Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Шацікава патрабуе, каб Менгарвыканкам вярнуў ёй рэчы


Радыё Свабода Моладзевая актывістка Крысьціна Шацікава патрабуе ад Менгарвыканкаму вярнуць яе рэчы, якія зьніклі пасьля гвалтоўнага разгону 24 сакавіка намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Яна напісала заяву ў Галоўнае ўпраўленьне Мінгарвыканкаму, патрабуючы вяртаньня рэчаў, якія ёй не далі забраць з сабой у часе затрыманьня.

(Шацікава: ) “Я запатрабавала вярнуць усе рэчы, якія ў мяне там былі: гэта ж мае асабістыя рэчы, я за іх плаціла грошы... Гэта спальнік, гэта вопратка, гэта касмэтыка, гэта майкі – прыкладам, у мяне была майка з надпісам “Достал!” і іншыя. Калі гэта пэўным чынам супрацьзаконна, то няхай спачатку мне яе вярнуць, а потым канфіскуюць паводле закону”.

Крысьціна Шацікава таксама зьвяртае ўвагу Галоўнага упраўленьня ўнутраных справаў на недапушчальныя паводзіны супрацоўнікаў АМАПу ў часе затрыманьня удзельнікаў акцыі пратэсту. Лаянка АМАПаўцаў, гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да арыштаваных зьневажалі гонар і годнасьць арыштаваных, канстатуе заява Шацікавай. Адначасова гэткія дзеяньні сілавікоў, на думку дзяўчыны, дыскрэдытавалі беларускія праваахоўныя органы ў вачох журналістаў, якія прысутнічалі пры ліквідацыі намётавага лягеру.

(Шацікава: ) “На вачох у прэсы гэтак сябе паводзіць...Паказаць зваротны бок свайго добрага імя праваахоўчых органаў... У міліцыі ёсьць нармальныя людзі. І сорамна ня толькі за сваю краіну, але і за тое, што яны кампрамэтавалі сваімі паводзінамі тых, хто варты павагі.”

У прэс-службе Галоўнага упраўленьня унутраных спраў паведамілі: адказу на заяву Крысьціна Шацікава паводле закону мусіць чакаць цягам двух тыдняў. Але тэрмін разгляду заявы можа быць падоўжаны.

(Прэс-служба ГУУС: ) “Да 15 чэрвеня яна павінна атрымаць адказ – гэта максымум. Але ж, калі будуць нейкія складанасьці, тэрмін гэты можа быць працягнуты. Я мяркую, там былі ня толькі асабістыя рэчы, там было і шмат сьмецьця. Магло нешта і зьнікнуць. Але наўрад ці.”

Крысьціна Шацікава была ў лягеры ад першага да апошняга дня і дапамагала ў арганізацыі аховы. Пасьля гвалтоўнага затрыманьня ўдзельнікаў акцыі да суда правяла ў турме 4 сутак. Афіцыйна была пакараная штрафам у памеры 620 тысячаў беларускіх рублёў.
XS
SM
MD
LG