы палескай Ясельды ля вёскі Стрыгінь Бярозаўскага раёну павялічвалася колькасьць дохлай рыбы. Мясцовыя жыхар Мікалай Трызна кажа, што землякі нават не здагадваліся, якія вялікія вадзіліся тут шчупакі, карасі, акуні.

(Трызна: ) “Рыба была прыбітая да берагоў. Налічылі 14 відаў. Вада сьмярдзела”.

Паводле сакратара мясцовага сельсавету Жанны Вакулінай, дохлую рыбу знаходзяць на працягласьці некалькіх кілямэтраў ракі. Прычыны экалягічнага здарэньня невядомыя й сёньня, кажа суразмоўца.

(Вакуліна: ) “Я літаральна ўчора тэлефанавала ў рыбную інспэкцыю. Там кажуць, што пакуль вынікаў лябараторных аналізаў няма. Інспэктары ня могуць назваць прычыны здарэньня”.

Гібель рыбы ў Бярозаўскім раёне – пятае па ліку буйное экалягічнае здарэньне на рэках Беларусі, якое зафіксавала за апошнія паўтара месяца дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пры прэзыдэнце. Раней такія выпадкі адбыліся ў Капыльскім, Мсьціслаўскім ды Бабруйскім раёнах. “У траўні ў Сьвіслачы загінула амаль сем тонаў рыбы коштам на адзін мільярд рублёў”, – паведаміла ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода супрацоўніца дзяржаўнай інспэкцыі Ірына Жылінская.

(Жылінская: ) “Усе матэрыялы накіраваныя ў пракуратуру. Увогуле распачынаецца крымінальная справа, бо страты набылі вельмі вялікі маштаб. Ведаеце, не было яшчэ, каб адзін выпадак за другім за такі кароткі час”.

Як вядома, сёлета ў Беларусі набылі сілу новыя правілы вядзеньня рыбнай гаспадаркі й рыбалоўства. Як даводзіць эколяг Валеры Дранчук, гэты прэзыдэнцкі дакумэнт абавязвае перадусім інспэктараў лавіць ды караць браканьераў.

(Дранчук: ) “З гэтага яны вельмі камэрцыялізаваліся: штрафы і ўсё! Не хапае, як мне падаецца, прафіляктыкі менавіта на вытворчасьці, сярод прадпрыемстваў. Яны цяпер зьведваюць вялікую беднасьць, і гэта патурае экалягічным здарэньням. Няма прафіляктыкі й папярэджваньня здарэньняў”.

Выбар даты Дня навакольнага асяродзьдзя грунтуецца на тым, што 5 чэрвеня 1972 году ў Стакгольме адбылася Канфэрэнцыя ААН у праблемах навакольнага асяродзьдзя. Тады ж быў пакладзены пачатак Праграме Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў па навакольнаму асяродзьдзю (ЮНЭП).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG